Журналіст змяняе прафесію: Адзін дзень на вытворчым прадпрыемстве

Міні-завод знешне выглядае як некалькі вялікіх ангараў, тэрыторыя абнесена плотам, на варце пастаянна знаходзіцца вартаўнік з трыма сабакамі. Сам комплекс аб’ектаў фатаграфаваць, як і называць, забаранілі, тлумачачы гэта мерамі бяспекі. Ужо пры падыходзе да цэхоў чуваць, як грахочуць працуючыя станкі.

 

Прадпрыемства падзелена на некалькі цэхоў па вытворчасці гаспадарчых і будаўнічых прадметаў з розных відаў жалеза: у асноўным з алюмінія і сталі, час ад часу яшчэ і з нержавейкі. У адным цэху, які больш вялікі па памерах і дзе знаходзіцца большая колькасць абсталявання, працуюць шэсць чалавек. Мужчыны розных узростаў якраз былі на перакуры. На пытанне, як часта можна выйсці адпачыць з цэха, адказваюць: “Калі паспяваеш выканаць норму, то можна і кавы папіць не толькі ў абед, і папаліць лішні раз цыгарэту, а вось калі не паспяваеш, то мусіш прапусціць перапынак”.


Па словах працоўных, іх праца не вельмі высока аплочваецца. “Плацяць канешне не вельмі шмат, прыкладна 3,5 – 4 млн. рублёў. Працуем звычайна з 8 да 17 гадзін, бываюць і начныя змены, з перапынкам на абед. Маем электрачайнік, мікрахвалёўку, так што падсілкавацца можна на месцы. Стамляешся не заўсёды, залежыць, пэўна, ад смены, ноччу заўсёды працаваць цяжэй”, – распавёў адзін з мужчын, гасячы акурак.

 

Праз некалькі хвілін працоўныя ізноў усталі за станкі, мы ж таксама вырашылі выпрабаваць на сабе гэтую нялёгкую працу. Да працоўнага месца нас дапусцілі не адразу: спачатку азнаёмілі з правіламі тэхнікі бяспекі, прынцыпамі працы станкоў, а таксама паказалі месца, куды трэба выносіць гатовую прадукцыю.

 

Праца за станком напачатку падалася не надта цяжкай, але праз 4 гадзіны стамленне ўсё ж такі пачало адчувацца. Грукочуць станкі, і ад гэтага гуку з цягам часу пачынае звінець у вушах і трошкі пабальваць галава. Трэба час ад часу выносіць гатовую прадукцыю, каторая не вельмі цяжкая, але калі панасіць так увесь дзень, то стамляешся. Яшчэ нагадвае пра сябе жнівеньская спёка, але ад яе ратуюць вялікія вентылятары.

 

Норму за працоўную змену мы так і не змаглі выпрацаваць. “Гэтаму спачатку трэба навучыцца, звычайна толькі на трэцюю або чацвёртую змену чалавек пачынае працаваць нараўне з астатнімі і выпрацоўвае норму. Шмат яшчэ залежыць і ад напарніка: як спрацаваліся, ці паспявае адзін за другім, ці не халтурыць хтосьці і яшчэ шмат дробязей. Можна канешне працаваць і аднаму, але гэта не дазволена па тэхніцы бяспекі, ды і вельмі складана, хутка стамляешся, асабліва калі чалавек ва ўзросце пад 50”, – пракаментаваў вынікі нашай працы адзін з працоўных.

 

Стомленыя, збіраемся дахаты. Развітваючыся на прахадной з вартаўніком, злавілі сябе на думцы, што праца за станком не такая ўжо і лёгкая, як можа здацца на першы погляд, асабліва ў такую спякоту. Гэта даволі цяжкі хлеб за адносна невялікія грошы.