Фестываль LidBeer: Як Ліду паспрабавалі пераўтварыць у беларускую сталіцу піваварэння

|

На адкрыцці фестывалю “LidBeer” прысутнічаў міністр культуры Беларусі. На прэс-канферэнцыі  ён адзначыў, што культуру піцця трэба выхоўваць таксама, як і культуру жыцця. А такія фестывалі вельмі пасуюць для гэтага.

 

Арганізатары абяцалі, што падчас адзначэння дня горада, а Лідзе ў гэтым годзе споўнілася 692 года,  тут пройдзе вялікі і масштабны фестываль. Па выніку, атрымаўся ён не столькі маштабным,  колькі проста цікавым і незвычайным.

Ліда ў гэты дзень больш нагадвала нейкі еўрапейскі горад, чым беларускі райцэнтр – людзі вольна сядзелі на зямлі і траве, з усіх куткоў можна было пачуць музыку – ад джазу да року – гэта стараліся вулічныя музыкі. Там дзе музыкаў не было, стаялі калонкі. Што вельмі дзіўна для падобных масавых мерапрыемстваў, адтуль гучаў якасны рок. Каля замка стаялі драўляныя палеты, на якіх можна было сядзець. З палетаў былі таксама зроблены імправізаваныя лаўкі і сталы – атрымалася сваеасаблівая зона адпачынку. Зусім па-еўрапейску.

 

– Хаця, можна было б яе зрабіць больш, – зазначыў мой знаёмы, назіраючы за тым, як жадаючыя прымасціцца ў лаўнж-зоне не могуць знайсці вольнага месца.

 

Тым не менш, арганізатары да правядзення свята падыйшлі крэатыўна. Было прыдумана дзевяць розных маршрутаў, дзякуючы якім можна было даследваць горад, яго гісторыю і сучаснасць. Ды ўвогуле проста цікава правесці час.

 


 

Напрыклад, на дэгустацыйным маршруце можна было пакаштаваць розныя гатункі хмельнага напою. Кожны з іх быў прадстаўлены ў асобнай зоне, якая была тематычна звязана з нейкім еўрапейскім горадам ці краінай. Напрыклад, з Нямеччынай ці Швейцарыяй. Словам, з тым месцам, дзе традыцыйна вараць піва. У адмысловых фотазонах можна было сфатаграфавацца.

 

Прайшоўшы па “гастранамічным маршруце”, можна было паесці. Пакаштаваць прапанавалі традыцыйныя беларускія стравы, а таксама сучасную ежу з усяго свету.

 

 

Іншыя маршруты – музычны і тэатральны. Можна было палётаць нават на верталётах. Крылатыя машыны раз-пораз сядалі на імправізаваную пляцоўку і забіралі ўсё новых пасажыраў. Жадаючых паглядзець на горад з вышыні птушынага палёту было шмат, нягледзчы на кошт паветранай вандроўкі – 400 тысяч з чалавека.

 

– Вельмі добра прыдумалі – я ўжо амаль 30 гадоў жыву ў Лідзе, але ніколі не бачыў свой горад з вышыні, – мужчына чакаў сваёй паездкі з дзяцячым захапленнем і дзяліўся эмоцыямі з тымі, хто стаяў побач.

Сапраўднай рызынкай фестывалю стаў гістарычны маршрут, які карыстаўся проста неверагоданай папулярнасцю сярод наведвальнікаў свята. Ён пачынаўся каля будынка завода ААТ “Лідскае піва”. Адсюль кожную гадзіну экскурсаводы, апранутыя ў сярэднявечныя строі, вялі за сабой вялікія групы цікаўных па месцам горада, якія так ці інакш звязаныя з піваварнай справай. Сапарўды, Ліда мае глыбокія традыцыі піваварства і такі маршрут быў вельмі лагічны.

 

425 год таму горад атрымаў разам з Магдэбургскім правам і права на піваварства. Мясцовыя жыхары адразу ім скарысталіся, а ў ХІХ стагоддзі тут было тры вялікія прадпрыемствы па вытворчасці пеннага напою. Пра маленькія піваварні і казаць няма чаго. На плошчах і вуліцах была вялікая колькасць тавернаў, дзе піва літаральна лілося ракой. Дойгі час гэты напой пілі замест вады – а што, вельмі добра здавальняе смагу.

 

– Упэўнены, што у бліжэйшы час турысты будуць прыязджаць у Ліду не толькі дзеля нашага замку – безумоўна, галоўнай гістарычнай каштоўнасці Лідчыны. Але і дзеля мноства культурна-асветніцкіх маршрутаў – незвычайных, цікавых, арыгінальных, якія нарадзіліся ў рамках сенняшняга фестывалю і якія ператвораць наш горад у брэнд “Ліда – сталіца піваварэння”, – адзначыў Міхаіл Карповіч, старшыня Лідскага райвыканкама.

Свята працягвалася цягам усяго дня. Днём працавалі тэматычныя пляцоўкі, у замку можна было паглядзець тэатралізаване прадстаўленне, якое падрыхтавалі мясцовыя калектывы і гістарычныя клубы. Праўда, уваход у замак быў платны. Але, нягледзячы на гэта, каля варот увесь час быў натоўп з жадаючых трапіць у сярэдзіну. Пад сценамі замка развярнуліся сярэднявечныя танцы і сапраўдны рознакаляровы балаган – вандроўныя артысты, мімы і музыкі забаўлялі прысутных на плошчы.

 

Да гандлёвых намётаў выстраіліся доўгія чэргі – было адчуванне, што кропак грамадскага харчавання ўсё ж не хапае на такую колькасць людзей.  Наведвальнікаў было вельмі шмат і ў барах і рэстаранах, якія знаходзіліся па-за межамі святкавання. Напрыклад, у адной з піцэрый горада піццу прыйшлося чакаць амаль гадзіну – повар проста не спраўляўся з такім аб’ёмам заказаў. Афіцыянткі шчыра папярэджвалі наведвальнікаў аб гэтай асаблівасці.

 

Некаторыя крамы абмежавалі продаж піва – аб гэтым папярэджвалі аб’явы на дзвярах. Але ў цэнтры, дзе праходзіла свята, піва можна было набыць свабодна.

Кульмінацыяй свята стаў вялікі канцэрт, у якім прынялі ўдзел вядомыя беларускія гурты “Стары Ольса”, кавер-бэнд “Доміно”, “Без билета”, J_морс, а таксама Дядя Ваня, які і спяваў, і вёў канцэрт.

 

Арганізатары не выключаюць, што такія фестывалі стануць традыцыйнымі і з кожным годам будуць збіраць усё больш людзей.

 

Фота Вольгі Мілавай