Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Дзятлаўскі раён
Старажытнае Дзятлава, старадаўнія мястэчкі, напаўзакінутыя вёскі… Ледзь не кожны населены пункт Дзятлаўскага раёна захоўвае ў сабе памяткі сівой даўніны. Куды б вы ні накіраваліся, на шляху сустрэнуцца велічныя або сціплыя храмы, рэшткі шляхецкіх сядзіб, паркаў і млыноў, парослыя мохам помнікі на закінутых могілках, брукаваныя вуліцы, незвычайныя дрэвы і камяні.
Дзятлава. Палац Радзівілаў
Палац у Дзятлаве быў пабудаваны ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя як рэзідэнцыя князя Мікалая Радзівіла. У комплекс уваходзілі таксама парк, сажалкі, павільёны, скульптуры і гаспадарчыя будынкі. Спачатку ён належаў Радзівілам, пасля Солтанам.
Палац Радзівілаў у Дзятлаве на малюнку Напалеона Орды, датаваным 1860-1870 гадамі
Пазней у будынку размяшчаліся розныя ўстановы, ён не раз перабудоваўся, была зменена ўнутраная планіроўка. Тым не менш, да нашага часу захаваліся ўнікальныя элементы фасаду ў стылі барока і ракако. Сцены палаца ўпрыгожвае раслінны арнамент, геральдычныя знакі і іншыя элементы дэкору.
Захаваліся і сажалкі ўздоўж палаца.
Каб развеяць сум ад таго, у якім стане сёння знаходзіцца палац, варта прайсціся і па іншых мясцінах Дзятлава: убачыць драўляную царкву ХVIII ст., мураваны касцёл ХVII ст., местачковую забудову ў цэнтры ХІХ – пачатку ХХ ст. Горад невялікі, таму гэта не выкліча ніякіх складанасцяў.
Горка. Цудадзейныя камяні
Адной з самых вядомых мясцін Дзятлаўскай зямлі з’яўляецца вёска Горка. Яна вабіць людзей сваёй таямнічасцю і легендамі, якія жывуць там і сёння. Найбольшую цікавасць выклікаюць камяні, якія здаўна лічацца святымі. Кажуць, раней яны ўтваралі арку, праз якую можна было праехаць у брычцы. Цяпер жа камяні аселі. Але і сёння людзі вераць, што калі прапаўзці праз арку, можна вылечыцца ад хвароб ці ажыццявіць сваё жаданне. А яшчэ існуе легенда, што камяні абваляцца на спіну грэшніка, які паспрабуе пад імі прапаўзці.
Фотаздымкі Віктара Шэрышава і Вячаслава Васіленкі, globus.tut.by
Мястэчка Дварэц. Самотны Анёл. Касцёл святога Антонія Падуанскага
На ўскраіне мястэчка Дварэц знаходзяцца старадаўнія могілкі. Сярод закінутых магіл, пахіленых крыжоў і высокіх соснаў узвышаецца велічны помнік, які называюць “Самотны Анёл”. Скульптуру прывёз з Італіі колішні ўладальнік сядзібы ў Дварцы і ўсталяваў над магілай яго жонкі Апалінарыі Пратасевіч. У савецкі час помнік неаднойчы скідвалі з пастаменту. Але дзіўным чынам анёл зноў апынаўся на сваім месцы. Мясцовыя жыхары лічаць, што Самотны Анёл ахоўвае мястэчка.
Паводле ўспамінаў старажылаў, сям’я Пратасевічаў шмат зрабіла для добраўпарадкавання Дварца на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў. Так, дзякуючы намаганням Апалінарыі Пратасевіч у мястэчку пабудавалі мураваны касцёл святога Антонія Падуанскага. Ваенныя падзеі і перапынак у дзейнасці ў савецкі час наклалі адбітак на знешні выгляд храма: былі знішчаны каляровыя вітражы з венецыянскага шкла, разбіта дахоўка. Аднак і ў сённяшнім выглядзе касцёл у Дварцы з’яўляецца выдатным помнікам архітэктуры неабарока.
Накрышкі. Свята-Барыса-Глебская царква
Царква ў гонар святых мучанікаў Барыса і Глеба ў вёсцы Накрышкі была пабудавана ў ХІХ стагоддзі з каменю. Архітэктурнай адметнасцю царквы з’яўляюцца мураваныя сцены з атынкаванымі і пабеленымі элементамі дэкору. Цікава і тое, што многія абразы для іканастасу падараваны прыхаджанамі на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў.
Вёска Раготна. Касцёл Святых Анёлаў-Ахоўнікаў
Касцёл Святых Анёлаў-Ахоўнікаў у вёсцы Раготна, пабудаваны ў 1840 г., – адметны прыклад архітэктуры ў стылі позняга класіцызму. Чатырохгранныя вежы-званіцы ўзвышаюцца над усёю вёскай і бачныя ўжо здалёк па дарозе сюды. Велічны выгляд храму надаюць і магутныя калоны.
Недалёка ад Раготна, калі накіроўвацца ў бок вёскі Саннікі, можна ўбачыць пагорак вышынёю 12 метраў, які мясцовыя жыхары называюць “Талерка”. На ім размяшчалася старажытнае гарадзішча. Яго з’яўленне датуюць Х-ХІ стагоддзем. Пагорак і насамрэч падобны на перавернутую талерку. Яго паверхня ўяўляе сабой круг дыяметрам каля 30 метраў з невялікім паглыбленнем. Існуе легенда, што на гэтым месцы калісьці стаяла царква, якую аднойчы паглынула зямля.
У пяць пунктаў немагчыма ўціснуць мноства цікавых аб’ектаў, якімі пакуль яшчэ багаты Дзятлаўскі край. Пакуль, бо, на вялікі жаль, з кожным годам іх становіцца ўсё менш. Палац Радзівілаў ужо даўно чакае рамонту, сядзіба Дамейкаў у Жыбартоўшчыне, непадалёк ад Дзятлава, знаходзіцца ў аварыйным стане, зусім нядаўна разбураны вадзяны млын у вёсцы Круцілавічы.
Не варта надоўга адкладваць падарожжы, каб на свае вочы паспець пабачыць памяткі старажытнасці. Каб, калі і не выратаваць іх, то хаця б захаваць у памяці.
Чытай таксама:
Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Смаргонскі раён
Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Астравецкі раён
Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Ваўкавыскі раён
Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Шчучынскі раён
Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Мастоўскі раён
Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Карэліцкі раён
Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Слонімскі раён
Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Бераставіцкі раён