Забытыя будынкі Гродна: карчма, якую знеслі для аблвыканкама

Правая частка выканкама паўстала ў канцы 60-х на тэрыторыі былога сада пры палацы віцэ-губернатара (цяпер вядомы рэстаранам “Каралеўскае паляванне”).

 

Аблвыканкам шчыльна падыходзіў да вуліцы Гараднічанскай, якая тады не заканчвалася скрыжаваннем з Тэльмана ды Карбышава, а бегла да самай Гараднічанкі, перасякаючы вуліцу Ажэшкі. На месцы сучаснай левай часткі аблвыканкама знаходзілася двухпавярховая карчма „Nędza” (“Галеча”), пабудаваная ў 1770-я гады. Яна складалася з кампактнага двухпавярховага мураванага будынка гасцініцы і выцягнутай, прамавугольнай у плане драўлянай стайні з цагляным каркасам, якая прылягала да дваровага фасада. Будынкі былі накрыты высокімі двухсхільнымі дахамі.

 

На пачатку XIX ст. былую карчму перабудавалі пад будынак кантрольнай палаты. Тут працавалі: праўленне таварыства ўзаемнага крэдыту (1894 г.), фотамайстэрня Краўзэля (з1908 г.), казённая вінная лаўка Заморскай. У 1920-30-х гг. у будынку знаходзіліся: крама таварыства “Jutrzenka”, рэстаран “Jar” Я. Зінко, Гродзенскае аддзяленне Варшаўскага гандлёва-прамысловага банка, гандлёвы кааператыў “Lech”, “Клуб дзяржаўных служачых”, рэстаран “Пад зоркаю”.

 

Пасляваенным гродзенцам карчма запомнілася як афіцэрская сталовая ды крама гарпрамгандлю “Детские игрушки”. Карчма аказалася нечаканай ахвярай “пашырэння” гродзенскага аблвыканкама. У прынцыпе, такой самай ахвярай стаў і сам аблвыканкам, бо ягоны першы будынак, узведзены каля сярэдзіны 1960-х гг., выглядаў досыць цікава.

 

Прыкладна так выглядала карчма “Галеча” адразу пасля пабудовы ў часы Антонія Тызенгаўза.1770-я гг.

 

 

Фота карчмы ў пачатку ХХ ст. Правей сад і палац віцэ-губернатара Масімовіча.

 

 

Карчма цудоўна глядзелася разам з будынкам мясной крамы праз вуліцу Сацыялістычную.

 

 

У 1920 г. палякі трымалі ў былой карчме штаб гродзенскай крэпасці.

 

 

На гэтым міжваенным здымку добра бачная шыкоўная ўваходная частка карчмы.

 

 

Фота 1950-х гг. Асабліва цікава глядзеўся зрэзаны вугал карчмы з боку Гараднічанкі.

 

 

Бакавы фасад карчмы адкрываўся прыгожымі вітрынамі. 

 

 

З аблвыканамам карчма глядзелася не так і дрэнна. Ды і палавінку аблвыканакама ў гістарычным цэнтры таксама можна было трываць. Глядзеўся як такі сучасны небаскроб, а не як цяперашняя сцяна.

 

 

Карчма, аблвыканкам і тэрасы на беразе Гараднічанкі, якія праіснавалі крыху болей дзесяці гадоў. Пасля іх засыпалі, будуючы плошчу Леніна.

 

 

Унікальнае фота Наталлі Дораш. Хлопчыкі з’язджаюць па Гараднічанскай да ракі. За імі пралёт Гараднічанскай паміж “старым” выканкамам і карчмой. 1970-я гг.

 

 

Разбурэнне карчмы, зафіксаванае з-за мура. 1978 г. Такая фіксацыя разбурэння будынкаў у 1960-70-х гг. – даволі рэдкая з’ява. Фатографам маглі зацікавіцца – нашто фатаграфаваць непатрэбнае староцце, на змену якому ідуць новыя шматпавярховікі. На другім плане таксама пазней знішчаны трохпавярховы будынак на Сацыялістычнай.

 

 

Будаўніцтва другой паловы аблвыканкама на месцы былой карчмы ў 1979 г.

 

Чытайце таксама:

 

Забытыя будынкі Гродна. Тартак “Лес”, які нагадваў замак ды знік бясследна

 

Забытыя мясціны Гродна: дом, ад якога засталася толькі рыбка

 

Забытыя мясціны Гродна: вуліца Кляшторная, якую “дабіў” Дом быту

 

Кармяліцкая камяніца. Гарадзенскі дом, які ніхто не намаляваў

 

Кася і Бася – расійская і нямецкая сёстры ў самай высокай кропцы Гродна

 

Гарадзенскія львы: гісторыя і сучаснасць

 

У пошуках страчанага: Шляхецкі дворык у цэнтры Гродна