Пасля паразы ў Мінску Голань заявіў, што задача “Нёмана” – быць у шасцёрцы

|

Пасля гучнай перамогі ў Брэсце, гарадзенцы з добрым настроем адправіліся ў Мiнск на гульню супраць яшчэ свежага ўладальніка Кубка Беларусі – “Юнацтва”. Але ў сталіцы дружыну Мілаша Голаня чакаў сюрпрыз, які ў выніку апынуўся разгромным паражэннем.

 

Першы перыяд гарадзенцы яшчэ трымаліся і не прапускалі шайбаў. А вось у другім гаспадары закінулі тры шайбы і яшчэ тры у трэцім. “Нёман” шайбу прэстыжу закінуў у трэцім перыядзе, калі на табло быў лік 5:0.


“Юнацтва” – “Нёман” 6:1 (0:0, 3:0, 3:1)

 

Галы:

24.45 1: 0 – Міхно (Сырей, Хэнкель, – бол.)
36.20 2: 0 – Яфіменка (Корсо, – мен.)
39.45 3: 0 – Яфіменка (Шафарэнка, Развадоўскі)
40.30 4: 0 – Развадоўскі (Хэнкель, – бол.)
42.15 5: 0 – Яскевіч (Дзюкаў)
45.39 5: 1 – Мікулік (Баярчук, Коршунаў, – бол.)
54.52 6: 1 – Развадоўскі (Міхно, Шафарэнка, – бол.)

 

Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Мілаш Голань заявіў, што гарадзенцам цяпер цяжка гуляць супраць усіх супернікаў.


– Сёння мы не згулялі добра. Спачатку было відаць, што дзейнічалі няўпэўнена, занадта моцна паважалі суперніка. У першым перыядзе яшчэ гулялі па задачы, у другім жа – два выдаленні, прапусцілі шайбу. Пасля гэтага ўсе зламалася. Супернік закінуў яшчэ двойчы. Хацеў нешта памяняць, выйшаў другі брамнік, перайшлі на дзеянні ў тры звяна, але прапусцілі ў першай жа змене.


У нас не было задачы быць у першай тройцы. У нас новая каманда. Будзем біцца да канца. Супраць такіх супернікаў нам цяжка гуляць. Цяпер галоўнае – трапіць у першую шасцёрку.

 

У чацвер 29 кастрычніка “Нёман” дома будзе прымаць бабруйскае “Дынама”.