Забытыя мясціны Гродна. “Кесонны” мост у канцы Брыгіцкай вуліцы

Невядома, скуль пайшла назва, бо да кесонных мастоў той масток праз чыгунку не меў ніякага дачынення. Кесонамі ў будаўніцтве называюць канструкцыі, пры дапамозе якіх пад вадой утвараюцца паветраныя камеры і людзі могуць на дне ракі будаваць апоры вялікага мосту. Так будавалі, напрыклад, масты на Амуры ці Бруклінскі мост у Нью-Ёрку.

 

Наш мост быў пабудаваны ў 1870-х гг. амаль адначасова з вялікім чыгуначным мастом праз Нёман. Тады інжынерныя войскі Расійскай Імперыі выкапалі велізарны роў, па дне якога праклалі рэйкі. Горад быў падзелены гэтым ровам на дзве часткі і мост праз яго быў проста неабходны.

 

Мост быў стальны і абапіраўся на апоры, якія выходзілі са сценаў рова. Дэкарацыйнасць мосту надалі як абліцаваныя камнем апоры, так і шырокія кляпаныя стальныя палоскі, якія рабілі канструкцыю моста адначасова больш лёгкай, устойлівай і гнуткай. Людзі ўжо тады досыць добра ведалі пра з’яву рэзананса, таму масты рабіліся так, каб мець магчымасць крыху выгібацца і раскачвацца. Такую моцную на першы погляд канструкцыю маглі, напрыклад, лёгка разбурыць некалькі дзясяткаў людзей, якія прамаршыравалі б па ім “у ногу”. Таму салдаты, якія ішлі з Аляксандраўскіх казарм у цэнтр горада, у лазню ці сабор, у абавязковым парадку пераходзілі мост не ў ногу, а хто як хацеў.

 

Чаго гэты мост бачыў найболей – дык гэта пахавальных працэсій. Праз яго прайшлі ў апошні шлях Эліза Ажэшка, доктар Бянецкі, марак Уладзіслаў Кушч, пасля пахавання якога адбыўся адзіны за ўсю гісторыю горада яўрэйскі пагром. Праз яго прайшлі мільёны ног гродзенцаў, што ішлі на Скідзельскі рынак: і той, што існаваў ў раёне аўтавакзала і той, што ёсць цяпер. Праз яго ішлі са сваімі пажыткамі яўрэі, якіх нямецкія ўлады ссялілі ў гета №2 на сучаснай вуліцы Антонава (тады Ерусалімскай).

 

Мост спраўна функцыянаваў да канца 1980-х гг. У 1990-х гг. яго зачынілі з-за аварыйнага стану. Мост ужо быў не вельмі патрэбны, бо навокал яго стаялі яшчэ тры масты – два пешаходныя, а адзін пешаходна-аўтамабільны.

 

У час рэканструкцыі развязкі каля пераезда праз чыгунку, якая завершылася ў 2003 г., мост знялі і некалькі разоў абяцалі ў прэсе яго захаваць хаця б часткова або ў іншым месцы, бо сваім арыгінальным выглядам мост мог прывабіць цікаўных у любы раён горада. Але, як водзіцца, абяцанкі засталіся толькі абяцанкамі, а мост папілавалі і здалі ў металалом прыкладна дзесяць гадоў таму.

 

Мост у пачатку ХХ ст.

 

 

Выява моста з альбома фотаздымкаў, прысвечанага Пецярбургска-Варшаўскай чыгунцы. За мостам бачна драўляная будка-вежа чыгуначнага дазорцы, а таксама пуцяпровад над чыгункай недалёка ад вуліцы Карбышава. Ён прастаяў да 1970-х гг., калі быў па неасцярожнасці разбураны чыгуначным кранам.

 

 

На другім плане кавалак вуліцы Будзёнага, які даўно не існуе. На яго месцы будынак з вежачкай – банк ды крама “Атлант”.

 

 

У канцы 1970-х гг. яшчэ можна было пабачыць такую карціну і глытнуць на мосце пары з рухавіка паравоза.

 

 

Сучасная развязка. Ад “кесоннага” моста засталася толькі адна апора.

 

На першым фота: чатыры масты праз чыгунку ў 1980 г.

 

Чытайце таксама:

 

Забытыя мясціны Гродна. Школа павівальных бабак, якую “з’еў” Гроднаэнерга


Забытыя мясціны Гродна: Дом Баркоўскага – дзекабрыста і царскага генерала

 

Бальніца з каларытам: як вар’яты ў Гродне жылі па суседству з губернатарам

 

Забытыя будынкі Гродна: карчма, якую знеслі для аблвыканкама

 

Забытыя будынкі Гродна. Тартак “Лес”, які нагадваў замак ды знік бясследна

 

Забытыя мясціны Гродна: дом, ад якога засталася толькі рыбка

 

Забытыя мясціны Гродна: вуліца Кляшторная, якую “дабіў” Дом быту

 

Кармяліцкая камяніца. Гарадзенскі дом, які ніхто не намаляваў

 

Кася і Бася – расійская і нямецкая сёстры ў самай высокай кропцы Гродна

 

Гарадзенскія львы: гісторыя і сучаснасць

 

У пошуках страчанага: Шляхецкі дворык у цэнтры Гродна