Унікальныя зашчэпкі і сляды скарбашукальнікаў: экскурсія па былой Медыцынскай акадэміі Жылібера

Былая Медыцынская акадэмія чакае інвестара або актыўных гараджан. Фотарэпартаж з закінутага палаца ў самым цэнтры Гродна

 

Каштоўнасці на тэрыторыі былой медыцынскай акадэміі знаходзяцца літаральна пад нагамі. Пліткі, якой вымашчаны падворак, больш не знойдзеш нідзе ў горадзе – не трапляецца такі ж узор.

Калі будынак выкарыстоўваўся як медыцынская школа, над яе ўваходам быў надпіс на латыні “Тут смерць служыць для жыцця”. Спачатку існаваў толькі цэнтральны будынак, а ў ХІХ ст. князь Чацвярцінскі дабудаваў дзве вежы з купаламі. Пасля з’явіліся флігелі.

– Па цэгле можна даведацца стагоддзе пабудовы, – кажа Наталля. На жаль, мы не знайшлі ніякіх маркіровак і датаў.

Каваная лесвіца ў будынку незвычайна плаўная. У пакоях шмат закругленых вуглоў, асабліва ў нішах, дзе раней былі печы. Магчыма, гэта звязана з забабонамі людзей, што жылі на два-тры стагоддзі раней за нас. Лічылася, што нячыстая сіла можа вылецець з агню толькі пад прамым вуглом.

Цяжка здагадвацца, што было ў тых ці іншых пакоях, бо не захавалася ніякіх дакументаў. Магчыма, яны былі знішчаныя ў час вайны, вывезеныя, або захоўваюцца ў архівах, да якіх пакуль няма доступу.

З вакон вежаў відаць круты вальмавы дах на флігелях, які характэрны для краін Прыбалтыкі і Германіі. 

 

Будынак чакала перапланіроўка. У вежах з’явіліся перагародкі.

А некаторыя пакоі “разлучылі”, заклаўшы дзверы. 

На некаторых вокнах захаваліся ўнікальныя зашчэпкі тых часоў. І нават цікавыя механізмы, якія працавалі на прынцыпу карамыслаў, падтрымлівалі раўнавагу і не давалі парывам ветра зачыніць акно.

На дзвярах таксама былі ўпрыгожванні.

 

У час Тызенгауза ўжо існавалі шпалеры, таму можна дапусціць, што частка пакояў была абклеена імі. Увогуле раней сцены абівалі тканінай – аксамітам, атласам, парчой або сітцам. У XVIII ст. пакоі асвятляліся толькі свечкамі, у ХІХ ст. з’явіліся газавыя лямпы. У акадэміі захаваўся ліхтар тых часоў.

Старое атапленне – печкі – наўрад ці можна аднавіць, бо нельга знайсці тагачасны кафель. Шмат печак разбурылі раней, ад іх засталіся толькі  нішы. Шмат – ужо пасля таго, як будынак апусцеў. Скарбашукальнікі вырывалі каштоўныя дзверкі і разбуралі печы ў пошуках скарбаў.

Калісьці тут, дзе цяпер атракцыёны, быў батанічны сад Жылібера.

А тут – ружавы сад княгіні Чацвярцінскай.

0 align=”” alt=”медыцынская акадэмія Жылібера” width=”725″ height=”483″ >

Будынак пустуе і чакае інвестара або неабыякавага гарадзенца.

 

Што размясціць у былой Медыцынскай акадэміі Жылібера? Краязнаўца прапануе аранжэрэю і музей горада

 

А як вы лічыце, што павінна быць у былой медыцынскай акадэміі Жылібера? Адказвайце ў каментарах!