Футбаліст Сяргей Курганскі: “Дзякуй заўзятарам, але хацелася б бачыць іх на стадыёне больш”

У галкіпера, як у многіх гульцоў у камандзе, яшчэ няма кантракта. Зараз гарадзенец адпачывае і займаецца сямейнымі справамі.

 

Анлайн-галасаванне: выбіраем лепшага гульца ў складзе футбольнага “Нёмана” ў сезоне 2015 года

 

Сяргей, як склаўся сезон для цябе?

 

– Усё прайшло добра. Хацелася б месца вышэй заняць, але што ёсць, то ёсць. Шчыра, калі б яшчэ нам далі некалькі тураў, магчыма, месца было б значна вышэй. Калектыў у нас падабраўся добры і думак нават не было аб вылеце з Вышэйшай лігі.


А чаму адразу не атрымалася так гуляць, як у канцы сезону?

 

– Напэўна, з-за таго, што новая каманда. Чагосьці баяліся, прыглядаліся адзін да аднаго. А потым адбыліся розныя абставіны. Пасля першага круга да нас прыйшлі новыя гульцы, якія толькі ўзмацнілі каманду. Ужо тады ў нас з’явілася ўпэўненасць.


Пасля некалькіх тураў у чэмпіянаце, табе ўдалося замяніць у стартавым складзе маладога Васілючака. Як ты лічыш, чаму ва Уладзіслава пайшлі няўпэўненыя гульні?

 

– Ён яшчэ малады, я таксама быў у яго ўзросце ў падобнай сітуацыі, калі пачынаў у “Нёмане”. Думаю гэта звычайная з’ява. У яго ўсё наперадзе, хлопец перспектыўны. Цяпер ва Улада прабіваецца варыянт з самарскімі “Крыламі”. Калі ўсё добра пройдзе, то я лічу, у яго будзе ўдалы пераход.


Ёсць ужо ў “Нёмане” такая заканамернасць, што практычна кожны галкіпер пасля выступлення ў камандзе пераходзіць у больш сур’ёзны клуб. Як ты думаеш, чаму так адбываецца?

 

– Шчыра, нават і не ведаю. Магчыма, аўра спецыфічная.


А Андрэй Ашыхмiн, які на працягу многіх гадоў з’яўляўся трэнерам гарадзенскіх брамнікаў, можа тут ёсць і яго заслуга?

 

– Як па мне, то з ім было добра працаваць, як трэнер і як чалавек ён выдатны. Тое, што ён пайшоў, для мяне гэта мінус. А так уклад яго ў развіццё гарадзенскіх брамнікаў безумоўна ёсць.


Які матч мінулага сезону ўсё яшчэ ў цябе ў галаве?

 

Былі як добрыя, так і складаныя матчы. Па напале жарсці і момантаў адзначу два апошнія кубкавыя матчы. А таксама першы матч з “Гранітам” быў для мяне хвалюючым, бо праводзіў першую гульню ў сезоне.


Чым ты адрозніваешся ад іншых брамнiкаў?

 

– Я стараюся ніколі не думаць да самой гульні. На матчы натуральна, а так адцягваю сябе чым-небудзь іншым.


Як цяпер ідзе сітуацыя з фінансамі ў камандзе?

 

– Год быў няпросты, але дзякуючы кіраўніцтву клуба, а таксама гарадскiм уладам, мы справіліся з цяжкасцямі. Далі нядаўна заробак за верасень і частку кастрычніка. Абяцаюць у хуткім часе расплаціцца з усімі пазыкамі.

Паводле апытання заўзятараў Сяргей Курганскі стаў лепшым гульцом сезону ў “Нёмане”. Памятны знак яму ўручае старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой


Мечыслаў Гой пільна сочыць за камандай, ты лічыш гэта добра?

 

– Калі гэта прыносіць эфект клубу, чаму б не. Відаць, што чалавек любіць футбол. Заўсёды на матчы, іншы раз у распранальню да нас зойдзе. Думаю, без яго нам было б складаней.

 

“Піва піць дазволілі, уваход зрабілі вольны, а людзі на футбол не ходзяць”. Мечыслаў Гой агучыў вынікі “Нёмана” ў Чэмпіянаце Беларусі

 

Заўзятары прызналі цябе лепшым гульцом у камандзе за ўвесь сезон, што для цябе гэта значыць?

 

– Узнагарода стаіць у мяне на пачэсным месцы ў пакоі. Прыемна, што ацанілі мае старанні. Але лічу, што дасягненне ўсёй каманды гэта ўсё ж важнейшыя. Калі б мы трапілі ў тройку, і лепшым гульцом стаў іншы футбаліст, я быў бы толькі шчаслівы. А так дзякуй заўзятарам за тое, што прызналі мяне лепшым. Але хацелася б іх бачыць на стадыёне больш.


А як іх прыцягнуць?

 

– З кожным годам становішча ўсё горш і горш. Падобная сітуацыя не толькі ў нас. БАТЭ гуляе, а людзей менш. Трэба людзей завабліваць. Бачыце, і піва не дапамагае на трыбунах, і уваход вольны. Трэба ўсім разам шукаць вырашэнне гэтай праблемы. Пры запоўненых трыбунах прыемна будзе не толькі нам, але і самім заўзятарам.


Якія планы ў цябе на будучыню?

 

– Прапанавалі застацца ў Гродне, я не супраць. Ды і прапаноў ад іншых каманд яшчэ не паступала. Але калі з’явяцца цікавыя варыянты, можна і іх разглядаць. Як і любы футбаліст, я хачу расці.