Сяргей Гурэнка: “Я не супраць вяртання ў Гродна, але не сёння і не цяпер”

|

За шэсць гадоў працы трэнерам Гурэнку ўдалося папрацаваць у некалькіх беларускіх і расійскіх клубах. Апошнім месцам працы гарадзенца быў бельгійскі “Стандарт”, дзе ён быў памочнікам галоўнага трэнера. Але пасля трох удалых месяцаў працы новае кіраўніцтва змяняе трэнерскі штаб і гарадзенец вяртаецца дадому.


– У Бельгіі ў мяне ўсё склалася. Калі мы былі, каманда выступала ўпэўнена, усяго тры ачкі аддзяляла ад першага месца. У адзін момант памянялася кіраўніцтва клуба. У іх былі зусім іншыя погляды на развіццё каманды.

 

Пасля сыходу трэнерскага штаба бельгійская каманда стала выступаць значна горш, але сам Гурэнка лічыць, што кіраўніцтву лепш відаць – яны бачылі іншае развіццё каманды.


– У “Стандарта” вельмі шмат цікавых маладых хлопцаў, якія ў будучыні змогуць зайграць на вельмі высокім узроўні. У нашай камандзе больш за палову гульцоў гэта былі хлопцы 1994-97 гадоў. І калі я чую, што ў Беларусi гуляюць маладыя, і робяць упор толькі на іх, то я моцна здзіўляюся. У Бельгіі ўзровень футбола значна вышэйшы, там ужо 15-гадовы хлапчук лічыцца мужчынай, і з яго патрабуюць па поўнай. А ў нас 20-гадовы гэта ўсё яшчэ малады і ўсе чакаюць пакуль ён раскрыецца. Такога не павінна быць. Беларускай моладзі не хапае характару, злосці, нашыя хлопцы не прывыклі працаваць на сваіх максімальных магчымасцях. Вось гэтая самая асноўная праблема.

 

А чаго не хапае цяперашняму “Нёману”?

 

Камандзе не хапае паступальнасцi і разумення. Яны ўсё крычаць, што будуюць каманду на маладых гульцах, але гуляюць зусім незразумелыя мне людзі. Калі робіцца стаўка на мясцовых, тады трэба развіваць моладзь, якая гатовая гуляць. Я нічога супраць не маю, але калі я раблю ўпор на маладых футбалістаў, то як мінімум тры разы на тыдзень я буду наведваць трэніроўкі дублюючага складу і яны будуць працаваць па маёй праграме, таму што я зацікаўлены ў развіцці сваіх хлопцаў.


Зараз у гарадзенскім дублі гуляюць усе мясцовыя. Галоўны трэнер асноўнай каманды павінен курыраваць цалкам працу моладзі, але мне здаецца што ў гэтым годзе трэнер ані разу не быў на трэніроўцы маладых хлопцаў. Калі такое стаўленне, то як мы можам далей рухацца? Калі ты абраў шлях амаладжэння, дык трэба гэта рабіць, а не проста казаць. Запрашаюць у Гродна вопытных хлопцаў, але яны, здаецца, сваё адыгралі, гэта няправільна іх запрашаць сюды. Дубль гэта змена, гэта будучыня і трэба працаваць паралельна з імі.


Вы вярнуліся дадому, у родны горад, дзе пачалі сваю кар’еру. Што для вас гэта значыць?


– Гэта прыемныя ўспаміны: едзеш па Пярэселцы і ўспамінаеш, як ты на ўсіх парах бег на трэніроўку, каб не спазніцца. Успамінаеш, як вяртаўся, як хуліганілі ў двары, дурэлі. Добры быў час.


Хацелі б калі-небудзь узначаліць “Нёман”?


– У 2010 годзе мне прапаноўвалі працу ў Гродне, я не адмаўляўся, так склаліся абставіны. Я не супраць вяртання ў Гродна, але не сёння і не цяпер. Кіраўніцтва каманды павінна разабрацца з фінансавым складнікам: не павінна быць даўгоў, павінна быць своечасовая зарплата футбалiстам, няхай яна будзе не велізарная, але яна павінна быць своечасовая. Я павінен патрабаваць з футбаліста, а калі ён не накормлены, што я з яго магу патрабаваць. Ён пойдзе гуляць на стаўках, будзе займацца глупствам і таму з фінансамі павінен быць парадак. Таксама ў каманзе павінна быць ідэя, на дадзены момант яна ў мяне ёсць і ў хуткім часе вы ўсё даведаецеся.

 

Сяргей Гурэнка – выхаванец СДЮШАР №6 Гродна. Прыцягнуў да сябе ўвагу па выступах за гарадзенскі “Нёман”. Затым перабраўся ў маскоўскі “Лакаматыў”, дзе правёў некаторы час і апынуўся ў італьянскай “Роме”. З рымскай каманды быў аддадзены ў арэнду на палову сезона ў іспанскую “Сарагосу”, дзе яму ўдалося адразу замацавацца ў складзе і выйграць Кубак Іспаніі.

 

Затым Гурэнка вярнуўся ў Італію – на гэты раз у “Парму”, дзе зайграць гэтаксама не атрымалася, таму ён пайшоў у “П’ячэнца”, дзе яму нарэшце ўдалося стаць гульцом асновы – у чэмпіянаце Італіі ён правёў 25 гульняў і забіў адзін гол у вароты “Мілана”, аднак клуб выляцеў у Серыю В. Таму Гурэнка пакінуў Італію і вярнуўся ў “Лакаматыў”, з якім у 2004 годзе становіцца чэмпіёнам Расіі. Пагуляўшы там чатыры сезоны, абаронца перабраўся ў мінскае “Дынама”, дзе завяршыў кар’еру футбаліста і перайшоў на трэнерскі пост.