Гарадзенцы пра указ №40: “Цяпер не будзе сэнсу ездзіць за мяжу на закупы”

|

Паводле ўказу №40 у выпадку ўвозу тавараў у Беларусь часцей, чым адзін раз на тры месяцы, тавары коштам вышэй 300 еўра і вагой звыш 20 кілаграм не будуць адносіцца да тавараў асабістага карыстання.

 

Цяпер сітуацыя на памежных пераходах на мяжы з Польшчай у Гарадзенскай вобласці сведчыць пра тое, што ахвотных ехаць у суседнюю краіну значна паменела. У будні чэргаў практычна не бывае, акрамя выходных дзён, калі ў Польшчу накіроўваюцца жыхары іншых абласцей Беларусі і асабліва Мінску.

 

Гарадзенец Аляксей, які ездзіць у Польшчу з таго часу, як адчынілі мяжу, кажа, што цяпер у лепшым выпадку едзе туды толькі па харчы. Да польскіх ужо даўно прызвычаіўся і не хоча замяняць іх беларускімі.

 

— Новы ўказ, па-мойму, канчаткова спыніць увоз асабліва бытавой тэхнікі ў Беларусь. Хоць гарадзенцы ўжо і так практычна не маглі нічога прывозіць, асабліва на продаж, каб на гэтым зарабіць, бо складаную бытавую тэхніку можна ўвозіць адзін раз на два гады, а цяпер дык наогул паездкі з мэтай зарабіць капейку прыпыняцца. Мы і так ездзім толькі раз на восем дзён. Але думаю, што гэты ўказ асабліва зачэпіць мінчукоў, якія яшчэ дагэтуль раз на тыдзень у выходныя едуць у Беласток і затаварваюцца на рынках і ў крамах. Яны яўна вязуць усё на продаж, прычым з прычэпамі і запоўненымі салонамі. А цяпер — раз на тры месяцы, і ўсё. Думаю, што і ў выходныя цяпер чэргаў не будзе.

 

Спадарыня Валянціна распавядае, што днямі была з мужам у Беластоку, ездзілі па лекі і былі ўражаныя тым, што ў польскіх гіпермаркетах практычна няма пакупнікоў. Яна кажа, што паездкі шмат у чым цяпер яшчэ стрымлівае высокі курс долара ў Беларусі.

 

— Цяпер нават складана стала набываць у Польшчы таннейшыя харчы, бо долар у нас моцна вырас. Нават польскі злоты, калі раней мы лічылі 1 да 3, то цяпер ужо 1 да 5, а нават і да 6. Дык як тады яшчэ нешта купляць…

 

Ейны муж, спадар Юры, смяецца і дадае, што хутка ў Польшчу будзем ездзіць па паліва:

 

— У палякаў салярка ўжо каштуе 3,7 злотага за літр, а была аж 5 злотых і вышэй. А ў нас з першага сакавіка нібыта збіраюцца падвысіць акцызы на паліва, то мне цікава: за колькі мы тады будзем запраўляцца? Яны зрабілі такую сітуацыю, што нам цяпер ні ў сябе нічога не купіць, ні ў Польшчу не паехаць і не купіць. Вы ўзгадайце, калі быў такі час, каб на мяжы не было чэргаў…

 

Найбольшай крыніцай даходу на паездках у Польшчу лічыўся кантрабандны правоз цыгарэт. Спадар Іван кажа, што гэты “бізнес” таксама цяпер практычна не дзейнічае, хоць дагэтуль людзі імкнуцца ва ўласных аўта правозіць кантрабандны тавар.

 

— Цяпер беларускія мытнікі вельмі часта накіроўваюць нашы аўто на сканер, які ўсталявалі на мяжы, і цыгарэты выяўляюць адразу, нават да палякаў не даедзеш. Дый польскія мытнікі вельмі часта адпраўляюць аўто на агляд. Апошнім часам і так не было сэнсу ездзіць, каб нейкі заробак з гэтага быў, а ўжо цяпер яны практычна перапынілі сэнс паездак. Трэба шукаць працу. А дзе тут яе знайсці? Я ўжо некалькі месяцаў боўтаюся па розных фірмах, але, акрамя выпадковага заробку, нічога не магу знайсці.

 

Цікавым фактам у гэтай сітуацыі застаецца тое, што штодзённая чарга каля польскага консульства ў Гродне за атрыманнем віз не змяншаецца: ездзіць у Польшчу людзям нявыгадна, але па візы ўсё роўна ідуць.