Што напісана на самай таямнічай памятнай шыльдзе ў Гродне?

|

 

Калі змест надпісу быў яшчэ невядомы, выказваліся думкі, што шыльда можа адносіцца або да рускага вучылішча або да польскай школы, што ў розныя часы размяшчаліся ў будынку. Краязнаўцы, што сустракаюцца на Гродзенскім форуме, з дапамогай мазгавога штурму рашсыфравалі надпіс.

1533                           1933
PATRONOWI
WIELKIEMU KRÓLOWI
STEFANOWI BATOREMU
SZKOŁA

Перакладаецца надпіс так: “1533-1933. Заступніку, вялікаму каралю Стэфану Баторыю. Школа”. Мемарыяльную шыльду павесілі ў 1933 годзе, калі тут працавала польская школа імя Стэфана Баторыя. У гэты час уся міжваеннай Польшча ўрачыста адзначала 400-гадовы юбілей з дня нараджэння караля.

 

Удалося знайсці і адзіную вядомую фатаграфію ды ўспамін чалавека, які пацвердзіў сапраўднасць надпіса. Гэтым чалавекам апынулася дачка дырэктара школы ў 1926-1939 гадах Пятра Багуцкага. Аліна Адамска яшчэ ў 2009 годзе распавяла пра мемарыяльную дошку:


– Дзякуючы маладому, таленавітаму і працавітаму настаўнiку Яну Шымачэку паўстаў адліў рэльефу бюста Стэфана Баторыя, што я бачыла на свае вочы. Гэты адліў з’яўляўся асновай малюнка караля на памятную дошку, якую вырабілі, па словах майго брата, у Чэнстахове, у майстэрні брата Яна Шымачэка. Пасля, восенюю 1933 года, у 400-ю гадавіну з дня нараджэння караля, дошку размясцілі на фасаднай сцяне школы. У асвячэнні і адкрыццi прыняла ўдзел не толькі школьная грамадскасць, а таксама прадстаўнікі духавенства і ўладаў, а таксама жыхары Гродна.


Школьнiкi, бацькі і госці, якiя прыйшлi на цырымонію адкрыцця дошкi. (Гродна, 1933 г.)


Пасля адкрыцця шыльды школу №2 сталі афіцыйна называць школай імя Стэфана Баторыя, хоць у народзе яе і раней называлі “Баторыеўкай”. Вучні школы насілі адметны галаўны ўбор, які вылучаў іх сярод іншых школьнікаў горада. Гэта была шапка з казырком блакітнага колеру з жорсткім аксамітным аколышам. Дзякуючы шапцы ўжо здалёк можна было пазнаць вучня “Баторыеўкi”.


align=”” width=”725″ height=”542″ >

Вучні пачатковай школы з педагогам Марыяй Жылінскай, Гродна, 1935 год

 

 

Аліна, дачка дырэктара школы Пятра Багуцкага, Гродна, 1934 год

 

Барэльеф, падобны да таго, пра якi казала пані Алiна, зараз ёсць у Фарным касцёле. Краязнаўцам было вядома, што барэльеф з шыльды доўгі час захоўваўся ў кабінеце кафедры фізічнага выхавання педкаледжа, а затым кудысьці знік. Ён быў зроблены з белага металічнага сплаву. А гэта значыць, што і літары на мемарыяльнай дошцы таксама былі белыя.

 

Адкрыццё мемарыяльнай шыльды на сцяне школы №2 з нагоды 400-годдзя з дня нараджэння вялікага караля Стэфана Баторыя, Гродна, 1933 г.

 

Верагодней за ўсё, літары збілі малатком пасля 1939 года, а магчыма і пасля Другой сусветнай вайны. Саму ж шыльду не кранулі. Яшчэ адна шыльда ў гонар Баторыя была ў Старым замку, там яе саветам удалося прыбраць цалкам.

 

Зараз было б актуальна аднавіць шыльду на школе, сур’ёзных выдаткаў гэта не патрабуе, а эфект будзе толькі станоўчы. У першую чаргу, горад ушануе памяць караля, які для Гродна зрабіў шмат. Па-другое, адновіцца даваенны помнік гісторыі горада.

 

Крынiца ўспамiн i фота: Rocznik grodzieński