З-за праблем з візамі гарадзенскія “Варвары” скончылі сезон тэхнічным паражэннем

|

Яшчэ ў жніўні гарадзенская каманда па амерыканскім футболе забяспечыла сабе выхад у паўфінал. Тады “Варвары” ў сябе дома ў напружаным матчы абыгралі рыжскіх “Львоў”. Наперадзе маладую гарадзенскую каманду чакаў матч з “Тытанамi”, які павінен быў адбыцца 13 верасня ў Эстонii. Але адправіцца на паўфінальны матч гарадзенцам не атрымалася.


Латвійская федэрацыя і консульства не ўвайшлі ў становішча

 

Галоўны трэнер “Варвараў” Аляксей Серабракоў распавёў карэспандэнту “ТС”, што візы камандзе выдалі толькі на 14 верасня.


– Гісторыя пачалася яшчэ ў чэрвені, перад першым выездам у Эстонію. Палове гульцоў адкрылі візы да 4 верасня, хаця ўжо на той момант было вядома, што калі патрапім у плэй-оф і неабходна будзе гуляць за мяжой, гэтых віз папросту не хопіць. Тады ўжо было вядома, што паўфіналы пройдуць 12-13 верасня. І пры падачы дакументаў у амбасаду ў суправаджальных дакументах каляндар быў.


У жніўні “Варвары” даведаліся, хто іх супернік па плэй-оф, і што гуляць трэба будзе ў Эстоніі. Каманда адразу пачала рыхтаваць дакументы для новай падачы. “Пашпарты нам вярнулі 11 верасня, але візы былі адкрытыя з 14-га. Гульня ж была прызначаная на 13-е”, – кажа трэнер.


Прычын такiх адносін Аляксей Серабракоў не ведае, але падазрае, што гэта вынік няўзгодненасці дзеянняў Латвійскай Федэрацыі Амерыканскага Футбола і Латвійскага консульства: “Менавіта яны займаюцца візавым пытаннем у нашай лізе. Мы папрасілі супернікаў перанесці гульню на іншы тэрмін, але атрымалі адмову”. Магчымасці перанесці гульню ў “Тытанаў” не было, як вынік – тэхнічнае паражэнне гарадзенцаў у паўфінале.

align=”” width=”725″ height=”986″ >


Разгромнае паражэнне лепш за тэхнічнае

 

Аляксей Серабракоў адзначае, што візамі заняцца можна было і раней, але справа гэта не танная, асабліва калі адкрываць іх кожныя тры месяцы. Гульцы ў камандзе плацяць самі за сябе.

 


– Каманда вельмі засмучаная. Тэхнічнае паражэнне гэта, па першае, пляма на рэпутацыі клуба, чыя б віна гэта не была. Па другое, галоўнай мэтай першага сезону было атрымаць гульнявы вопыт, таму нават разгромнае паражэнне лепш за тэхнічнае.

 

Зараз “Варвары” сумесна з абласной федэрацыяй спорту і турызму прапрацоўваюць варыянт правядзення ў Гродне турніру па амерыканскім футболе. Верагодны месяц яго правядзення – кастрычнік. У лістападзе ў каманды пачынаецца міжсезонне, а пасля пойдзе ўзмоцненая падрыхтоўка да наступнага сезона.