«J-J BIENZ» ГРАЕ СКА

| Без катэгорыі

Зала была набіта – усе чакалі гасцей са сталіцы! Калі наладзілі гук, згасілі свечкі (ой, вядома жа, лямпы) і скончылі ўсе сцэнічныя падрыхтоўкі, перад намі з’явіліся музычныя инструменты ў суправаджэнні маладых людзей, якія «разагравалі» публіку перад абяцаным выступам групы «j-j bienz». І вось нарэшце – яны. Са сцэны пасыпаліся песні: «Сёння мы граем ска», «Раз , два, тры» і т.д. Хлопцы хутка ўзялі ў свае рукі ініцыятыву і заклікалі народ парухацца каля сцэны. Народ быў не супраць! Група працавала ўжывую, таму іх энергія прымушала літаральна падскокваць у такт: так-так – так!

align=none alt=”3″ sub=”3″>

Без накладак не абыйшлося. Толькі выканаўцы памкнуліся праспяваць «па-сапраўднаму», як тут жа павыключаліся мікрафоны. Знаходлівыя хлопцы не збянтэжыліся, селі на ўскрай сцэны, звесіўшы ногі, і пачалі размаўляць з натоўпам растанцаваўшайся моладзі. Гукарэжысёры-прафесіяналы хутка «разгаварылі» нямыя калонкі, і музыка ізноў апанавала ўжо парадкам напружаную залу! Падчас выканання павольнай кампазіцыі адзін з вакалістаў запрасіў на танец дзяўчыну з танцполу… Думаю, нескладана прадставіць яе шчаслівы твар!

У канцы выступу я прабралася за кулісы (ну, не дазваляе мая натура пытанням, якія нарадзіліся ў галаве, застацца без адказаў). Узбуджаныя выступам хлопцы, сур’ёзны дырэктар групы і я сутыкнуліся ў дзвярэй. Настрой панаваў добры, і гутарка атрымалася нязмушанай:

– Як вам публіка, як Гродна вас прымала?

– Калі сапраўды, то мы думалі, што будзе горш, а прайшло ўсё добра!

– Як утварылася ваша група і чаму менавіта так завецца?

– Нас усіх сабраў наш саксафаніст… А наогул, склад нашай групы як надвор’е: зменлівы і стыхійны, а з самых першых, пэўна, толькі саксафаніст і застаўся. Групу спачатку хацелі назваць «Усё crazy», але гэтая назва нарадзілася ў кагосьці раней. І таму зараз мы «j-j bienz» (з «Зорных войнаў», памятаеце)?

Не толькі каханню ўсе ўзросты пакорлівыя, але і гэтай маладой і таленавітай группе. На канцэрце кантынгент сабраўся ад 17 і да 25 гадоў. А яшчэ хлопцы паспяваюць вучыцца і працаваць… Хтосьці прадае паперу, а хтосьці на ёй піша іспыты ва ўніверы. Так, ліцэй выпадковыя людзі не наведваюць! Не верыце? Упэўніцеся самі.

Лізавета ГАРОХАВА

Фота аўтара