Журналіст Андрэй Мялешка просіць міліцыю пакараць інтэрнэт-паклёпнікаў

|

Заяву ў абарону годнасці журналіст аднёс па месцы жыхарства, у Кастрычніцкі РАУС Гродна. Ён убачыў у матэрыялах сайта паклёп на сябе і чальцоў сваёй сям’і. Андрэй Мялешка лічыць, што падобныя сайты аказваюць псіхалагічны ўціск не толькі на журналістаў, але і на іх сем’і, сяброў і калег па цэху. “І з кожнай праявай паклёпу трэба змагацца законнымі спосабамі, падаючы на аўтараў паклёпу заяву у суд ці ў міліцыю”, – кажа журналіст.

 

Паводле артыкула 9.2 КаАП, за паклёп прадугледжваецца штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў. Маёр Скуратаў, што прымаў заяву, паведаміў, што справа можа быць кваліфікаваная і паводле Крымінальнага Кодэксу, калі выкліча публічны рэзананс. Ён параіў журналісту ў бліжэйшыя два тыдні нікуды не з’яджаць з горада.

 

“Вада камень точыць, я лічу, што трэба змагацца з сістэмай усімі законнымі спосабамі”, – упэўнены Андрэй Мялешка.

 

На працягу апошніх гадоў на гэтым сайце з’яўляліся артыкулы і пра іншых гарадзенскіх журналістаў і актывістаў – Алеся Дзянісава, Алеся Кіркевіча, Вітаўта Парфёненка, Уладзіміра Хільмановіча і Віктара Сазонава. Тым не менш, Андрэй Мялешка стаў першым з гарадзенцаў, хто публічна вырашыў прыцягнуць стваральнікаў сайта да адказнасці.

 

“Хачу давесці сваім калегам, што змаганне магчыма ў любым выпадку. Хоць мае калегі з іншых гарадоў не дасягнулі поспеху у падобных справах. Станоўчым вынікам для мяне будзе, калі стваральнікаў гэтага сайту пакараюць і прыцягнуць да адказнасці”, – адзначыў гарадзенскі журналіст.