Заходняя і Паўднёвая Еўропа – рай на зямлі?

Кожны мае  добрую працу?

Па ўсёй Барселоне я пабачыў шмат дзіўных знакаў-налепак. як высветлілася, гэта былі пратэсты супраць скарачэнняў і паніжэння заробкаў у сферы адукацыі, аховы здароўя і іншых грамадскіх сферах. У шпіталях людзі пратэставалі супраць пагаршэння якасці медыцынскай дапамогі. У школах –  супраць недахопу добрых настаўнікаў для дзяцей.

 

Барселона – дэманстрацыі супраць скарачэння працоўных месцаў


Усе маюць уласнае жытло?

Сітуацыя з жытлом у многіх еўрапейскіх гарадах таксама не нашмат лепшая, чым у іншых месцах. Якасць жытла вельмі залежыць ад таго, колькі вы зарабляеце. Многія людзі жывуць у   непрыгожых, неадрэмантаваных будынках. Калі мне даводзілася шукаць месца для пражывання падчас навучання ў Швейцарыі, я аглядаў пакойчыкі на 8 м², без ізаляцыі ад холаду і з агульнай прыбіральняй на ўвесь паверх. Усё было вельмі бруднае, але кошты за арэнду былі не нашмат ніжэйшыя, чым за прыстойны пакой.

 

 

Калі параўноўваць вялікія спальныя раёны у заходняй Еўропе з беларускімі, то ў іх пакоі звычайна меншыя па памеры, і рэдка паблізу адшукаеш нейкі парк ці зялёную зону.

 

 

Марсэль (Францыя)


Некалькі разо мне даводзілася жыць у людзей, якія здавалі пустыя пакоі (напрыклад, калі іх дзеці з’ехалі вучыцца). Па іх словах, на камунальныя плацяжы трэба выдаткоўваць такія сумы, што яны проста не маглі дазволіць сабе не здаваць гэтых пакояў. З платай ад квартырантаў у іх атрымліваецца няблага жыць, нягледзячы на тое, што кошты за такія пакоі прынамсі на 50% меншыя за самыя танныя гатэлі.

 

Можна свабодна арэндаваць  жытло?

Праблема коштаў на жыллё не адзіная ў шматлікіх гарадах заходняй Еўропы. Напрыклад, у Фрайбургу (Германія) ўвогуле недахоп кватэр, асабліва даступных для звычайнага чалавека. Са свайго студэнцкага досведу магу сказаць, што знайсці там кватэру – сапраўдная праблема. Па-першае, прапановаў не так ужо і шмат, па-другое, шукаць трэба пачынаць не пазней за месяц-два да пачатку навучальнага года.

 

 Фрайбург (Германія) – запыты на пошук кватэр

 

Мы пачалі шукаць жытло загадзя, але за 4 месяцы так і не знайшлі нічога, акрамя кватэры ў суседнім горадзе з даволі высокім коштам, да таго ж здавалі яе толькі пасля пачатку навучальнага года. Давялося жыць у адмысловым пакоі для студэнтаў, якія пакуль не знайшлі сабе жытло. Гэта была вялікая зала ў інтэрнаце з матамі на падлозе. Да таго ж каштавала гэта як палова кошту за ноч у гатэлі.

Таксама не варта забываць, што ў многіх заходнееўрапейскіх гарадах увогуле няма студэнцкіх інтэрнатаў, альбо іх вельмі мала. Напрыклад 2000 месцаў для больш за 20 000 студэнтаў. Яны амаль ніколі не бываюць бясплатнымі, а часам нават даражэйшыя за здымнае жытло. Таксама атрымаць пакой у студгарадку часам нават цяжэй, чым адшукаць кватэру, бо конкурс, бывае, даходзіць да 50 чалавек на месца. Арэндадаўцы карыстаюцца гэтым, і таму кошты на кватэры заўжды завышаныя, бо заўжды знойдзецца бядача-студэнт, якому трэба недзе жыць.

 

Паўсюль чыста і ахайна?

Увогуле беларускія гарады мне падаліся нашмат чысцейшымі і ахайнейшымі за заходнееўрапейскія. У большасці заходнееўрапейскіх гарадоў піўныя бутэлькі і смецце на вуліцы можна пабачыць не толькі ў суботу зранку, але яны могуць усё яшчэ валяцца ў тым самым месцы і пасярод тыдня.

 

У Люксембургу я ні разу ў жыцці не бачыў, каб нехта чысціў вуліцы сярод ночы, нават пасля вялікіх святаў. У лепшым выпадку з 5 раніцы, але звычайна нашмат пазней.

 

Трыр (Германія) – непадалёк ад турыстычных атракцыяў


Вядома, тое, чаму на беларускіх вуліцах так чыста і спакойна – гэта спрэчнае пытанне да абмеркавання, але прынамсі вынікі вельмі прыемныя. Многія жыхары заходнееўрапейскіх краінаў былі б не супраць, калі б паліцыя была пасуровей з вандаламі і агрэсіўнымі людзьмі на вуліцах. Збольшага праца паліцыянтаў – правяраць дакументы падазроных асобаў і казаць ім, што яны не павінны там знаходзіцца. Праз 15 хвілін агрэсары зноў вяртаюцца на сваё месца і напружваюць мінакоў. Я бачыў гэта сто разоў у Германіі.

 

У Люксембургу сітуацыя з гэтым яшчэ горшая. Мясцовыя жыхары напісалі петыцыю ўраду, каб паліцыя рабіла нешта супраць агрэсіўных жабракоў. Паліцыя, аднак, кажа, што супраць іх няма ніякага закону. Юрысты на гэта кажуць, што закон-такі існуе, проста паліцыянты – гультаі і не хочуць працаваць. Што дакладна праўда, дык гэта тое, што сітуацыя нашмат пагоршылася за апошнія гады. Я быў у шоку, калі на вакзале ў Люксембургу ў мяне папрасілі грошы 3 разы за 5 хвілін.

 

 

 

Фота Рона Сольфа



Чытай таксама:

Беларусь, Малдова, Румынія і Украіна ў фотааб’ектыве валанцёра з Люксембурга


Каму ў Люксембургу добра жывецца