Такому не вучаць ва ўніверах: У Гродне “на пальцах” раскажуць пра правы чалавека
Пра што семінар?
Семінар складаецца з блокаў. “Правы Чалавека “на пальцах” — даступна і проста будуць разгледжаны 5 тэзісаў, на якіх грунтуецца праца Міжнароднай Школы Правоў Чалавека і Грамадзянскіх Дзеянняў.
Дзеянні ў абарону грамадскіх інтарэсаў. Будуць разгледжаны паняцце грамадскай праблемы і грамадскага інтарэсу, чым можна кіравацца для вырашэння праблем свайго горада, рэгіёну і нават краіны. Таксама гаворка пойдзе аб розных стратэгіях і тактыках для дасягнення пастаўленых мэтаў.
Гуманітарны антыфашызм. Што такое сучасны фашызм і фашызойдныя тэндэнцыі? Як супрацьстаяць гэтаму і працаваць са сваім унутраным фашыстам? Таксама будуць абмеркаваныя антырасізм, антытаталітарныя практыкі і актыўная міратворчасць.
Каго чакаюць арганізатары?
Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца беларуская моладзь і студэнты, а таксама ўсе жадаючыя да 35 гадоў уключна, незалежна ад сацыяльнага становішча, веравызнання і г.д.
Дзе і калі?
Семінар пройдзе ў Гродна 15 жніўня (субота), скрайні тэрмін падачы заявак 13 жніўня. Арыентыровачны час: з 11.00 да 18.00. Дакладнае месца правядзення будзе паведамлена адабраным удзельнікам за некалькі дзён да семінара.
Увага! Пры запаўненні анкеты вы згаджаецеся з правілам поўнага ўдзелу ў семінары. Звярніце ўвагу, што ў арганізатараў няма магчымасці кампенсаваць праезд.
Бонус для ўдзельнікаў
Для тых, хто паспяхова пройдзе дадзены семінар, прадугледжана паглыбленае навучанне, а таксама іншыя прапановы ў галіне адукацыі па правах чалавека, стажыроўкі і ўдзел у дзейнасці беларускіх і міжнародных праваабарончых і моладзевых арганізацый.
“Правы Чалавека “на пальцах” — сталая асветніцкая праграма па Правах Чалавека для пачаткоўцаў. Падчас праграмы задаецца і ўзнікае шмат пытанняў, над якімі прапануецца паразважаць самастойна, а таксама з іншымі ўдзельнікамі і трэнерамі. Праграма з’яўляецца часткай Міжнароднай школы Правоў Чалавека і грамадзянскіх дзеянняў.
Па ўсіх пытаннях пішыце на [email protected].
Сачыць за навінамі праграмы можна праз сацыяльныя сеткі: Вконтакте, Facebook, Twitter, Instagram, Youtube.