Коцікі, друганы і сямейныя беларусы. Вольга з Польшчы расказвае пра год у Гродне

Паехалі на роварах. Гэта любімы транспарт дзяўчыны. “На аўтобус трэба чакаць, ды ў ім засынаеш. А так – з раніцы на ровар, і ў цябе адразу мноства энергіі,” – кажа Вольга.

 

Коцікі

 

Вольга прыехала ў кастрычніку, а ў пачатку лістапада выступіла на арганізаванай у Гродне TEDx канференцыі. Тэма “Людзі-коцікі: Як пасябраваць з горадам” – прыйшла да яе сама – так склаліся абставіны…

align=”” alt=”Olga Galecka Вольга Галецка” width=”725″ height=”485″ >

У мяне быў такі коцік Люля, рудая. Яна была такой прынцэсай і ўвогуле была такая самастойная, незалежная, і ў мяне было неверагоднае адчуванне блізкасці з ёй. Мне здаецца, што яна была такая, бо я была такой. Мы былі вельмі падобныя. З таго часу мне здаецца, у мяне ёсць штосці з коціка.


Гродна быў не першым горадам, у якім я жыла, і ўспрыняцце праз прызму коцікаў на TEDx – гэта быў такі спосаб пазнаёміцца. Памятаю, што напісала ў фэйсбуку: “Я не магу гуляць па Горадні, бо тут столькі коцікаў, што трэба спыняцца кожныя пяць хвілін, каб усіх пагладзіць”.


Але я не магу сказаць стоадсоткава, што я, бы коцік, прывязваюся да месца, а не да людзей. Я прывязаная да людзей у Гродне. Гэтыя людзі звязаныя з месцам, і месца павязанае з імі, немагчыма гэта раздзяліць. Калі б я не пазнаёмілася з людзьмі, мне не было б тут так добра.


Друганы

 

Ужо праз паўтары месяцы ўсе ў арганізацыі смяяліся, што ў Вольгі больш сяброў, чым у мясцовых.


У мяне проста такое шчасце. Гродна маленькі – я гэта зразумела вельмі хутка. Аднойчы пайшла ў бар “Куба”, там пазнаёмілася з некім, а на наступны дзень апынулася, што ў нас ужо ёсць нейкія агульныя знаёмыя. Тут, у Гродне, тусоўка асаблівая. Шмат хто так кажа, і мне таксама так здаецца. Калі штосьці робіш, ствараеш, дзейнічаеш, то адразу ведаеш палову горада. Мае знаёмыя, сябры, шмат чаму навучылі мяне. І перадусім – яны прынялі мяне у сваё поўнае цеплыні кола вельмі хутка і адкрыта.


Гродна


Калі шчыра, я баялася прыязджаць. Да гэтага я жыла ў нашмат большых гарадах і баялася, што тут мне будзе сумна, што не будзе чаго рабіць. Але Гродна развіваецца ў добрым накірунку і нават калі няма такой разнастайнасці, тое, што адбываецца – вельмі цікавае. І тое, што тут няма занадта шмат падзей, якія прыцягваюць увагу, дае магчымасць развівацца самастойна, больш заняцца сабой. Мне гэта было патрэбна.


Да таго як прыехала, знаёмыя казалі, што Гродна – апошні еўрапейскі горад у Беларусі. Ён такі альтэрнатыўны, панковы. Шмат чаго, здаецца, спраўдзілася.


У Польшчы няма такой разнастайнасці ў гарадах. Напрыклад, не знойдзеш такіх драўляных дамоў пасярод горада, як тут. Здараецца, але не так часта, што побач будуць стаяць гістарычны будынак і нешта новае. Тут – паўсюль кантрасты.


Пра сталых людзей

 

Ва “Універсітэце Залатога Веку” Вольга дапамагала весці заняткі польскай мовы, а таксама вяла клуб “Гарадзенскія ўспаміны”, падчас якога студэнты сустракаліся і распавядалі адно аднаму пра горад свайго дзяцінства, маладосці, узгадвалі тое, што і як калісьці было.


У мяне заўсёды быў добры кантакт са сталымі людзьмі, але працаваць з імі не даводзілася. На занятках яны паводзінамі больш нагадваюць дзяцей, чым дарослых.


Мне зараз падабаецца працаваць і з маладымі, і са сталымі. І вельмі спадабалася збіраць успаміны. Трэба арганізоўваць супольнае, цікавае для сталых і для маладых, каб іх аб’ядноўваць і каб маладое пакаленне разумела тое, што сціраецца.


Мае студэнты шмат распавялі мне пра горад, жыццёвай мудрасці, вось і мужа хацелі мне знайсці. Яны давалі мне шмат энергіі. Я раней нашмат больш наракала – гэта не падабаецца, таго не хочацца. А гледзячы на іх, калі яны прыходзяць, хочуць новаму навучыцца, колькі ў іх запалу – сорамна станавілася, калі пачынала ныць.


Маладыя беларусы


Беларусы больш сямейныя, гэта дакладна. Моладзь нашмат раней заводзіць сям’ю.


Яны бліжэй да прыроды, але не ведаю, ці гэта толькі мая тусоўка. У Польшчы тусіш звычайна па барах, а тут у лесе ды парку.


Тут нейкі здаравейшы лад жыцця. У Польшчы абедала звычайна ў нейкай кавярні, а тут такога месца не было. Але мне падабаецца тое, як я зараз жыву. Гатую дома, маю міні-агародзік на вакне. У нас здаровы лад жыцця прыходзіць хутчэй з модай, а тут гэта неяк больш натуральна.


Калі вярнуся, буду паказваць усім прыклад, вадзіць на тусоўкі ў парк. Так, як мяне вадзілі. Гэта тут, дзякуючы знаёмым, у мяне завязалася сувязь з прыродай.


І яшчэ – іх здзіўляе, што я хачу тут застацца. Таму што ў нас маўляў “свабода, разнастайнасць”… А мне здаецца, што свабода ўнутры чалавека. Маладыя людзі, якіх я тут сустрэла, больш свабодныя ўнутры.


Я б хацела, каб так шмат людзей не думалі пра тое, каб выехаць “у Еўропу”. Таму што гэта яны ствараюць свет навокал і ў іх вялікі патэнцыял.


Моўнае пытанне

 

Вольга любіць вучыць мовы. Не з падручнікаў, а каб было цікава. У Гродне яна ініцыявала сустрэчы „Tandem Evenings”.

 

Мне здавалася, што я ведаю рускую да прыезду, але апынулася, што не. Беларуская ішла нашмат лягчэй. Беларуская мова – больш літаратурная ў штодзённым жыцці. Ці прынамсі людзі навокал мяне так прыгожа размаўляюць.


Я спадзяюся, і мне здаецца, што беларуская мова мае будучыню. Нават ва УЗВ студэнты цікавяцца, нават тыя, хто ўсё жыццё пражыў не ў Беларусі. Калі я раней прыязджала ў Беларусь, такога буму яшчэ не было.


– Было смешна, калі праз восем месяцаў, як я была тут, мой сябра выбухнуў і сказаў: “Ну як ты можаш казаць «девУшки»!”. Як увесь гэты час ніхто не звяртаў увагі, што я так кАжу!

-Вольга, кажУ!


Спачатку я вельмі змагалася, каб мяне не называлі Воляй, бо Оля па-польску гэта Александра, а я ж Вольга! Але праз паўгады, калі я патэліла сяброўцы і сказала: “Привет, это Оля!”, то зразумела, што канчаткова ўлілася.


ЕВС

 

ЕВС – праграма, у рамках якой прыехала Вольга, гэта выдатная магчымасць для маладых людзей атрымаць досвед працы ў недзяржаўнай арганізацыі, у іншай краіне, ажыццявіць свае праекты – даць штосьці іншым і навучыцца чамусьці самому.

 

Каму трэба паехаць на ЕВС? Ёсць сябра, які шмат чаго ўмее і вельмі мудры, але трохі згублены, малы. Не ведае, у які бок рухаецца. Ён бы мог зарганізаваць шмат цікавага на ЕВСе. Яму трэба нейкі штуршок, каб ён пачаў фарміраваць сябе. На ЕВС трэба ехаць людзям, якія сур’ёзна хочуць развівацца.


Каму не трэба? Шмат такіх людзей, якія ўспрымаюць гэта як “класна, годзік патусавацца ў Еўропе”. Бачаць ЕВС проста як паездку.