Будаўнік з Оршы прыехаў у Гродна, прапіў усе грошы і не можа вярнуцца дадому

Андрэя і яго сябра Івана я сустрэў цалкам выпадкова, калі ехаў па горадзе. З закінутага будынка валіў чорны дым і мне падалося, што гэта пажар. Але на месцы я заўважыў знаёмыя твары, якія ўжо сустракаў ля праваслаўнага сабора. Мужчыны тады сядзелі і прасілі міласціну. Гэтым разам яны ўжо былі за “працай”, якая прыносіць ім асноўныя грошы.

 

Штодня напарнікі выходзяць у горад у пошуках медзі. Як кажа Андрэй, сыравіну яны знаходзяць у закінутых месцах, якія ўжо вось-вось знясуць, а таксама на сметніках.

 

Іван у “тэме” ужо даўно. Метал і макулатура – асноўная яго праца. Часам стары падзарабляе грузчыкам у пункце прыёму другаснай сыравіны. Таксама Іван часта сядзіць ля сабора. У яго толькі адна вялікая праблема, з-за якой ён не можа ўладкавацца на працу – ён хворы на сухоты.

 

Пакуль Іван просіць у мінакоў грошы ля царквы, яго сябар з Оршы стаіць за вуглом і назірае. Андрэй тлумачыць, што яму сорамна вось так сядзець і прасіць. Ён запэўнівае, што з радасцю з’ехаў бы з Гродна, але ўсе грошы, заробленыя на метале, адразу прапівае. Таму ніяк не можа адкласці на білет дадому. Нас ён папрасіў скантактавацца з яго дзяўчынай з Оршы, але тая на кантакт не выйшла.

 

Андрэй разлічвае на добрага гараджанiна, які купіць яму білет, пасадзіць у цягнік і адправіць у родныя мясціны.

На відэа Андрэй распавядае пра ўвесь працэс працы з меддзю. Ад моманту, калі яны яе здабываюць, да таго, як атрымліваюць патрэбную сыравіну.

Увесь працэс займае да гадзіны, калі трэба скарыстацца агнём, каб спаліць непатрэбную абалонку і атрымаць медзь. Калі дастаць метал з якой-небудзь старой бытавой тэхнікі, то часу сыходзіць менш. Медзь здаюць у нарыхтоўчых кіёсках другаснай сыравіны, кілаграм каштуе 52 000 рублёў.