“У нас магла быць свая кінастудыя”. Шэсць пытанняў і адказаў пра гісторыю кіно ў Гродне

Калі ў Гродна з’явіўся першы кінатэатр?

 

У 10-х гадах ХХ стагоддзя па ўсёй Расійскай імперыі з’яўляліся адмысловыя кінатэатральныя будынкі. Гэты працэс не абмінуў Гродна. З архіўных крыніц вядома, што былі падрыхтаваны два тыпавыя праекты кінатэтараў “Сатурн” і “Эдэн”. Але толькі праект пабудовы апошняга быў рэалізаваны.

 

Ініцыятарам з’яўляўся адстаўны вайсковец Сяргей Манастырскі. Так у 1915 годзе быў пабудаваны кінатэатр “Эдэн”. Гэта самы стары гарадзенскі кінатэатр, які захаваўся. З прыходам палякаў яго назва змянялася спачатку на “Палонія”, а пасля “Пан”. Цяпер мы яго ведаем як “Чырвоную зорку” ці ласкава – “Зорачку”.

 

Якія стужкі паказвалі ў кінатэатрах?

 

Усе кінатэатры ў міжваенны час былі прыватнымі. І ўладальнікі самі абіралі рэпертуар кінастужак. Але ў канцы 20-х – 30-я гг. ХХ ст. існавалі некаторыя патрабаванні да дэманстрацыі фільмаў: за месяц у кінатэатры павінны былі паказаць пэўную колькасць польскіх стужак. А калі адбыўся нямецка-польскі канфлікт, то з’явілася ініцытыва адмовы паказу нямецкіх стужак. Праўда, гарадзенскі кінатэатр “Маленькі” не далучыўся да байкоту. Фільмы ішлі з перакладам на польскую мову.

 

У пасляваенны час у Гродне паказвалі савецкае і замежнае кіно. Эдуард Дзмухоўскі прывёў успаміны свайго бацькі: калі ў кінатэатрах паказвалі замежныя фільмы, то на экране было напісана “Взят в качестве трофея”.

 

Што можна было рабіць у кіно акрамя прагляду стужак?

 

З часам змянілася канцэпцыя кінатэатраў. Калі раней яны былі папулярны як цуд тэхнікі, то пазней кінатэатр стаў месцам культуры. Самым “правільным” кінатэатрам быў “Святавід”, які знаходзіўся на вуліцы Брыгіцкай (сучасная вуліца Маркса). Акрамя таго, што ў ім паказвалі сур’ёзныя стужкі, там праводзілі лекцыі ксяндзоў і выкарыстоўвалі яго як пляцоўку для культурных мерапрыемстваў.

 

У кінатэатры “Мадэрн” была выстава, падобная на сённяшнюю гарадзенскую кунсткамеру. Наведвальнікам дэманстравалі зробленыя з воску паталогіі развіцця чалавека і эмбрыёны.

 

Як у кінатэатр праходзілі без білетаў?

 

Хадзіць у кінатэатры заклікалі рэкламай і таннымі білетамі. Білеты каштавалі ад 20 грошай да 1 злотага, у той час як шклянка малака – 30 грошай. Таксама за месяц да паказу можна было набыць купон на любы фільм, які каштавай танней за білет. Тым не менш, у кінатэатрах часта быў хаос: некаторыя квіткі выкарыстоўваліся некалькі разоў, а часам у наведвальнікаў увогуле не было білетаў. Пра гэта пісалі ў тагачасных газетах.

 

У кінатэатр любілі хадзіць дзеці. Яны хітравалі і хадзілі на кінасеансы амаль бясплатна. Адзін чалавек набываў білет і прапускаў кампанію сяброў праз чорны ўваход, калі ў зале выключалі святло. 

 

Чаму людзі хадзілі ў кінатэатры?

 

З газет вынікае, што ў той час кінатэатры былі вельмі бруднымі, з абшарпаннымі сценамі і агрызкамі. Часам падчас сеансаў нават спраўлялі фізіялагічныя патрэбы. Брудна было і таму, што паміж вячэрнімі сеансамі не было часу, каб прыбраць у залі.

 

Тым не менш, кінатэатр быў часткай гарадской штодзённасці. “Для людзей гэта быў іншы свет, ім хацелася спрычыніцца да гэтага цуда”, – кажа Таццяна. Дзяўчаты нават выціналі выявы актораў з праграмак і часопісаў і запаўнялі альбомы.

 

У Гродне маглі пабудаваць кінастудыю?

 

Пра гэта напісана ў адной газеце за 1921 г. Для кінастудыі выбралі месца і нават назву – “Літфільм”. Там збіраліся здымаць патрыятычныя і прыродазнаўчыя фільмы. У газеце было напісана, што “тысячы, тысячы грошай мы заробім, здымаючы фільмы на Крэсах”.

 

Напрыканцы сустрэчы Таццяна прызвала ўсіх хадзіць у кінатэатры. Бо “нават калі мы пасля фільма ўстанем і разыйдземся, на час стужкі мы становімся супольнасцю”.

 

Фотапараўнанне: як выглядалі ў мінулым кінатэатры Гродна