Беларуская АЭС: погляд знутры

Мы вырашылі паразмаўляць са звычайнымі будаўнікамі і інжынерамі, якія працуюць на аб’екце. Таксама не пакінулі без увагі звычайных людзей, якія жывуць побач з будоўляй. Па этычных прычынах імёны суразмоўцаў не называем.

align=”” alt=”БелАЭС, АЭС” width=”515″ height=”341″ > 

Дарога да БелАЭС

 

Першы наш суразмоўца, мужчына сярэдніх гадоў, які працуе падсобнікам на будоўлі АЭС, распавёў пра нізкія заробкі на цяжкай працы ды цікаўнасць будаўнікоў да мясцовых дзяўчын:

 

“Я працую ў месяц за 3,5 млн. рублёў. Жывем з хлопцамі ў “калгасным” доме, які быў незаселяны. Нас там 6 чалавек. Дадому атрымліваецца ездзіць вельмі рэдка, ды мне туды і не хочацца, бо тут вельмі файна пасля працы. Можна пасядзець з хлопцамі, а потым і з дзяўчынамі мясцовымі пагуляць.


Працаваць нялёгка, асабліва летам і зімой: то сьпёка, то мароз. Заробак зусім невялікі, а працуеш так, што ноччу ўсе косці выкручвае. З-за невялікага заробку былі выпадкі, калі хлопцы нешта прадавалі з будоўлі, але калі за такое зловяць, то атрымаеш па шапцы ды з працы выляціш”.


Наступны суразмоўца, мужчына ўжо пенсійнага ўзросту, распавёў пра канкурэнцыю з украінскімі бежанцамі і спосабах расслаблення пасля працы:


“Я з гэтага году ўжо на пенсіі, але ўсё роўна прыехаў сюды і працую, бо маю траіх дзяцей, якім мушу дапамагаць, бацька ўсё ж такі. Заробкі канешне вельмі нізкія, але ўсё роўна працуем. Дадому трапляю раз у месяц, бо на квіткі шмат грошай трэба, ды і выходныя не так часта. Мы па зменам працуем.


Раней было лягчэй і плацілі больш, але зараз прыехала шмат бежанцаў з Украіны, ім грошы патрэбны, таму яны гатовыя і за 2 млн. рублёў працаваць, толькі каб выжыць на “Ролтанах” і хлебе.


Выпадкі распродажу дзяржаўнай маёмасці працоўнымі былі, вельмі частыя, дарэчы, але і пакаранні суворыя за гэта. Пасля працы з хлопцамі гуляем у карты, глядзім тэлебачанне, бывае, што возьмем пляшку-дзве ды“раскацім” дзеля паляпшэння настрою”.


25-гадовы хлопец, які працуе кіроўцам на АЭС, распавёў сваю гісторыю:


“З 21 года я сірата, бо спачатку памерла маці, а праз год і татка. Застаўся я адзін і дзве сястры. Бабуля і дзед адыйшлі ў іншы свет даўно. Сёстры зараз вучацца ў ПТВ, а я, атрымаўшы адукацыю агранома і маючы катэгорыю “С”, працую на МАЗе. Вучуся ў Аграрным на завочным, хачу мець вышэйшую адукацыю і зарабляць сваім розумам.


Я магу працаваць у калгасе, але там няма месцаў, вось і пайшоў кіроўцам на АЭС. Маю дзесьці каля 4 млн. рублёў у месяц. Зліваннем саляркі не займаюся, бо баюся за сябе, ды і датчыкаў зараз нейкіх панаставілі. А вось памятаю, у 2011 годзе, калі перасталі плаціць грошы, дык мужыкі-кіроўцы пазлівалі “саляру” з машын, пакідалі іх на месцы працы ды і пайшлі па хатах з каністрамі, вось тады была праблема для начальства. А зараз усё стабілізавалася, але, мне падаецца, што гэтая будоўля ніколі не скончыцца”.

Звычайныя працоўныя ў размове былі не надта шчырыя і не заўсёды хацелі адказваць на вострыя пытанні. На мясцовай аўтазапраўцы мы адшукалі чалавека вышэйшага па пасадзе – інжынера 35 гадоў з Расіі, які напрамкі расказаў пра праблемныя сітуацыі на будоўлі АЭС.


“Нас сюды запрасілі працаваць па нейкаму беларуска-расійскаму пагадненню, але плацяць някепска, я атрымліваю каля “штукі” даляраў у месяц. Працаваць, канешне, складана, бо мясцовыя людзі не вельмі ветліва да такіх як я ставяцца. Бываюць выпадкі крадзяжу цэменту, цэглы або яшчэ чаго-небудзь. Раней мясцовыя працоўныя прадавалі цэмент за літр-паўтары гарэлкі. Насыпалі колькі пажадаеш, бо для іх галоўнае было “заліцца”. Напайвалі вартаўніка, а потым акрамя цэменту яшчэ і ровар п’янога вартаўніка спрабавалі прадаць.


Аднойчы была такая сітуацыя, што ў падмурак будучага гаспадарчага памяшкання замест камянёў і цэглы наклалі пенапласту, а потым яго шчыльна замазалі цэментам. Я заўважыў нешта няладнае і вырашыў правець – змог падмурак прабіць звычайнай драўлянай палкай. Вось тады яны ў мяне і атрымалі “на яблыкі і на жалуды”.


Не ведаю, як гэтая АЭС будзе пабудаваная, здаецца, што яе ўвогуле ніколі не запусцяць. Мясцовыя п’юць на працы, бывае, крадуць з-за нізкіх заробкаў, а нашыя рускія, якіх сюды прыслалі, толькі і робяць, што заляцаюцца да мясцовых кабет. Мала хто сумленна працуе, а прыезджыя з Украіны яшчэ больш ускладняюць задачу мясцовым мужыкам”.

З каментароў вынікае, што будоўля ідзе не так гладка, як кажуць у дзяржаўных СМІ. Мясцовыя ж жыхары са страхам ставяцца да ідэі пабудаваць АЭС недалёка ад іх месцаў жытла і спадзяюцца, што аб’ект ніколі не запрацуе.

 

Жанчына гадоў 30 з вёскі Варняны: “У нас усе называюць гэтую будучаю АЭС пеклам. Усе памятаюць Чарнобыль. Людзі баяцца “атамкі” як агню, бо з вёскі шмат людзей ездзілі ліквідатарамі на ЧАЭС, зарабілі ў свой час шмат грошаў, а потым у 45-50 гадоў усе памёрлі. Мы баімся, што і з гэтай АЭС можа здарыцца такое. Так, працоўных месц стала нашмат больш, ды і плацяць лепей, чым у калгасе, але невядома, што тут атрымаецца за станцыя, калі палова мясцовых толькі і марыць, каб там нешта скрасці”.

 

Бабуля з вёскі Беразоўка: “Ой, у гэтай вёсцы людзей амаль няма ўжо, кажуць, што для той станцыі трэба рабіць нейкае возера, каб рэактар ахалоджваць, дык кажуць, што вёску нашу зруйнуюць, а на гэтым месцы вялікае вадасховішча паўстане. Рэчку Вілію хочуць “закруціць” у наш бок, каб прыток вады заўсёды быў”.


Апошні наш суразмоўца, мужчына сярэдніх год з вёскі Дайлідкі, распавёў цікавую гісторыю: “Вось будуецца “атамка”, але пытанне, дзе возьмуць для яе рэактар? Людзі кажуць, што будзе альбо расійскай вытворчасці, чаго мы больш за ўсё баімся, бо ўсіх накрые, калі што, альбо кітайскай вытворчасці. Але ў Беларусі няма ніводнай дарогі, ніводнага маста, які б вытрымаў гэты рэактар. Сярод мясцовых людзей ужо ходзіць жарт, што кожны кітаец возьме сабе ў кішэнь па маленькай запчастцы ад рэактару і прыйдзе сюды пешшу, потым яго збяруць тут на месцы, а кітайцы застануцца тут жыць”.

Ні працоўныя, ні мясцовыя жыхары не ўпэўненыя наконт тэрміну здачу аб’екту, а тым больш у надзейнасці новай беларускай АЭС. Калі гэта кажуць людзі, якія жывуць побач з будучай АЭС і бачаць амаль кожны дзень, што там адбываецца, можа, варта задумацца, ці зможа гэтая АЭС бяспечна даваць нам электраэнэргію? 

 

Фота Вольгі Корсун