У гарадзенскага хостэла змяніўся ўладальнік. У планах – пашырэнне

|

Новы ўладальнік і адміністратар Таццяна працуе ў хостэле тры месяцы. Гэта яе першы бізнэс. Як кажа Таццяна, у яе грандыёзныя планы. Але “трэба спачатку ўсё адчуць, не рубіць з пляча”.

Першапачаткова хостэл “Hello, Grodno” стварыла сямейная пара. Калісьці яны абяцалі пашырацца, зрабіць дадатковую інфраструктуру – у прыватнасці, велапаркоўкі. Таццяна кажа, што магчыма, таксама будзе пашырацца, але зараз трэба папрацаваць у звычайным рэжыме і зразумець, ці будзе гэта прыбыткова.

 

Тым больш, што месцаў турыстам пакуль хапае. “Бывае, адзін дзень нікога няма, а на наступны – наплыў. Але здараюцца такія “наплывы” нячаста”.

На момант нашага візіту ў хостэле жылі два чалавекі – журналіст з Мінску і студэнт з Латвіі, які вучыцца ў Гомелі і праходзіць практыку ў Гродне. Акурат падчас размовы з намі адміністратар па тэлефоне дамаўляецца з патэнцыйным жыхаром з Беларусі наконт койка-месца.    

 

Як кажа Таццяна, найбольш турыстаў прыязджае з Расіі – каля 60%. Каля 30% – беларусы, і ўсяго 10% – жыхары іншых краін. Сярод іх – Польша, Літва, Аўстралія, Францыя.

 

– Беларусы карыстаюцца хостэлам не так часта. Яны аддаюць перавагу здымным кватэрам і гасцініцам. Праблема яшчэ і ў тым, што не ўсе ведаюць, што гэта такое. У некаторых увогуле “хостэл” асацыюецца з “хоспісам”.

 

Звычайна наведвальнікі хостэлу застаюцца на адзін-два дні. Але пэўнага ліміту няма, і студэнт з Латвіі плануе тут жыць, пакуль не скончыцца практыка, а гэта каля месяца. Турыстаў шмат летам, а зімой іх колькасць памяншаецца.

Прычыны, па якіх былыя гаспадары хостэла прадалі бізнес, Таццяна не раскрыла. Намякнула, што гэта звязана з іх асабістымі адносінамі. Новы гаспадар глядзіць у будучыню аптымістычна: “Паглядзім, ацэнім, і будзем рухацца!”

 

Што прапануюць у “Hello, Grodno”?

 

У хостэле прапануюць 4, 6 і 8-мясцовыя пакоі, а таксама кухню, дзе можна скарыстацца посудам, плітой, мікрахвалёўкай і электрычным чайнікам. Кошт месца ў хостэле за тры гады не змяніўся – 9-11 еўра. Плаціць трэба ў беларускіх рублях па курсу Нацбанка на дадзены дзень. Але калі вы заязджаеце з групай або на доўгі тэрмін, можна атрымаць зніжку. Зніжку атрымліваюць і студэнты.

 

У водгуках звычайна кажуць пра ўтульнасць, але і цеснату. У праватнасці, наведвальнікі заўважаюць, што пры поўнай “загрузцы” аднаго санвузла будзе мала. 

Пэўныя нязручнасці кампенсуе размяшчэнне “Hello, Grodno”. Хостэл знаходзіцца акурат у гістарычным цэнтры горада – на вуліцы Гараднічанскай. Гэта зручна для тых, што прыязджае на аўтамабілі – у цэнтры хапае парковак. А адміністратар дасць мапы і буклеты с размяшчэннем цікавых месцаў і параіць, дзе перакусіць і што наведаць.

 

У вас ёсць цікавая ўласная справа, пра якую вы хочаце расказаць гарадзенцам і ўсяму свету? Пішыце нам на [email protected]