![](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/styl/images/cms-image-000056477.jpg)
У Тэатры лялек у Гродне з’явілася свая кавярня, дзе нельга карыстацца інтэрнэтам
З пачатку кастрычніка кавярня працавала ў тэставым рэжыме. У пачатку лістапада, дапрацаваўшы і ўзгадніўшы некаторыя нюансы, “Шэкспір” адкрыўся для ўсіх. Але афіцыйнае адкрыццё кавярні яшчэ наперадзе. Яно адбудзецца 20 лістапада і будзе прымеркавана да юбілею тэатра.
У кавярні выступаюць супраць выкарыстання інтэрнэту. Для гасцей установы створаць усе ўмовы, каб яны змаглі адпачыць за кубкам кавы і чытаннем кніг. У “Шэкспіры” сабрана невялікая калекцыя літаратуры: як дзіцячай, так і дарослай.
Унікальнасцю ўстановы з’яўляецца арыгінальны спосаб прыгатавання кавы – кава па-в’етнамску. Яе робяць з дапамогай кропельнага фільтра.
У меню можна знайсці малочныя кактэйлі, гарачыя i халодныя напоі, а таксама безалкагольнае імбірнае віно. На дэсерт гасцям прапануюць выпечку і некалькі відаў марозіва. Да пачатку зімы ў “Шэкспіры” з’явяцца і алкагольныя напоі.
Не выключана, што ў кавярні будуць праходзіць тэматычныя вечары.