“Рукі прэч! Фолюш наш!” Жыхары мікрараёна прагаласавалі супраць новаўвядзенняў

|

Чаму патрэбныя змены на Фолюшы?

 

Першымі выступілі прадстаўнікі зацікаўленых службаў і ўстаноў горада: гарвыканкама, медыцынскай службы, ЖЭСа і Агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры (простай мовай – БТІ).

Іх рашэнне было падрыхтавана на ранейшай сустрэчы ў гарвыканкаме:

 

“Былы ваенны гарадок №15, дзе пражываюць 6000 чалавек, страціў свой статус і стаў неад’емнай часткай Гродна. І раней далёка не ўсім з ходу ўдавалася адшукаць тут патрэбны дом або ўстанову з-за хаатычнай забудовы і незразумелай нумарацыі. Яшчэ больш пагоршыла праблему падаўжэнне вуліцы Вольгі Соламавай у раён Фолюша. А з 2012 года існуючая нумарацыя перастала адпавядаць патрабаванням пастановы Дзяржкаммаёмасці аб парадку вядзення адраснай сістэмы, прынятага пасля выхаду Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №160 “Аб адраснай сістэме”. Гэта значыць, адрасы аб’ектаў, размешчаных у мікрараёне Фолюш, немагчыма было ўнесці ў рэестр. А гэта значыла, што жыхары Фолюша ўжо з Новага года не змаглі б атрымаць і неабходныя паслугі ад розных органаў і арганізацый”.


На Фолюшы зменяць назвы вуліц і нумарацыю дамоў. Жыхары супраць і збіраюць подпісы

 

Змена адрасоў на Фолюшы: таксісты супраць, пажарныя не бачаць праблемы

 

Таксама яны адзначылі, што тэхналогіі не стаяць на месцы, і змены на Фолюшы прынясуць гораду толькі станоўчы эфект. Прадстаўнікі ўлады запэўнілі жыхароў мікрараёна, што ўсе змены ў дакументах пройдуць без дадатковых грашовых выдаткаў з іх боку. Менавіта пасля гэтых слоў і пачаліся крыкі з залы.


“Мы ўсе вайсковыя людзі і мы не адступім!”

 

Тут на Фолюшы быў канцлагер. Гэта гістарычнае і дарагое для нас месца. Кожны камень, кожны слуп і кожны дом стаіць на касьцях нашых загінуўшых салдат. Мы не дапусцім перайменавання! – пасля гэтых слоў жанчына, якая выбегла да мікрафону, атрымала апладысменты ўсёй залы.


– Вы не маеце права пазбаўляць нас нашай гісторыі. Тым больш сам прэзідэнт нядаўна сказаў, што нельга губляць сваю ідэнтычнасць! – працягвала жанчына.

 

А якім чынам гэтая гісторыя будзе парушана? – cпытаў у жанчыны Генадзь Карповіч, намеснік дырэктара БТI.


– Парушыць назвай “Хвойная”! Хто ў горадзе ведае такую вулiцу? Мы стаміліся тлумачыць дзе яна знаходзіцца. Вы хочаце да школы і дзвюх дамоў далучыць палову Фолюша. А чаму б iх не далучыць да ўжо вядомага мікрараёна? №15 гэта быў ваенны гарадок і мы выдатна разумеем, што цяпер гарнізона няма, і што трэба прыбраць лічбу 15 [на Фолюшы дамы маюць дзіўную нумарацыю – перад кожным нумарам стаіць дадаткова “15/” – рэд.]. Але вы зазірніце, што адбываецца на Рэпіна, Кляцкова і ў іншых раёнах горада. Там сітуацыя не лепш, сам чорт ногі паломіць. Чаму вы прычапіліся менавіта да Фолюша? Пакіньце нас у спакоі!

Пасля выступлення жанчыны да мікрафону падышоў пенсіянер, які даў зразумець чыноўнікам, што жыхары раёна не адступяць.


– Вы ўсе прыстойныя людзі і ўсе з вышэйшай адукацыяй. Вы што, не разумееце, што гэты ўвесь натоўп прыйшоў для таго, каб адстаяць свой гарадок? Мы жывем тут больш за 30 гадоў. Мы ўсе вайсковыя людзі і мы не адступім. Калі трэба, мы выйдзем і будзем змагацца.


Фолюшцы здавацца не збіраюцца

 

Пасля выступлення жыхароў слова далі і прадстаўніцы медыцынскай службы – галоўнаму лекару цэнтральнай гарадской паліклінікі Ларысе Кучук:


– Вядома, аб перайменаванні гаворка і не ідзе. Але варта адзначыць, што калі паступае званок з Фолюша, а тут пражывае вялікая колькасць пенсіянераў, то ў нас узнікаюць цяжкасці. Шмат хто ў крытычным стане не можа вымавіць да прыкладу “Фолюш 15/228”. Я прапаную дробу прыбраць адназначна, каб людзі маглі нармальна прамаўляць нумары дамоў.

З залы адразу пайшлі незадаволеныя галасы пенсіянераў: “Быццам яна чула, як мы кажам…”


– Што тычыцца нарматыўных дакументаў, то гэта патрабуе ўсеагульнага абмеркавання. Ніякага прынятага рашэння яшчэ няма. Мы хочам, каб вы нас пачулі. Прыходзьце ў паліклініку, мы гатовыя выслухаць кожнага.


Больш за гадзіну жыхары мікрараёна выказваліся, пакуль у выніку Андрэй Ярашэвіч з Аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама не прапанаваў падвесці вынікі вечара.

– Дарагія сябры, вынікі нашай сустрэчы нікуды не знікнуць. Сёння прысутнічала ўся прэса і яны давядуць да людзей вынікі. Нам таксама зразумела, што вы ўсе супраць. Заўтра на савеце дэпутатаў мы абмяркуем гэта. Калі трэба будзе, мы зноў усіх апавясцім аб нашых намерах.

 

У выніку пад ціскам народа прадстаўнікі ўлады правялі галасаванне. Уся зала прагаласавала супраць новаўвядзенняў на Фолюшы. Жыхары мікрараёна ў канцы пацвердзілі: “Мы так проста не здамося!”