“Нёман” трапіў пад раздачу барысаўскага БАТЭ

|

Яшчэ перад матчам многія футбольныя аналітыкі Беларусі заяўлялі пра безгалявую серыю барысаўчан, а таксама адзначалі абарону “Нёмана”, якая ў двух папярэдніх турах адыграла на “нуль”. Менавіта матч у Барысаве стаў гульнёй тура, якую транслявалі па ўсёй Беларусі.

 

На жаль, здзівіць гледачоў гарадзенцам не ўдалося. Ужо на 8 хвіліне падапечныя Сяргея Саладоўнікава прайгравалі гаспадарам з лікам 2:0. А на 24 хвіліне Сігневіч зрабіў і зусім 3:0. Яшчэ да перапынку гарадзенцы маглі прапусцiць некалькі галоў, але, на шчасце “Нёмана”, БАТЭ не рэалізаваў свае моманты.

Пасля перапынку лепш не стала. Барысаўчанам хапіла 6 хвілін пасля свістка, каб забіць яшчэ 2 галы і зрабіць 5:0. Толькі на 71 хвіліне “Нёман” змог размачыць лік. Павел Савіцкі рэалізаваў пенальці і не даў Чэрніку сысці “сухім”. Але на гэтым гульня не скончылася. На 77 хвіліне Радзівонаў ва ўратарскай пайграўся з Васiлючэкам і зрабіў 6:1. А праз 10 хвілін усё той жа Радзівонаў і зусім робіць 7:1, тым самым ставіць кропку ў матчы.

Называецца, далі шанец рэабілітавацца маладому галкіперу. Доўгі час Васілючэк сядзеў на лаўцы, пакуль у аснове “Нёмана” гуляў Курганскі. Але ў Барысаве кіраўніцтва жоўта-зялёных зноў дало шанец маладому галкіперу. Сем прапушчаных галоў – гэта шмат, галоўнае, каб гэты матч ніяк не адбіўся на псіхалагічным стане Васiлючэка. Яго кар’ера толькі пачынаецца. 

Перамога барысаўчан стала генеральнай падрыхтоўкай перад сустрэчай у адказ у Лізе Чэмпіёнаў. Гарадзенцам тым часам трэба сабрацца і паказаць добры футбол на родным стадыёне і вярнуць падтрымку балельшчыкаў. Матч супраць салігорскага “Шахцёра” пройдзе 30 жніўня.