Як будзе выглядаць футбольны манеж у Пышках? Праект выставілі на грамадскае абмеркаванне
Архітэктурна-планіровачная канцэпцыя прадугледжвае будаўніцтва крытага паветраапорнага (надзіманага) манежа на 300 карыстальнікаў у суткі. Ён зойме 3 га зямлі па суседстве з ужо існуючым падобным крытым хакейным катком.
Варыянты знешняга выгляду манежа:
З планам будаўніцтва можна пазнаёміцца з 4 да 18 студзеня, з панядзелка па пятніцу, з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 у вестыбюлі Упраўлення архітэктуры гарвыканкама па адрасе пл. Тызенгаўза, 3. Да 28 студзеня кожны можа даслаць свае заўвагі ў пісьмовай або электроннай форме на адрас:
Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, пл. Леніна, 2/1, 230023, Гродна;
або [email protected];
або праз электронныя звароты на сайце выканкама.
Інфармацыю пра вынікі грамадскага абмеркавання да 12 лютага апублікуюць на сайце гарвыканкама.
На месцы будаўніцтва футбольнага манежа ўсталявалі памятны знак
Будаўніцтва манежа ў Пышках выклікае неадназначную рэакцыю, бо дзеля гэтага трэба будзе спілаваць яблыневы сад з 150 дрэвамі. Раней месцам будаўніцтва меў стаць Каложскі парк. Там пілаваць дрэвы, хутчэй за ўсё, не прыйшлося б, але будаўніцтва ў ціхім зялёным месцы таксама не ўсім даспадобы.
Пабудова манежа ў Гродне прадугледжваецца дзяржпраграмай развіцця футбола ў Беларусі на 2011-2015 гады. Калі пасля грамадскага абмеркавання канцэпцыю будаўніцтва зацвердзяць на абласным архітэктурна-горадабудаўнічым савеце, то працы маюць скончыцца цягам паўгода.
Генеральны план Гродна вызначае тэрыторыю Пышкоў як ландшафтна-рэкрэацыйную з высокімі рэкрэацыйнымі нагрузкамі. Тэрыторыі былых дзіцячых летнікаў вызначаюцца як грамадскія спецыялізаваныя.