Як Дружок знайшоў дружка. Верны сабака, які жыў на руінах, мае новы дом
Валанцёр Наталля распавядае, што як толькі прыехала на старое месца, каб пабачыцца з сабакам, убачыла новага гаспадара:
– У пятніцу мы збіраліся Дружка перавезці на часовую ператрымку. Калі мы прыехалі, ён ужо стаяў з новым ашыйнікам і новым гаспадаром. Натуральна, мы пачалі задаваць пытанні маладому чалавеку: хто ён і куды забірае сабаку?
Вадзім, так завуць новага гаспадара, патлумачыў, што яны з жонкай прачыталі ў інтэрнэце пра кінутага сабаку і, доўга не думаючы, прыехалі за ім.
Вусы, лапы і хвост – вось мае дакументы. У Гродне жывёлы чакаюць гаспадароў на руінах дамоў
Валанцёры проста так Дружка не адпусцілі і паехалі да новага гаспадара паглядзець умовы.
– Мы адвезлі яго, агледзелі тэрыторыю і без кроплі сумнення аддалі сабаку маладой сям’і.
Вадзім з жонкай, дзіцём, сабакам і трусам жыве ў прыватным сектары. Нягледзячы на тое, што ў іх ёсць ужо хатнія жывёлы, яны вырашылі ўзяць яшчэ аднаго гадаванца.
– Мая жонка вельмі любіць жывёл. Ды і я быў не супраць узяць новага сябра, бо сабака гінуў на вуліцы і трэба было яму дапамагчы. Натуральна, Дружок не хацеў нікуды з’язджаць. Я зразумеў, што з ім трэба гаварыць. Пасля доўгай размовы мы знайшлі кампраміс, апранулі ашыйнік і загрузілі яго ў машыну.
Старую будку таксама перавезлі, цяпер яна стаіць у двары, але сабака жыве пакуль дома.
Дружок і да гэтага часу дрыжыць. Вадзім расказвае, што калі даў яму магчымасць пабегаць па тэрыторыі, сабака адразу ж накіраваўся да брамкі і спрабаваў пералезці. Але з-за недахопу сіл вярнуўся да будкі, абнюхаў яе і падышоў да новага гаспадара.
– Усё ж хай будка першы час пабудзе. Гэта пах таго жыцця, таго болю, і ён прыцягвае яго. Напэўна, дзякуючы гэтаму ён і не пакінуў нас. Я яму даў месца выбару і ён вызначыўся, дзе будзе жыць. Гэтым месцам сталі сенцы. Я яго ўцяпліў, цяпер Дружок праводзіць там больш часу.
Поўнага даверу да новага гаспадара сабака яшчэ не мае. Адгалоскі мінулага жыцця не даюць пра сябе забыць. Гэтак, ноччу Дружок некалькі разоў занепакоена прачынаўся.
Вадзім расказвае, што зіму сабака правядзе ў доме, а ўжо з пацяпленнем на вуліцы з’явіцца новая будка. Магчыма, сабака зноў стане ахоўнікам, як гэта было ў яго лепшыя часы.
Пасля шэрагу публікацый стала вядома, што Гроднажылбуд гатовы быў вылучыць сабаку месца на будоўлі, а таксама берагчы і карміць яго. Усё гэта дзякуючы актыўным дзеянням гарадзенскіх журналістаў i валанцёраў.