Манхэтанскі фестываль кароткаметражнага кіно: гарадзенцы назвалі лепшым фільм, які ў выніку перамог ва ўсім свеце

|

Лепшым фільмам сёлетняга фестывалю стала нямецкая стужка “Да хуткай сустрэчы” / Bis Gleich. 15-хвілінны фільм расказвае пра двух жыхароў Берліна, якія назіраюць за жыццём горада праз свае вокны праз дарогу адзін ад аднаго. Паміж імі ўсталёўваецца дзіўная сувязь. Ва ўсім свеце за гэты фільм прагаласавала 14 905 гледачоў, у Беларусі – 1040, у Гродне – 139.

Гэтаксама актор з гэтага фільма Хёрт Вестфаль атрымаў узнагароду як лепшы актор фестывалю. За яго згодна прагаласавалі і беларускія гледачы, і рэшта свету.

 

Таксама беларусы і іншыя гледачы з усіх кантынентаў згодна далі другое месца фільму “Шок” / Shok, знятаму сумесна аўтарамі з Косава і Вялікабрытаніі. Агулам фільм атрымаў 13 424 галасоў, у Беларусі – 913, у Гродне – 117. Стужка гэта кароткая гісторыя сяброўства двух хлопцаў, якое праходзіць праз цяжкае выпрабаванне, калі ў Косава прыходзіць вайна і сябрам прыходзіцца змагацца за сваё жыццё.

 

А вось трэцяе месца беларусы, у тым ліку гарадзенцы, і рэшта свету вызначылі па-рознаму. На фестывалі бронзу ўзяла анімацыя “Мядзведжая гісторыя” / Bear Story, створаная ў Чылі. Ва ўсім свеце за яе прагаласавала 8 677 чалавек, а ў Беларусі ўсяго 351 (у Гродне – 38), што забяспечыла ёй у нас пятае месца.

Анімацыя расказвае гісторыю мядзведзя, які, намагаючыся пазбавіцца тугі, расказвае пра сваё беспрасветнае жыццё з дапамогай механічнай дыярамы. Стужка адлюстроўвае трагедыі сем’яў, якіх раздзялілі ўмовы дыктатуры Аўгуста Піначэта.

Вось кароткі трэйлер гэтай цікавай анімацыі

 

Беларусы паставілі на трэцяе месца іншую стужку – нямецкую “Канчаткова і незваротна” / Forever over. Гэта гісторыя маладой пары, якая ў пошуках вастрыні адчуванняў заводзіць спіс жаданняў, але іх выкананне прыводзіць да нечаканых наступстваў.

 

Агулам у Гродне галасавала 463 чалавекі.

 

Сёлета Манхэтанскі фестываль кароткаметражнага кіно праходзіў ужо 18-ы раз, у Гродне – пяты. Асноўная “фішка” фестывалю – тое, што паказы адбываюцца цягам тыдня ў больш чым 250 гарадах на шасці кантынентах. Пераможцаў выбіраюць гледачы.

 

Чытайце таксама:

 

Манхэтанскі фестываль 2011: гродзенцы ўпадабалі фільмы пра Халакост і рэвалюцыю ў Каіры