Спартыўны псіхолаг Кацярына Буча: “Вучу трапляць у цэль і дасягаць мэтаў”
– Найперш, Каця, раскрый нам таямніцу – што ўвогуле робіць спартыўны псіхолаг-трэнер? Напрыклад, чым ты займалася непасрэдна перад сустрэчай?
– Я працавала з падлеткам-хакеістам. Праблема, каторую мы з ім разам вырашалі, тыповая для многіх сучасных дзяцей – у іх абмежавана рухомасць запясцяў і пальцаў рук. Трэнер звяртае на гэта ўвагу, бо ўзнікаюць складанасці – гулец не можа добра валодаць клюшкай. Але карані праблемы не ў тым, што нешта не так з рукамі. Гэта толькі следства парушэння сінаптычных сувязей паміж карой правага і левага паўшар’яў мозгу. Дапамагчы аднавіць ці напрацаваць гэтыя сувязі – задача псіхолага. На занятку мы працавалі з дробнай маторыкай, рабілі розныя практыкаванні.
Мая ўласная “фішка” ў вырашэнні такіх праблем у тым, што я стаўлю яшчэ і дакладнасць кідка, вучу трапляць у цэль. І мне няма розніцы, вычыць гэтаму баскетбаліста ці стралка.
– Як гэта – няма розніцы? Там розныя жа тэхнікі.
– Так, і трэнераў таксама спачатку дзівіла, калі я так казала. Але факт у тым, што задача ўсё роўна адна – незалежна ад віду спорту – патрапіць дакладна. Тут працуе найперш біямеханіка, толькі потым тэхніка канкрэтнага віду. Я і не чапаю тэхніку, гэта справа трэнера. Але ўмею навучыць патрапляць у цэль – з любога становішча і ў любую кропку. Бо галоўнае – навучыцца бачыць лінію прыцэлу, загадзя ведаць, куды трэба патрапіць.
– А ў жыцці звычайных людзей твае тэхнікі працуюць? Ці можна навучыцца “прыцэльна” дасягаць сваіх мэтаў?
– Канечне, тут правілы агульныя для ўсіх. Учора ў жаночым клубе я чытала лекцыю на тэму “Асцярожна, мары збываюцца!” – акурат пра тое, як ставіць і дасягаць мэты. Бо калі яны не збываюцца, то верагодней за ўсё мэта не была вызначана, ці была пастаўлена недакладна.
Мэту трэба рабіць бачнай, канкрэтнай – гэта значыць – правільна яе фармуляваць.
Адна знаёмая марыла выйсці замуж за замежніка. Гэта была яе мэта, так яна яе сфармулявала. Але ў гэтай мэце не было таго, што яна насамрэч хацела – жыць бязбедна, пакінуць цяжкую працу, мець мужа, каторы будзе пра яе клапаціцца… У выніку атрымалася як хацела – замуж за замежніка яна выйшла. Але аказалася, што ён меў намер знайсці жонку, каторая будзе яго абслугоўваць і забяспечваць. Гэта тыповы прыклад дасягнутай мэты, якая першапачаткова была пастаўлена няправільна. Таму я папярэджваю – асцярожна, бо атрымаеш менавіта тое, што просіш.
Ці яшчэ, з прафесійнага. Спартсмен у адказ на пытанне пра свае мэты кажа нешта кшталту “хачу патрапіць у зборную”. Гэта таксама прыклад няправільна пастаўленай мэты. Уявім, што патрапіў. І што далей? На печы ляжаць? Ці хакеісты кажуць – хачу ў НХЛ. Можна купіць білет і паехаць на матч – вось табе і патрапіў у НХЛ. А ці таго хацелася? Напэўна, не.
У такіх сітуацыях дапамога адмыслоўцы-псіхолага можа быць карыснай, бо навучыць ставіць мэты вельмі канкрэтна.
На апошнім міжнародным трэнінгавым лагеры, дзе я ў складзе вельмі моцнай каманды трэнераў і псіхолагаў працавала з маладымі хакеістамі, толькі адзін гулец у практыкаванні па вызначэнні мэтаў даў канкрэтны адказ: “Хачу выйграць Кубак Стэнлі”.
Як высветлілася, ён меў досвед гульні ў Амерыцы. Там спартсменаў вучаць, у тым ліку і псіхолагі, вельмі канкрэтна фармуляваць мэты. Каманда павінна разумець, навошта яна бярэ ўдзел у кожным турніры. І кожны павінен ведаць, што канкрэтна ён павінен зрабіць для агульнага поспеху.
– Бачу яшчэ адну праблему – завышаныя чаканні, несуадноснасць магчымасцей з вышынёй паднятай планкі. Як правільна ацаніць свае магчымасці у пастаноўцы мэты, каб не згарэць, не дапусціць самаразбурэння на шляху да яе?
– Так, гэта важна. Часам, мы ставім мэту і жывём ужо будучыняй, а вось стары чарапаха Угвэй з мульціка “Панда Кунг-фу” казаў, што “мінулае – забыта, будучыня – закрыта, а цяперашняе – падаравана”.
Жыць трэба цяперашнім часам, у кожны момант. Калі каву піць, можна пракаўтнуць і не заўважыць, а можна атрымаць асалоду ад паху, колеру, адчуць задавальненнне ад кожнага глытка. Жыць у кожным імгненні, цаніць яго – у гэтым і ёсць кайф.
Бывае, атрымліваеш тое, пра што марыў, а задавальнення няма – не так хацелася і ўяўлялася. Сам факт валодання не дае адчування спаўнення мары, бо сэнс у тым, каб адчуваць смак жыцця і задавальненне ў кожны момант пад час руху да мэты.
Мэта разам з марай даюць накірунак руху – арганізуюць дзейнасць. Чалавек працуе на тое, каб набыць навыкі, тэхніку, адшліфаваць майстэрства. Тады кожны крок набліжае да жаданага выніку.
Мара розніцца ад мэты тым, што не заўсёды насамрэч патрэбна, каб яна спраўджвалася. Мець прыгожую мару – само сабою прыемна. Як, напрыклад, марыць пра палёт на паветраным шары.
Спраўдзіць не цяжка – заплаці пэўную суму і ляці. Але калі шчыра – гэта не зусім тое. Тут больш прывабны сам працэс – прыемна марыць, а не атрымаць вынік. Але трэба адчуваць розніцу: адна справа – марыць, зусім іншая – узяцца і дасягнуць мэты.
– На гэтым этапе узнікаюць галоўныя небяспекі. Калі выстаўлены мэты, праца ўвайшла ў рытм, хуткасць нязменна нарастае, то ў пэўны момант гэта проста вычэрпвае ўсе сілы. Прыходзіць хранічная стомленасць, а следам – эмацыйнае выпальванне. Як быць у такой сітуацыі?
– Стомленасць з’яўляецца найперш, калі не спраўджваюцца пажаданні і чаканні. Другая прычына – калі ўкладаем шмат сіл і не маем аддачы – грошай ці маральнага задавальнення. Тут у кожнага свае патрабаванні. Але калі аддачы няма, то прыйдзе стомленасць.
Прычына выпальвання гэта жыццё дзеля працы. Калі мы праводзім там вялікую колькасць часу, гэта павялічвае стрэс, ён збіраецца, нарастае і не здымаецца. А арганізм патрабуе пераключэння. Работу трэба пакідаць на рабоце, не цягнуць яе дадому – не важна, у партфелі ці ў галаве. Найлепшы спосаб пераключэння – зрабіць нешта, што падабаецца, выдзеліць час на хобі.
– Добра, калі працу можна скончыць проста выключыўшы кнопку. Але ёсць шмат прафесій, дзе праца не скончваецца “па званку”. Як быць тым, хто працуе інтэлектуальна?
– Усё роўна трэба выдзяляць час для сябе. Калі ёсць адчуванне, што не можаш пераключыцца, трэба змяніць абстаноўку – выйсці на шпацыр ці на рыбалку, паехаць у тур выхаднога дня. Новыя месцы, дзеянні, уражанні дапамагаюць зрабіць “перазагрузку”. Тым больш неабходна гэта рабіць, калі ёсць адчуванне, што ўжо блізка падышлі да мяжы магчымасцей.
Такое часта бывае і ў спартсменаў, асабліва ў дзяцей. Бацькі прыводзяць і кажуць: “нешта здарылася з дзіцём – нічога не хоча, ні вучыцца, ні трэніравацца”. Я адразу прашу расказаць пра яго рэжым. Часцей за ўсё аказваецца, што шматлікія заняткі не пакідаюць часу для адпачынку, не даюць пераключыцца на сябе. Тады выйсце толькі ў тым, каб як мага больш разгрузіць дзіця на некаторы час. Да таго нават, што даць магчымасць пару дзен у школу не пайсці. Няхай паробіць тое, што яму падабаецца, гэта адновіць сілы для далейшай працы.
– Але дарослым у падобных выпадках значна цяжэй. На працы наўрад ці ёсць магчымасць сказаць начальніку, што мне трэба пераключыцца, таму я пару дзён работы прагуляю.
– Тым больш трэба сябе берагчы – часцей рабіць перапынкі, змяняць від дзейнасці. Адчуваеш, што накаляецца ўнутраная атмасфера – пераключыся, зрабі перапынак.
Калі хочаш эфектыўна працаваць, трэба адпачываць. Насамрэч, кожны гэта і так разумее. Я, папрацаваўшы паўтары гады ў шалёным рытме, урэшце сказала: ”Хопіць, мне гэта не патрэбна”. Бо здароўе здало, нервы. Не хацелася больш ні пасады, ні зарплаты. Адчула, што губляю сябе. Аднаўляцца потым год давялося, каб вярнуцца да раўнавагі, ізноў адчуць задавальненне ад жыцця.
Калі нехта ставіць на мэце кар’еру, то мусіць усведамляць, ад чаго адмаўляецца. Але гэта пытанні ўласнага выбару і таго, чым кожны гатовы ахвяраваць. Хочаш кар’еру і грошы – рызыкуеш згубіць здароўе ці цёплыя адносіны з блізкімі. Як у вядомай казцы – нельга адначасова мець і дудачку і збаночак.
– У выніку на кану ўсё роўна тая самая цана – страта сябе, не толькі працы і грошай, так?
– Канечне. Бо ў крытычны момант, калі ўзнікне пагроза фізічнага збою, арганізм, каб захаваць жыццё, сам гэту выратавальную перазагрузку зробіць – праз хваробу, сур’ёзную дэпрэсію ці нервовы зрыў.
– Тады мусіш адпачыць, незважаючы на колькасць запланаванай працы і абавязкі.
– Так. Толькі ўжо ў шпіталі, з лекамі. І гэта яшчэ не горшы варыянт.
Адпачываць ці не – таксама пытанне выбару. Можна і не адпачываць, калі такі вынік не палохае. А можна знайсці варыянты, хаця б за свой кошт пару дзён узяць. Паўза дасць сілы жыць і працаваць далей. А ў хранічна напружанай сітуацыі варта падумаць пра больш кардынальныя рашэнні. Можа, трэба працу змяніць, ці свае адносіны да яе.
У любым выпадку гэта выбар, каторы чалавек робіць. Ці не робіць.
– А калі цяжка самастойна зрабіць выбар, калі такая некамфортная сітуацыя павісае на доўгі час, тады што рабіць? Патрэбна кансультацыя псіхолага?
– У псіхалогіі ёсць кансультаванне і навучанне. Можна звярнуцца і за кансультацыяй, але што тычыцца мяне – аддаю перавагу навучанню. Вучу людзей пэўным навыкам. Каб пасля працы са мной маглі далей самастойна ісці сваім шляхам. Лічу, што сітуацыя, калі кліенты прывязваюцца, ходзяць і кансультуюцца бясконца, не вельмі добрая.
Таму я вучу людзей і адпускаю. А калі ўзнікае сітуацыя, што трэба “упрошваць”, калі бацькі гатовы плаціць, а дзіця не хоча працаваць, то стараюся адмаўляцца ад такіх кліентаў. “Вам заплацілі – адпрацуйце” – гэта не для мяне. Калі сябе паважаеш і цэніш, разумееш, чаго хочаш ад жыцця, фармуецца іншы падыход да працы – я раблю тое, што хачу, умею і дзе я прынясу найбольш карысці.
– А ў якіх выпадках спартсмены звяртаюцца за дапамогай да псіхолага?
Вельмі частая праблема – складаныя адносіны з трэнерам: “Я сяджу на лаўцы запасных, мяне не выпускаюць”. Пачынаем разбірацца, шукаць прычыны і шляхі наладжвання стасункаў.
Таксама псіхалагічная падтрымка патрэбна для пераадолення няўпэўненнасці, страхаў перад новымі задачамі, для адаптацыі ў новай камандзе.
Калі трэнеры прыводзяць дзяцей ці падлеткаў, то часцей за ўсё гэта праблемы канцэнтрацыі ўвагі. Дзеці зараз растуць у камп’ютарах і гаджэтах, таму не ведаюць часам элементарных рэчаў – не ў стане засяродзіцца, назіраць за тым, што адбываецца навокал, а гэта значыць, ім цяжка трымаць пад увагай сітуацыю ў гульні, працаваць у камандзе.
Канцэнтрацыі можна навучыцца. Такія заняткі я звычайна раблю на вольным паветры, у Каложскім парку.
Дзеці часта не ведаюць, што такое рэлаксацыя. Трэнер кажа расслабіцца, а малы спартсмен кажа: “Не ведаю, што ён ад мяне хоча”. Ці павісае, як сасіска. А “расслабленнне” гэта не так. Важна, каб ад малога ён разумеў, што трэба расслабляць мышцы і трымаць стрыжань адначасова.
– Ці можна самастойна асвоіць тэхнікі канцэнтрацыі і рэлаксацыі? Ці толькі з псіхолагам?
– Можно і самастойна. У сеціве мноства практыкаванняў на трэніроўку ўстойлівай увагі. Самае простае – рэфлексіўнае чытанне. Трэба прачытаць так, каб запомніць максімум. Гэта значыць, чытаць асэнсавана, не дазваляць думкам разлятацца, не скатвацца ў механічнае чытво.
Добра вучыцца канцэнтраваць увагу гледзячы на дрэвы, ці на плыні вады. Гэта адначасова і практыка рэлаксацыі, аднаўлення. На занятках мы робім такія практыкаванні. Ёсць мае ўласныя комплексы практыкаванняў, распрацаваныя пад заняткі ў парку. Спачатку я прашу дзяцей назіраць, што яны бачаць у час трэніроўкі, потым спускаемся да Нёмана, каб паглядзець на плынь, потым – падымаемся па лесвіцы да Каложы.
Але не проста падымаеся. Каб узняцца на наступную прыступку, трэба адказаць на пытанне. Напрыклад – “Які я”, “Што я люблю”, “Што мне падабаецца ў хакеі”, “Мае моцныя бакі”, “Мае слабыя бакі”, “Што я буду рабіць, каб дасягнуць сваёй мэты”…
Яшчэ вучу дзяцей запамінаць тое, што ёсць навокал, быць уважлівымі да асяроддзя. Магу, напрыклад, нечакана папрасіць іх заплюшчыць вочы і адказаць якога колеру былі урны ў парку, ці колькі бяроз расце злева ля лесвіцы. Першым часам гэта ставіла іх у тупік. А зараз навучыліся заўважаць і запамінаць. Гэтай “чароўнай лесвіцай ” у Каложскім парку і прапанаваным практыкаваннем могуць самастойна карыстацца ўсе гарадзенцы.
– Якія яшчэ ў цябе ёсць “цікавосткі” ў працы?
– Я аўтарка спартыўных матывацыйных картаў з выказваннямі вядомых спартсменаў. Выкарыстоўваю іх у падрыхтоўцы да выступаў ці спаборніцтваў. Вельмі часта атрымліваецца, што гэтя “выпадковыя” фразы паказваюць, над чым зараз трэба працаваць.
Яшчэ да маіх вынаходніцтваў можна аднесці практыкаванне “капсула”, распрацаванае калісьці адмыслова для аднаго з брамнікаў хакейнага “Нёмана”. Тэхніка вучыць засяроджвацца на тым, што робіш і не звяртаць увагі на астатнія знешнія раздражняльнікі, памяшчаць сябе ў “капсулу” увагі.
– А якія спосабы пераключэння і рэлаксацыі ты выкарыстоўваеш для сябе? Уласна – ці патрэбна гэта псіхолагу?
Канечне, патрэбна. Псіхолагі таксама людзі.
Я сёлета нарэшце дайшла да рэалізацыі сваёй мары – пачала вучыцца маляваць. Бяру урокі ў прафесійнага мастака. Вось ужо ёсць першая мая “сапраўдная” акварэль.
Такія рэчы вельмі дапамагаюць у рэлаксацыі. Бо стрэс сыходзіць, калі робіш тое, што хочаш, калі рэалізуеш сябе.
Часам дазваляю сабе рабіць нязвыклыя рэчы. Нядаўна пайшла з дачкой у джунглі-парк. Спачатку так страшна было! Я не магла зразумець, як я дазволіла сябе ўцягнуць у гэту авантуру. А калі спускалася з апошняй станцыі, думала – класная рэч! Трэба будзе яшчэ прыйсці!
Такія “дробязі”, як пераадоленне ўласных страхаў, вельмі падвышаюць самаацэнку, даюць разуменне – “я многае магу”.
І да калег-псіхолагаў таксама звяртаюся, калі адчуваю неабходнасць. Бывае, так заліпнеш у сітуацыі, хто здаецца няма выйсця. Тады патрэбен старонні незалежны погляд, бо звонку ўсё відаць інакш. Тут іншы хутчэй патлумачыць, пакажа іншыя перспектывы, дамаможа змяніць напрамак думкі, і ўрэшце знайсці выйсце.
Здымкі Ірыны Новік
Чытай больш:
Каця Неўгень: пра “размовы ў зяленым”, творчасць і жыццёвыя дробязі
“Жыццё ў прапанаваных абставінах”. Саша Аўдзевіч расказвае пра падарожжа да Балтыкі на хэндбайку