Гарадзенскія прадпрымальнікі пагражаюць спыніць працу з новага года

|

У Гродна прадстаўнікі упраўлення гандлю абласнога выканаўчага камітэта праводзяць штотыднёвыя інфармацыйныя сустрэчы з мясцовымі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія гандлююць на рынках горада. Мэта чынавенства – пераканаць прадстаўнікоў дробнага бізнесу пачынаць з новага года супрацу з мясцовымі аптовымі пастаўшчыкамі.

 

Але самі прадпрымальнікі заяўляюць: ім абяцалі склады, абяцалі дакументы, 1 студзеня набліжаецца, а нічога не зроблена, нічога няма.

 

У выпадку, калі ўлады не адменяць непапулярную пастанову, гарадзенскія прадпрымальнікі маюць намер правесці пратэстныя акцыі і такім чынам спрабаваць адстаяць сваё права на працу. З гарадзенскімі прадпрымальнікамі працуюць некалькі незалежных прафсаюзаў, якія маюць намер дапамагчы ў арганізацыі пратэстаў, перадае “Радыё Рацыя”.

 

У гэты ж час чыноўнікі пераконваюць, што гатовы выслухаць прапановы з боку прадпрымальнікаў.

 

– Калі ёсць цікавасць з іншага боку, нам таксама гэта цікава, бо гэта нашыя кліенты. Мы з імі працуем. Гэта не значыць, што толькі сёння мы вырашылі з імі працаваць, – адзначыла Ала Лебедзева, намесніца начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Гарадзенскага аблвыканкама.