Шэдэўры са старадаўняй дробязі: гарадзенец знайшоў спосаб увекавечыць “шмурдзяк”

Усё пачалося некалькі гадоў таму. Трыццацігадовы Ян у вольны час працаваў у асабістай майстэрні і займаўся рознымі вырабамі. Раней ён вучыўся ў звычайным ПТВ на аддзелачніка, але набытая спецыяльнасць ніколі не натхняла, бо вучыўся ён па настаўленні бацькоў. Сэрца ж яго ляжала да творчасці.


– Творчасць і мастацтва заўсёды былі мне па душы. Я заўсёды здзіўляўся свайму ўяўленню, часам мне даводзілася назіраць цэлыя шэдэўры ў галінах дрэў, на няроўнай паверхні камня, у плывучых аблоках і яшчэ ў многіх рэчах. Але рэальныя дзеянні прыйшлі толькі пасля таго, як я сустрэў сваю другую палоўку і металашукальнік.

align=”” width=”725″ height=”544″ >

З чарговай працай

 

Менавіта жонка, творчая асоба і дыпламаваная мастачка, падштурхнула хлопца паверыць у свае сілы.

 

– Спачатку гэта былі невялікія пробныя працы са звычайнага жвіру і паперы, ды і наогул з усяго, што я мог знайсці ў сябе дома. Але калі я захапіўся пошукам з металашукальнікам, працы набылі зусім іншы характар.

 

Аднойчы жонка параіла Яну выкарыстоўваць знаходкі ў сваіх працах. Так груды металу пачалі ператварацца ў нешта каштоўнае.

З гэтага ўсё пачынаецца


З таго моманту хлопец пачаў увекавечваць свае знаходкі. Пачынаў са старадаўняй керамікі, кавалкаў глінянага посуду, які знаходзіў на палях. Але разыначкай стала старадаўняя дробязь: манеты, гузікі, розныя прадметы конскай збруі, прадметы побыту, кольцы, мушкетная карцеч, дроб, гільзы і шмат іншага. На мове капацеляў гэта называецца “шмурдзяк”.


Час на стварэнне адной работы залежыць ад многіх фактараў: настрой, вольны час, матэрыял. Самае галоўнае гэта парыў, калі ні пра што больш не думаеш, а толькі пра тое, каб ствараць.


– У такія моманты за адзін дзень рабіў з нуля і да канца дзве працы ды пачынаў яшчэ тры. Але былі дні, калі пачынаў працу летам, а сканчаў толькі зімой, – прыгадвае Ян. – Гэта не з-за складанасці выканання. Проста пачатак быццам і падабаецца, але далей, з-за празмернасці ўяўленняў і ідэй, усё заходзіць у тупік. Пасля гэтага праца накіроўваецца ў доўгую скрыню, пакуль праз час я не ўбачу яе няскончанай.

 

Працы Ян робіць у асноўным для сябе. Думкі пра продаж не было. Але, калі крызіс прыцісне, майстар гатовы прымаць заказы і распрадаваць свае працы.


– Асноўную частка работ, як пачатковых так і пазнейшых, я проста раздаў сябрам, знаёмым, калегам па працы. Я не лічыў іх таварам. Але думка, каб зарабіць на любімым захапленні, ёсць. Хаця б таму, што некаторыя матэрыялы нельга знайсці з дапамогай адной кемлівасці і металашукальніка. Часам патрэбныя рэальныя ўкладанні.

Апошнія працы майстра

 

Пошукам скарбаў Ян займаўся яшчэ ў дзяцінстве, як і многія іншыя хлапчукі, што начыталiся кніжак пра скарбы.


– Першую сваю знаходку, яшчэ без прыбора, я знайшоў на беразе Нёмана. Гэта была манета наміналам “грошыкі” 1852 года. Знаходка была ў жахлівым стане, уся ў пупырышках, на ёй з цяжкасцю чытаўся год і намінал. Але гэта было настолькі выдатна і цудоўна! Адчуванні такія, быццам гэта была залатая манета.


Ян нават не мог сабе ўявіць, колькі пад нагамі ёсць нябачных воку маленькіх сакрэтаў: гузік з польскім арлом або з прускай каронай, капейка Мікалая або солід Жыгімонта – усяго не пералічыць. Майстар кажа, што пры кожнай такой знаходцы ён быццам дакранаецца да часу і трапляе на імгненне ў мінулае.

Хобі адбірае ў Яна нямала часу і сродкаў. Выдаткі часам не заўсёды апраўданыя. Да прыкладу, на адну манету, не важна якую, даводзіцца перашуфляваць немалы кавалак зямлі і сабраць грам 100 коркаў, дроту і фальгі.


– У далейшым хачу прысвяціць творчасці ўвесь свой вольны час, але для гэтага вельмі важна меркаванне іншых людзей, як яны ўспрымуць гэта і ці змогуць яны разглядзець, што я ў яе ўкладваю. Ці знойдуць месца ў сваім доме для такога?


У будучыні Ян хоча прымяніць гэтую тэхніку для больш маштабных прац, не сувеніраў, а нейкіх больш функцыянальных рэчаў і афармлення інтэр’еру. Гэта можа быць дэкор сцен, люстэркаў, розных прадметаў побыту з даданнем мастацкага роспісу.