Гродзенская філармонія сустрэла чарговы дзень нараджэння “ў выгнанні”

|

Будынак філармоніі да рэканструкцыі

 

Рэканструкцыя будынка пачалася ў лютым 2012 года. Ужо чатыры гады і артысты, і гледачы чакаюць “падарунка”, але атрымліваюць толькі абяцанні.

 

Паводле праекта, выкананага інстытутам “Гроднаграмадзянпраект”, канцэртная зала мусіла павялічыцца амаль у два разы – ад 700 да 1200 месцаў, над другім паверхам планаваліся балконы і лоджыі для гледачоў, праходы і крэслы павінны былі стаць больш шырокімі і забяспечыць наведвальнікам максімум камфорту.

 

Таксама меркавалася ўдвая павялічыць гардэроб, прадугледзець кабінеты для заняткаў аркестра, грымёркі для артыстаў і памяшканні для захоўвання музычных інструментаў.

 

На змену піцэрыі ў абноўленым будынку вырашана было адкрыць кавярню на 40 чалавек, рэстаран на 80 і закусачную. Трэці паверх адводзіўся пад прадзюсерскі цэнтр і рэпетыцыйныя залы.

 

Праект прадугледзеў і знешнія перамены будынка – павелічэнне памераў за кошт унутранага дворыка і рэльефны фасад з цёмнага шкла.

 

 

 Эскіз праектнага рашэння фасада рэканструяванага будынка філармоніі


Генеральным падрадчыкам работ па рэканструкцыі было абрана прадпрыемства “ГроднаПрамБуд”

 

На мясцовым тэлебачанні падрыхтавалі сюжэт, прысвечаны новай філармоніі.

 

 

Меркавалася скончыць увесь аб’ем будаўнічых і аддзелачных прац да канца 2013 года, але пазней тэрміны некалькі разоў пераносіліся.

 

У жніўні 2014 упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама паведаміла, што ад пачатку на рэканструкцыю аб’екта выдаткавана 140 мільярдаў рублёў, і яшчэ 30 мільярдаў выдзелена на закупку абсталявання.

 

Фае ў будынку філармоніі (2014)

 

На пачатку 2015 года Уладзімір Краўцоў, старшыня аблвыканкама, даручыў перагледзець праект для аптымізацыі расходаў і скарэйшага ўводу ў эксплуатацыю значнага культурнага аб’екта. З яго словаў, у філармоніі ў першую чаргу павінны быць гардэроб, фае, зала, памяшканне для артыстаў і адна кавярня.

 

Глядацкая зала (2014)


Гардэроб будынка філармоніі (2014)


Рэалізаваць далейшыя планы ўлады меркавалі ўжо пасля адкрыцця філармоніі для гледачоў.

 

У маі 2015 года намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Дзяжко казаў, што да канца года плануецца зрабіць адміністрацыйныя памяшканні і частку рэпетыцыйных залаў. На гэту працу патрабавалася выдаткаваць 36 мільярдаў рублёў.

 

У канцы 2015 года, на прэс-канферэнцыі, што тычылася планаў на 2016 год, Уладзімір Краўцоў распавёў, што сёлета артысты ўсё ж заселяцца ў будынак філармоніі.

 

Будынак філармоніі ў канцы студзеня 2016 года, галоўны фасад


З яго словаў, праект рэканструкцыі аказаўся дужа дарагім, таму работы, што засталіся не выкананымі, зараз падзялілі на чатыры этапы. На першым этапе, для якога ўжо выдзелены грошы, плануецца запусціць у эксплуатацыю трэніровачныя залы, грымёркі і адміністратыўныя памяшканні, каб супрацоўнікі змаглі пераехаць у свой будынак.

 

Абсталяванне сцэны і залы для гледачоў пакуль будзе адкладзена да лепшых часоў.

 

Будынак філармоніі ў канцы студзеня 2016 года, бакавы від

 

Такім чынам свае 29-я ўгодкі, як і чатыры папярэдніх дні нараджэння, Гродзенская абласная філармонія сустрэла па адрасе Паповіча, 5, на 13-м паверсе гасцініцы “Гродна”, дзе яны арэндуюцца нумары пад кабінеты адміністрацыі, рэпетыцыі і нават прадзюсэрскі цэнтр.

 

Гасцініца “Гродна”, дзе на 13 паверсе зараз арэндуе нумары абласная філармонія