Павел Савіцкі падпісаў з гарадзенскім “Нёманам” новы кантракт да 2017 года.

|

Салігорскі “Шахцёр” і албанскi “Скендэрбеў”, які рэгулярна выступае у еўракубках, цікавіліся Савіцкім, але і беларуская, і албанская каманда не змаглі дамовіцца з гарадзенскім клубам аб набыцці футбаліста.

 

Я разлічваў перайсці ў іншы клуб, бо хацеў нешта памяняць у сваёй кар’еры. Але, як аказалася, ад мяне мала залежала“, – распавядае Павел.

 

“Была добрая прапанова ад “Шахцёра”, але я атрымаў траўму, ды і “Нёман” не здолеў у выніку дамовіцца аб кампенсацыі з салігорскай камандай. Выходзілі на мяне і прадстаўнікі албанскага “Скендэрбеў”, але і там каманды не здолелі дамовіцца. У выніку, я яшчэ на год падпісаў кантракт з “Нёманам”. Магчыма, у Гродне застануся да 23 год”.

 

Адна з галоўных праблем, з-за якой 21-гадовы паўабаронца не можа перайсці ў іншы клуб, гэта кампенсацыя. Згодна з кантрактам, гарадзенскі гулец, які не дасягнуў 23 гадоў, пераходзіць у іншую каманду толькі за атрыманую кампенсацыю, якую клуб выстаўляе сам. Падобная сітуацыя і ва Уладзіслава Васiлючака. 

 

Не сказаць, што я засмучаны з-за пераходу. Болей мяне хвалюе гіпс, з якім яшчэ трэба будзе хадзіць каля двух тыдняў. Для мяне цяпер галоўнае – зноў выйсці на поле, забіваць галы. Што тычыцца новых прапаноў, то думаю, яны яшчэ будуць“.

 

Павел Савіцкі выступае за гарадзенскі “Нёман” з 2011 года. За гэты час яму ўдалося правесці 131 гульню і забіць 32 мячы.