Замест філармоніі будзе чарговая крама?

|

Пачатковы кошт нерухомасці – больш за чатыры з паловай мільярдаў рублёў. Кінатэатр пабудаваны пяцьдзесят гадоў таму, агульная плошча – амаль дзве тысячы квадратных метраў. З іх зараз здаюць у арэнду толькі пятую частку. Каля 80% ад усёй плошчы займае кіназала, якая пустуе. Кіно тут не паказвалі дзесяць гадоў.

 

«Кінавідэапракат» нясе немалыя страты: прыбыткі, якія атрымоўваюцца ад арэнды, не пакрываюць выдаткаў на ўтрыманне будынка і аплату камунальных паслуг. Супрацоўнік аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама, які папрасіў не называць яго імя, крытычна ацэньвае «гандлёвую» будучыню аб’екту. У цэнтры горада «гарадзіць» чарговую краму сапраўды дзіўна. У Гродна, напрыклад, няма добрай канцэртнай залы. Да нас і на гастролі не хочуць ехаць сімфанічныя аркестры і балетныя трупы, таму што няма памяшкання з элементарнай аркестравай ямай. З іншага боку, ніякія бізнесмены не будуць укладаць грошы «ў культуру». Гэта можа сабе дазволіць толькі бюджэт. Або не можа дазволіць…

 

P.S. У 2003 годзе сур’ёзна разглядалася пытанне рэканструкцыі кінатэатра «Гродна» пад канцэртную залу абласной філармоніі. Эскізны праект рэканструкцыі быў ухвалены на горадабудаўнічым савеце, а кіраўніком творчага калектыву быў прызначаны галоўны архітэктар «Гроднагіпрабуду» Уладзімір Шапавалаў.

 

Планавалася стварэнне двух паўнавартасных канцэртных залаў: вялікага – на 700-800 месцаў і камернага – на 120-150 месцаў. Развіццё сцэнічнай каробкі вялікай канцэртнай залы (з балконам для гледачоў), неабходнасць у  артыстычных, касцюмерных, цырульнях, асвятляльнай апаратуры, месцах захоўвання дэкарацый, музычных прылад, службовых памяшканняў для працаўнікоў філармоніі патрабавалі П-вобразнай прыбудовы. Яна павінна была з’явіцца ў супрацьлеглай галоўнаму фасаду частцы будынка, дзе некалі мясціўся вялізны экран кінатэатра.

 

Рост будынка ў вышыню павінны быў забяспечыць фальш-дах. Былы тэатр узводзіўся па тыпавым праекце, яго фасады «ляпіліся» амаль глухімі. Таму планавалася акультурванне ўсіх фасадаў. Гэтага можна было дасягнуць пры дапамозе ўсталявання шкла на ўсіх вертыкальных канструкцыях.

 

Планавалася і трэцяя (!) канцэртная зала – пад адкрытым небам: ля параднага ўваходу, на месцы цяперашняй пляцоўкі адпачынку. Амфітэатр планавалася разгарнуць да сцэны, фрагментам якой стала б лесвічная пляцоўка галоўнага ўваходу ў канцэртную залу. А на дамах злева і справа ад будынка кінатэатра планавалася збудаваць… балконы. І такім чынам адкрытая «канцэртная зала» ператварылася б у добра арганізаваную і прыгожую прастору. Накшталт падворка-эстрады, эстэтычна яркай і функцыянальна арыгінальнай ідэі гродзенскіх архітэктараў.

 

На жаль! Нічога гэтага няма і ўжо не будзе ніколі. Застаецца толькі паглядзець на эскіз, пасумаваць і… прадаць.

>

 

На ілюстрацыі – праект філармоніі