Шакаладны рулет з бананамі і новымі ідэямі: як гарадзенцы здымаюць кулінарны відэапраект

Галоўны чалавек у кадры відэарэцэптаў – Наташа, вядоўца папулярнага кулінарнага блога. Гэта яна выбірае стравы для праекта і вучыць гледачоў гатаваць. Наташа працуе эканамістам, але кулінарыя даўно перастала быць для яе проста хобі. Амаль 10 год вядзення кулінарнага блога стала практычна паралельнай прафесіяй і часткай яе жыцця. Яна з задавальненнем гатуе для родных і сваякоў, любіць частаваць сяброў і калег. Кожныя выходныя Наташа гатуе 10 новых страваў для сваёй сям’і, каб потым па два рэцэпты ў дзень выкладаць новыя шэдэўры ў блог.

 

Наташа – вядоўца кулінарнага праекта “Рецепт+


Хаця гледачы бачаць толькі Наташу, насамрэч у праекце працуе каля 15 чалавек. Яны займаюцца кухняй, дэкарацыямі, здымкамі і апрацоўкай відэа, стварэннем графікі і дызайна, распаўсюдам інфармацыі ў інтэрнэце, маркетынгам, адміністраваннем і кіраўніцтвам – робяць шмат нябачнай для гледачоў працы, якая забяспечвае вынік. Каманда праекта пераважна мужчынская, таму Наташа з асаблівай удзячнасцю расказвае пра прысутнасць на здымках Ані – “ёсць каму падказаць, што валасы трэба паправіць, ці фартух сбіўся”.

 

Аня (злева) – маркетолаг каманды, на здымках дапамагае Наташы рабіць працу, каторая застаецца па-за кадрам. Прыгожа размясціць неабходныя рэчы і прадукты перад здымкамі, паправіць адзенне вядоўцы ці навесці парадак – справы, дзе жаночая ўвага і падтрымка асабліва патрэбныя


Наташа кажа, што гэта вельмі важна, бо дазваляе адчуваць сябе спакойней перад камерай і быць упэўненай у сабе.

 

Руслан, адзін з арганізатараў праекта, распавёў, што ад пачатку было вырашана не запрашаць у вядоўцы зорак. Паводле яго, пры мностве кулінарных шоў на тэлебачанні і ў сеціве не варта было ісці “пратаптанымі сцежкамі”. Цікавей запрасіць звычайнага чалавека, што проста і шчыра падзеліцца досведам і праз праект сам стане вядомым і пазнавальным. Што да Наташыных магчымасцяў ствараць рэцэпты, тут іх лічаць “невычарпальнай крыніцай” ідэй для праекта. Сама Наташа абяцае, што будуць стварацца і стравы святочныя, каб здівіць гасцей, і паўсядзенныя, з таго, што знайшлося ў лядоўні.

 

Руслан, адзін з арганізатараў праекта. Ён кажа, што галоўнае ў відэарэцэптах – зручнасць карыстання, а не размовы з зоркамі пра надвор’е і сэнс жыцця


Фішкай праекта вырашылі зрабіць тэхналагічнасць кожнага роліка, каб праглядзеўшы яго, кожны дакладна зразумеў, як прыгатаваць страву. “Для карыстальнікаў, што шукаюць рэцэпты на відэапашукавіках, важна зручнасць карыстання ролікам, а не размовы з зоркамі”, – лічаць ў здымачнай камандзе. Таму прыгатаванне шакаладнага рулета, што рэльна займае паўгадзіны, змесціцца ў 5-7 хвілін відэа з графічнымі каментарыямі.

 

Лічаныя хвіліны відэарэцэпта і паўгадзіны каля пліты – і вы атрымаеце такі шакаладны рулет. Відэаролік з тэхналогіяй яго прыгатавання ўжо хутка з’явіцца ў сеціве. А пакуль на канале праекта можна знайсці рэцэпты печыва, глінтвейна і ласося з агурковым соўсам

 

 

Аператар Арцём у час здымак мусіць засяроджвацца на працы з камерай, але калі ролік будзе гатовы, ён збіраецца прыгатаваць шакаладны рулет самастойна


Зараз праект робіцца як пілотны, разам са здымкамі ідзе пошук фарматаў, што будуць найбольш адпавядаць запыту гледачоў, і партнёраў для працы над ім. Са словаў Руслана, паралельна са стварэннем ролікаў адсочваецца зваротная сувязь, ідзе ўзаемадзеянне з гледачамі праз сацыяльныя сеткі і збор пажаданняў для наступных выпускаў.

 

Далейшае развіцце праекта каманда бачыць у стварэнні сайта і адмысловага мабільнага дадатку, магчыма, нават версіі для тэлебачання. У планах – супрацоўніцтва з вытворцамі посуду і прадуктаў, запрашэнне гасцей у дапамогу Наташы. У больш далёкіх перспектывах – больш шырокі ўдзел у праекце гледачоў. Магчымасць дадаваць перспектывы і ідэі закладзена ўжо ў назве праекта – “Рэцэпт+”.

 

 

На правакацыйнае пытанне пра лішнія кілаграмы, што таксама могуць пайсці ў плюс, удзельнікі каманды кажуць, што фізкультура – лепшы спосаб іх не назапашваць. Яны не выключаюць, што тэма спорту і актыўнага ладу жыцця можа стаць асновай для наступнага праекта кампаніі.

 

За кадрам застаецца і працэс дэгустацыі кулінарнай творчасці, але кожны ахвотны можа прыгатаваць стравы самастойна. Відэарэцэпты дапамогуць гэта зрабіць нават навічкам

 

Здымкі аўтаркі