Ад паганства да хрысціянства. Зміцер Скварчэўскі расказаў у Гродне пра старажытныя сімвалы
Зміцер – аўтар матэрыялу, на падставе якога вядомая майстэрня ліцця і рэканструкцыі Ligas-fest стварыла цэлую калекцыю сімвалаў-абярэгаў, у якую цяпер уваходзяць больш за 70 відаў вырабаў.
Ад бронзавага веку да нашых дзён людзі карыстаюцца магічнымі прадметамі, што ахоўваюць іх здароўе і дабрабыт, абараняюць ад злых духаў, дапамагаюць у розных справах. Спектр матэрыялаў для падобных вырабаў быў вельмі шырокі: ад кавалачкаў дрэва, косткі, іклаў, кіпцюроў да складаных сплаваў металаў. Усе залежала ад даступнасці матэрыялу, яго каштоўнасці і тэхналогій апрацоўкі, вядомых тагачаснаму майстру, сцвярджае Зміцер.
Развіццю апошніх добра пасадзейнічала распаўсюджванне хрысціянства, якое стварыла попыт на складаныя літыя формы для крыжыкаў, аздаблення ікон і выяў святых. Рынак патрабаваў новых навыкаў і тэхнік, якімі паспяхова авалодвалі нашы майстры і з аднолькавым энтузіязмам выраблялі і прадметы новага культу, і свайго традыцыйнага.
Абярэгі можна падзяліць паводле форм выяваў на:
– заа- і антропаморфныя (да першых аднясем і выявы рыб, птушак і тп.)
– мініяцюрныя копіі побытавых рэчаў
– стылізаваныя знакі
– крыжыкі
Гэта – асноўныя катэгорыі. Коратка на працягу двух з паловай гадзін выкладчык крануўся кожнай з іх.
Скажам, конікі, датаваныя XI-XIII стст., адлюстроўвалі сувязь паміж верхнім і ніжнім светам, выкарыстоўваліся пры варажбе, а кругавы арнамент, што сустракаецца на фігурках азначаў сонца. З сонцам напрамую звязваўся і сам сімвал. Прычым ёсць тэорыя, што дадзены абярэг з’яўляецца выявай зусім іншай жывёлы – куніцы, косткі якой даволі часта сустракаліся ў пахаваннях.
Вядома, што паводле некаторых паданняў, з сонцам і сонечным культам, а таксама і з касмаганічнымі міфамі аб стварэнні сусвету наўпрост звязаныя не толькі конікі, але і вуткі і наогул вадаплаўныя птушкі, у выглядзе якіх боства здабывае глебу са дна акіяна, з якой пасля ствараецца наша зямля.
Тыпова мужчынскім сімвалам з другой ужо катэгорыі з’яўляліся сякеркі Перуна. Прычым у пахаваннях хлапчукоў да дасягнення пэўнага ўзросту такія абярэгі не сустракаюцца, што дазваляе лічыць іх сімваламі ініцыяцыі хлопца ў грамадстве ўжо ў ролі абаронцы, ваяра, наогул – мужчыны.
Жаночым сімвалам падобнага кшталту была выява ножнаў. Што цікава, гэтая форма мела некалькі варыяцый, магчыма, звязаных таксама з сацыяльнай роляй дзяўчыны-жанчыны. Пустыя ножны (похвы) азначалі дзяўчыну ў шлюбным узросце, Ножны з нажом унутры – верагодна, замужнюю. Існаваў варыянт і падвоеных похваў, вызначэнне сэнсу якога пакінем шаноўнаму чытачу. Да гэтай тэорыі можна далучыць фінскі звычай, калі дзяўчына па дасягненні шлюбнага узросту апранала на пояс пустыя ножны і хлапец, што абіраў сабе гэтую дзяўчыну ў жонкі, падыходзіў і ўкладаў ёй у похвы свой нож. Калі на раніцу наступнага дня нож быў на месцы, гэта азначала згоду, не – адмову.
Вельмі цікавым абярэгам з’яўлялася Турыца, названая так у даследаваннях акадэміка Рыбакова, звязаная паводле яго з веснавым абрадам пладароддзя, калі дзеўкі вялі быка-тура, танчылі і спявалі вакол яго, вадзілі карагоды. Даследчык Зайкоўскі прапанаваў цікавую каляндарна-астральную версію: бык – месяц (Вялес), сем жаночых выяў – зоркі Плеядаў ці Вялікай Мядзведзіцы, колькасць дзён у тыдні, а кропкі вакол могуць пазначаць колькасць тыдняў у годзе (52, а розніцу на падвесках тлумачыў механічнымі памылкамі майстра, калі сэнс сюжэта стаў забывацца). Таксама Зайкоўскі мяркуе, што гэтыя абярэгі былі звязаны з замагільным светам і належылі язычніцкім жрыцам. Аднак апошняя выснова выглядае спрэчнай, бо на паселішчах дадзеных падвесак было знойдзена не менш, чым у курганах. Пра вялікую колькасць новых знаходак Зайкоўскі проста не ведаў. Прызначэнне абярэгаў пакуль застаецца загадкай.
І так – фактычна па кожнаму з сямі дзясяткаў. Лыжачкі, грамавыя знакі, выявы цмокаў і змей, ключыкі. Цэлы культурны пласт сівой даўніны, што, аднак, нікуды не знікла, а працягвае існаваць і на сенняшні дзень мае немалую колькасць прыхільнікаў.
Варта ўзгадаць і яшчэ адзін вельмі цікавы факт: да X ст. металічных абярэгаў амаль не сустракаецца, адзінкавыя знаходкі ў розных рэгіёнах. Чаму ж ў перыяд X-XIVст.ст. адбываецца такі ўсплеск вытворчасці? А справа, паводле меркавання Скварчэўскага, у тым, што з прыходам і распаўсюджваннем хрысціянства на беларускіх землях, людзям спатрэбіўся нейкі сродак распазнання “свой-чужы”. Пакуль ўсе былі аднаго язычніцкага веравызнання, пытання, хто ёсць хто, проста не існавала, ўсё і так было зразумела. І тут з’яўляюцца прадстаўнікі новай, чужой веры з металічнымі падвескамі – крыжыкамі. Вось і спатрэбіўся своеасаблівы адказ. Дзякуючы якому, мы зараз і ведаем той пласт духоўнай культуры нашых продкаў, пра які ідзе гаворка. Маем магчымасць даследаваць яго, разумець, якімі былі нашы прашчуры і памятаць, хто мы і адкуль.