Студэнтам – канцэрт, выкладчыкам – вітаміны: ва “Універсітэце Залатога Веку” пачаўся сёмы навучальны год

Сустрэча на пачатку навучальнага  года хвалюе і радуе, бо гэта доўгачаканая нагода сустрэцца са старымі сябрамі, пазнаёміцца з новымі людзімі і даведацца пра тое, якія сюрпрызы рыхтуе залатым студэнтам  новы год.

  

 

Кіраўніца праграмы УЗВ Лана Руднік (злева) прадставілі прысутным каманду “Універсітэту Залатога Веку” – тых людзей, якія цягам года будуць каардынаваць і накіроўваць яго дзейнасць, але зазначыла, што галоўная роля ва УЗВ застаецца за яго студэнтамі. Менавіта задачу актывізацыі сталых людзей, а не проста запаўнення іх часу, ставяць перад сабою яго стваральнікі.

 

Сёлета павіншаваць гарадзенцаў з новым навучальным годам прыехалі сябры з Вялікабрытаніі.

 

Знаёмства гарадзенцаў са студэнтамі Універсітэту Трэцяга Веку з Бэкансфілду пачалося ў мінулым годзе з лёгкай рукі амбасадара Велікабрытаніі ў Беларусі  Бруса Бакнэла, які таксама разам з брытанскай дэлегацыяй завітаў на ўрачыстую імпрэзу.

 

Цягам года сталыя студэнты з Беларусі і Брытаніі камунікавалі паміж сабой праз скайп, а зараз сустрэліся ў Гродне. На памяць пра сустрэчу госці атрымалі кубкі з эмблемай гарадзенскага УЗВ.

 

Сярод новых напрамкаў навучання на сёмы навучальны год з’явіся сучасныя сацыяльныя танцы. Вядоўцы курса прадэманстравалі магчымасці імправізацыі партнёраў у руху, уменне адчуваць рытмы і настрой музыкі нават з завязанымі вачыма.

 

 

Таксама навучэнцаў чакаюць танцавальныя сустрэчы “РетроСреда” у рэстаране “Тапаз”, дзе таксама будуць праходзіць танцавальныя майстар-класы.

 

І гэта далёка не адзіная навінка новага сезону: школа здаровага пазваночніка, цы-гун, “Эфектыўнае ўзаемадзеянне” – гэтыя новыя курсы адразу сталі хітамі сярод навучэнцаў.

 

Таксама, як і традыцыйныя ўжо курсы – хор УЗВ, акадэмія мастацтваў, замежныя мовы, псіхалагічнае здароўе. Усяго гэтым годам будзе працаваць каля 30 курсаў і клубаў.

 

Разам з пажаданнямі плённай працы вядучыя курсаў і клубаў атрымалі вітаміны, каб падтрымаць сілы і натхніцца на актыўную дзейнасць.

 

Канцэртныя нумары ад сяброў з ансамбля “Зарачанскія крынічкі” напаўнялі залю задорам народных песень і звонкімі галасамі пявунь. Многія песні падхоплівалі і студэнты УЗВ, бо ў ансамбля і ўніверсітэта ёсць важнае агульнае звяно – Вера Кунцэвіч, вакол каторай спяваюць усе і заўсёды.

 

Падзякавала за супрацу і пажадала ўніверсітэту далейшых поспехаў і кіраўнічка грамадскага аб’яднання “Гродзенскі Дзіцячы хоспіс” Вольга Шульга. Дабрачынныя акцыі для падтрымкі дзяцей з гэтай арганізацыі студэнты УЗВ ладзяць рэгулярна.

 

А кіраўнік калектыву “Гарадзенскія дударыкі” кампазітар Яўген Петрашэвіч прачытаў для студэнтаў верш-зварот да ўласных унутраных органаў, каб яны працавалі як мага больш зладжана і служылі доўга.

 

Верш для замежных сяброў пераклалі на ангельскую, а гукі дудкі усе зразумелі без перакладу. 

 

Дзве гадзіны добрага настрою  – гэта  толькі пачатак новога навучальнага года. Але  студэнты УЗВ лепей, чым хто разумеюць, што кожны момант жыцця ў “залатым” універсітэце – гэта той самы залаты час, які можна правесці з карысцю для сябе і грамадства.

 

0 align=”” width=”725″ height=”484″ >

 

Здымкі аўтаркі



Чытай таксама:


Сталыя гарадзенцы дзеляцца ўражаннямі ад “Універсітэту Залатога Веку”

“Гісторыі. 2015”: партрэты сталых гарадзенак дэманструюцца на выставе ў Мінску

Сталыя гарадзенцы дапамаглі прытулку для жывёлаў

Сталыя гарадзенцы да Дня закаханых зладзілі вечарыну рамансаў

Праект “Універсітэт Залатога Веку: развіццё актыўнасці і самадапамогі сталых жыхароў Гродна” рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” і прафінансаваны Фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” (EVZ) у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”. Арганізатар праграмы ў Беларусі – міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне”.

Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.