Лятаючыя жанчыны цяпер ёсць і ў Гродне

|

Флай-ёга як паўнавартасны кірунак з’явіўся толькі ў 2007 годзе, але за гэты час паспеў прыцягнуць дзясяткі, калі не сотні тысяч прыхільнікаў у Еўропе і ЗША. Яе заснавальнікам лічыцца Крыстафер Харысан – у мінулым цыркач, а сёння адзін з самых паспяховых брадвейскіх пастаноўшчыкаў, які спецыялізуецца на “лятучых” шоў. З-за траўмы спіны Харысан пачаў выкарыстоўваць гамак для сваіх аднаўленчых трэніровак. Такая практыка апынулася настолькі эфектыўнай, што ў хуткім часе трансфармавалася ў асобны кірунак. І сёння флай-ёгу практыкуюць па ўсім свеце, у тым ліку і ў Гродне.


– Ёга ў паветры даступная для ўсіх, незалежна ад полу, узросту і камплекцыі. Ніякай падрыхтоўкі да заняткаў не патрабуецца. Вы можаце быць пачаткоўцам, які ніколі не займаўся спортам, а можаце быць дасведчаным практыкам, і ўсё роўна адкрыеце шмат новага для сябе ў занятках флай-ёгай, – распавядае Надзя, адміністратар клуба.

Унікальнасць гэтых заняткаў у тым, што яны адбываюцца ў паветры. А практыкаванні выконваюцца ў адмысловым гамаку (ёга-арэлі), падвешаным да столі.

 

Для мяне – гэта антыстрэс! – распавядае наведвальніца Вольга. – У гамаку мы пераадольваем гравітацыю і цяжкасць праблем. Мы вісім уніз галавой, але пры гэтым увесь наш пазваночнік выцягваецца без асаблівых намаганняў. Мы лятаем і качаемся ў гамаку, а мышцы нашай спіны ўмацоўваюцца, паляпшаецца пастава. Пасля трэніроўкі адчуваем сябе лёгкімі i абноўленымі.

 

Дырэктар клуба Юлія кажа, што крызіс іх не закрануў i, мяркуючы па развіцці клуба і колькасці пастаянных кліентаў, фінансавы бок пытання для iх адыходзіць на задні план.

Дзяўчатам падабаецца сачыць за сабой, за сваім целам, ім падабаецца праводзіць свой вольны час з карысцю, знаёміцца ​​з новымі людзьмі і самаразвівацца.

 

Акрамя флай-ёгі, у клубе “Мята” можна знайсці яшчэ некалькі іншых напрамкаў фітнесу, якiх няма больш нідзе ў горадзе.