Звольненыя ў Беларусі гісторыкі пачынаюць працу ў Варшаўскім універсітэце

У бліжэйшую суботу ў Варшаўскім універсітэце ўрачыста адкрыецца Цэнтр беларускіх даследаванняў.

 

Новы цэнтр мае на мэце даць магчымасць працаваць і развівацца беларускім навукоўцам, якія з палітычных прычынаў не могуць праводзіць незалежныя навуковыя даследаванні ў Беларусі. У вялікай ступені цэнтр арыентаваны на навукоўцаў з Гродна, якіх апошнім часам пазвальнялі з працы.

 

Гарадзенскія гісторыкі стварылі ў Варшаве Цэнтр беларускіх студыяў

 

Усяго тут будуць працаваць 10 беларускіх гісторыкаў — 9 гарадзенцаў і адзін мянчук.

 

Як адзначыў у інтэрв’ю Свабодзе кіраўнік Цэнтру беларускіх даследаванняў, доктар гістарычных навук Аляксандар Краўцэвіч, новая структура — не толькі даследчая, але і дыдактычная:

 

“Мы паянуем развіваць адразу некалькі функцый: выкладанне на факультэце Усходніх даследаванняў у Варшаўскім універсітэце і працу над гістарычнымі тэмамі, слаба распрацаванымі ў Беларусі”.

 

Школа, аспірантура, коледж АБСЕ і кнігі. Чым займаюцца звольненыя гарадзенскія выкладчыкі?

 

Звольнены ў 2013 годзе з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прафесар, аўтар “Гродназнаўства” Вячаслаў Швед ствараў праект Цэнтру беларускіх даследаванняў разам з Аляксандрам Краўцэвічам.

 

Ён сказаў Свабодзе, што ад моманту звальнення не мог уладкавацца ні ў школу, ні ў ВНУ: дырэктары наймалі з задавальненнем, але пасля прыходзіла распараджэнне ад кіраўніка аблвыканкаму, каб Шведа не бралі на працу.

 

“Я думаю, што гэта добры праект, які дасць магчымасць для развіцця не толькі звольненым выкладчыкам. У цэнтры будзе гадавы часопіс — можна будзе публікавацца. Таксама ў цэнтры можна будзе займацца індывідуальнымі праектамі, афіцыйна атрымліваць гранты на даследаванні. Вядома, кепска, што нас звальняюць і такім чынам аслабляюць беларускія ВНУ. Але мы ўсе знаходзімся ў Беларусі і працуем на карысць Беларусі. У перспектыве думаем пра тое, каб такі цэнтр існаваў і ў нашай краіне. На жаль, пакуль такой магчымасці няма”, — адзначыў навуковец.

 

Нягледзячы на тое, што Цэнтр беларускіх даследаванняў будзе працаваць пры Асяродку вывучэння Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніеэрсітэта, навуковыя распрацоўкі, зробленыя там, будуць унёскам у беларускую, а не польскую гістарычную навуку, лічыць Вячаслаў Швед:

 

“Напрыклад, мой праект прадугледжвае стварэнне энцыклапедыі гісторыі Гродна, а ў праекце Аляксандра Краўцэвіча — напісанне падручнікаў, у якіх будзе выкладзеная гісторыя Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы з беларускай перспектывы. Мы будзем імкнуцца да аб’ектыўнасці ў сваіх працах, будзем пазбягаць навешвання ярлыкоў. Але Беларусь будзе ў цэнтры даследавання — роля беларусаў, уплыў на суседнія краіны, кантакты з замежнымі дзяржавамі. Важна, што мы не закрываемся, не адгароджваемся ад іншых гісторыкаў Беларусі, не супрацьпастаўляем сябе ім. Наадварот — мы хочам, каб нашымі напрацоўкамі маглі карыстацца ва ўсіх ВНУ Беларусі. Гэтым мы хочам дапамагчы беларускай гістарычнай навуцы”.

 

Вячаслаў Швед распавёў, якім чынам будзе арганізаваная праца беларускіх гісторыкаў у Цэнтры беларускіх даследаванняў:

 

“Гэта будзе адбывацца завочна. Раз на месяц мы будзем выязджаць у Варшаўскі ўніверсітэт, але большасць часу будзем знаходзіцца ў Беларусі. Таксама зможам сустракацца тут, у Гродне, — амаль усе даследчыкі жывуць у адным горадзе, гэта зручна”.

 

Яшчэ адна ўдзельніца Цэнтру — гарадзенскі гісторык Іна Соркіна, звольненая з універсітэту імя Янкі Купалы ў 2014 годзе. Яна даследуе гістарычную ўрбаністыку і гісторыю мястэчак Беларусі.

 

“Пасля звальнення я ўжо атрымала каласальную падтрымку з боку акадэмічнай супольнасці Польшчы — удзел у гадавой стажыроўцы імя Льва Сапегі. Стварэнне Цэнтру беларускіх даследаванняў — таксама велізарная дапамога з боку варшаўскіх калег. Спадзяюся, што там мы будзем мець магчымасць працягнуць свае навуковыя даследаванні”.

 

Даследчыца спадзяецца, што апроч навуковай дзейнасці ў межах Цэнтру беларускія гісторыкі будуць мець магчымасць выкладаць свае спецкурсы:

 

“Стварэнне гэтага цэнтру звязанае з выкладаннем. Апроч таго, у Варшаўскім універсітэце немагчыма працаваць, увогуле не выкладаючы студэнтам. Толькі пакуль невядома, каму мы будзем выкладаць — палякам ці беларусам. Вядома, было б вельмі добра нейкім чынам згуртаваць усіх беларусаў, якія навучаюцца ў Варшаўскім універсітэце, і запрасіць іх на нашыя праграмы”.

 

Іна Соркіна, як і Вячаслаў Швед, лічыць, што праца беларускіх даследчыкаў у межах Цэнтру развіваць беларускую гістарычную навуку. Але падкрэсліла, што спецыфіка працы ў Варшаўскім універсітэце будзе вымагаць пошуку тэмаў, звязаных з польска-беларускімі дачыненнямі.