У Дзень горада самыя здаровыя гарадзенцы выйшлі на прабег цвярозасці

|

Каля 50 чалавек у суботні дзень выйшлі на старт сцежкі здароўя. Акрамя бегу, сабраўшымся прапанавалі паўдзельнічаць і ў іншых спартыўных конкурсах: турнікі, адцісканні, гіры і дартс.

Арганізатарамі дадзенага мерапрыемства з’яўляюцца грамадскія актывісты і праваслаўная царква.

– У апошні час вельмі шмат пішуць, што беларусы співаюцца. Мы хочам паказаць і даказаць, што мы здаровая нацыя і ў нас ёсць будучыня. Наша мэта – гэта сабраць людзей, якія вядуць здаровы лад жыцця. Наш дэвіз: “цвярозасць – норма жыцця”, – распавёў іерэй Павел Касьпяровіч.

Першым чатырохкіламетровы маршрут пераадолеў прадстаўнік спартыўнага таварыства “Дынама” Павал Машэй.

Прадстаўніца гарадзенскай праваслаўнай епархіі Антаніна Місюкевіч адзначыла, што да іх у гэты дзень прыйшлi тыя гараджане, якія па праўдзе любяць здаровы лад жыцця.

– Суботняя праграма насычаная, дзякуючы Дню горада. Да нас на прабег прыйшлі тыя людзі, якія неабыякавыя да свайго здароўя. Акрамя арганізацый, былi i звычайныя гарадзенцы.

На мерапрыемстве гарадзенцаў забаўлялі аркестр МНС і Клуб славянскіх адзінаборстваў “Арыдан”. Таксама ўсе жадаючыя маглі бясплатна перакусіць і выпіць гарачай гарбаты.