Скончваецца прыём прац на фотаконкурс ад Мовы Нанова

Конкурс пачаўся з прыходам лета і будзе доўжыцца да 31 жніўня ўключна. За гэты час свае фотаздымкі з апісаннямі даслалі амаль 60 чалавек з розных гарадоў Беларусі: Гародні, Менску, Гомеля, Берасця, Маладзечна, Баранавіч, Віцебску ды іншых.

 

Пазмагацца за каштоўныя прызы можа любы жадаючы, для гэтага неабавязкова быць студэнтам курсаў. Для ўдзелу трэба праз форму даслаць здымкі, зробленыя ў Беларусі, з іх апісаннем. Аповед мусіць быць напісана па-беларуску і быць памерам не менш за 300 знакаў з прабеламі. Ад аднаго чалавека на конкурс прымаецца не больш трох фатаздымкаў.

 

Сярод прызоў – лічбавы фотаапарат Сanon 1200D,

 

 


гадзіннік з арнаментам,


 

экскурсія па Беларусі коштам 1 млн рублёў, спецыяльны прыз ад сеткі заправак А-100 і сувеніры ад “Мовы Нанова”.

 

Вынікі конкурса будуць падведзеныя 7-га верасня з пачаткам новага сезону курсаў у Менску.

 

Неўзабаве і гарадзенская “Мова Нанова” ўзновіць заняткі. Дакладныя дата і месца правядзення пакуль не вызначаны, але пачатак плануецца на сярэдзіну верасня. За навінамі можна сачыць на нашым сайце або ў суполках курсаў на Facebook  і ў VK.

 

 

Нагадаем, “Мова Нанова” – гэта бясплатныя курсы беларускай мовы, якія дзейнічаюць з 2014 года і з лістапада маюць дзяржаўную рэгістрацыю. Курсы прапануюць вывучэнне роднай мовы ў нефармальнай абстаноўцы.



Часта на “Мову Нанова” завітваюць беларускія знакамітасці. Да гарадзенцаў ужо прыязджалі Юрый Жыгамонт (вядоўца “Падарожжаў дылетанта”), музыкі Зміцер Вайцюшкевіч, Віктар Шалкевіч, Лявон Вольскі, гурты “Dzieciuki”, “Navi”, “Handmade”, паэт Андрэй Хадановіч, мастак Алесь Сураў, беларускамоўны лекар з Менску Андрэй Вітушка, рэжысёр Арцём Лобач і шмат іншых.