I want to believe. Дзе на Гарадзеншчыне сустракалі НЛА і іншапланетнікаў у шубах

15-16 сакавіка 1892, Гродна

 

З боку Ласосна на заходзе сонца з’явіўся “паветраны шар”. На ім часта павялічваўся і памяншаўся электрычны агонь, а яго промні падалі на зямлю. 15 сакавіка шар паўгадзіны стаяў над гродзенскім лагерам, затым пайшоў на паўночны захад і спыніўся каля ўрочышча Пышкі. З 8.45 шар знікаў у заходнім напрамку і ў 9.15 знік. 16 сакавіка ў прыцемках шар з’явіўся зноў і доўга трымаўся над горадам. Апошні раз ён праляцеў каля 7 гадзін раніцы 17 сакавіка.

 

 

25 лістапада, 1894, Ружаны (тады Гродзенская губерня)

 

Пры ціхім туманна-пахмурным надвор’і на небе раптам з’явілася яркае сінявата-белае святло, падобнае да бенгальскага агню. Святло з’явілася на паўднёвым захадзе і рухалася на паўночны ўсход. Там яно і знікла, пратрымаўшыся каля паловы хвіліны. У тым жа месцы пачуўся выбух грому. Грукатала  чатыры хвіліны без перапынку. Гук грому рухаўся ў тым жа напрамку, што і святло. Ён быў глухаваты і падобны на барабанны стук ці на гук экіпажа па бруку з буйнога камяню.

 

Праз нейкі час на захадзе тройчы бліснула маланка такім жа святлом, але без грому, а праз 27 хвілін на паўночным захадзе з’явіўся светлавы слуп, які меў конусападобную форму і быў звернуты вострым канцом уніз.

 

Навукоўцы тлумачылі апісаную вышэй з’яву падзеннем вялікага аэраліта, але ў літаратуры не знойдзена звестак пра яго знаходжанне. Да таго ж, падзеннем аэраліта нельга патлумачыць светлавы конус.

 

Ліпень 1964, в. Свірыдавічы, Гродзенская вобласць

 

Ноччу пасярод двара 14-гадовая дзяўчына ўбачыла пляму святла большую за футбольны мяч. На сцяне свяціліся два яе адлюстраванні. Пляма рухалася па зямлі і зайшла за хату. Яна сцвярджае, што гэта быў не месяц і не пражэктар.

 

 

27 верасня 1986, в. Амневічы, Карэлічскі раён

 

Вера Богша і яе дачка ўбачылі ў лесе незвычайных істот. А праз тры гады там жа яны бачылі жанчыну, якая “растварылася” ў паветры.

 

20 кастрычніка-канец лістапада 1989, Масты

 

У 8 гадзін вечара жанчына бачыла невялікая жоўтае цела круглай формы. За некалькі хвілін яно на вачах зменшылася ў памеры і знікла. На працягу двух месяцаў у горадзе бачылі і цёмна-бардовы трохметровы шар, і два чырвоныя квадраты, і шар, ад якога ішоў блакітна-зялёны колер. Апошні рухаўся з хуткасцю звыш 60 км/г.

 

10 красавіка 1990, Гродзенскі раён

 

У калгасе імя Дзеньшчыкова бачылі два жоўта-аранжавых шара. Яны завіслі метрах у ста адзін ад аднаго і “перагаворваліся” светлавымі ўспышкамі. Яны зніклі праз 20 хвілін. Школьнік Луцкаўлянскай школы паспеў паглядзець на шары ў бінокль і сцвярджае, што яны падобныя на дзве складзеныя выпуклыя талеркі.

 

 

Красавік 1990, вёскі Вінніца, Суляцічы, Брольнікі, Мольнічы, Навагрудскі раён

 

У Вінніцы ў пяць гадзін ранку бачылі аранжавы шар з чырвонымі промнямі. У Суляцічах каля 22.00 мясцовы жыхар бачыў трох іншапланецян: ростам каля 120 см, у шубах з капюшонам. Адзін з іх спытаў, куды жыхар ідзе, а потым знік.

 

У Мольнічах мноства людзей у красавіку назіралі НЛА ў выглядзе сегмента месяца. У Брольніках бачылі ўспышкі – як быццам у лесе працаваў зварачны апарат. Над Суляцічамі даяркі бачылі шар.

 

 

1995 год, г.п. Краснасельскі, Ваўкавыскі раён

 

Жыхарка пасёлка Людміла С. ішла па вуліцы Будаўнікоў, і раптам убачыла на адлегласці каля трохсот метраў ад сябе светлы шар. Ён вісеў у паветры над зямлёй у некалькіх дзесятках метраў,  а ў ім знаходзілася постаць чалавека ў доўгай белай вопратцы з доўгімі валасамі. Шар нерухома вісеў у паветры каля двух-трох хвілін. Потым яго не стала. У той час у раёне з’яўлення шара пачыналася будаўніцтва храма, які на сённяшні дзень ужо даўно функцыянуе.

 

Лета 1999, в. Карані, Смаргонскі раён

 

Хлопцы ўбачылі “капялюш” у паветры. На вялікай вышыні ён ляцеў з поўначы на поўдзень. Яны кажуць, што гэта быў не верталет, не самалет, не парашут, а менавіта лятаючая талерка.


Жнівень 2000, в. Ісаевічы, Слонімскі раён

 

У дзве-тры гадзіны ночы дзяўчына вярталася з дыскатэкі і ўбачыла фігуру, якая свяцілася і была памерам з футбольнае поле. “Здавалася, што нейкія прамяні падаюць з неба, але прамянёў не аказалася наогул, і неба было зорнае-зорнае”. Фігура была светла-жоўтага колеру і рухалася з поўдня на поўнач 2-3 хвіліны. Дзяўчына пасаромелася расказваць пра гэты выпадак у вёсцы, бо ніхто акрамя яе фігуры не бачыў.

 

 

10 верасня 2005, Гродна

 

Студэнт ГрДУ ўбачыў ноччу аб’ект, які складаўся з кропак, якія свяціліся і размяшчаліся ў форме трохвугольніка. Кропкі знікалі і ўспыхвалі з пэўнай часовай прагрэсіяй. Спачатку зніклі дзве, затым чатыры, затым заставалася толькі адна, якая таксама гасла. Такое адбывалася кожныя тры секунды. Пасля знікнення апошняй кропкі, усе яны з’явіліся зноў, і працэс знікнення пачынаўся нанова. Гэта адбывалася праз 10 секунд пасля поўнага знікнення кропак-агнёў аб’екта.

 

“Я сеў на лаўку і назіраў аб’ект 27 хвілін. У 23.31 ён знік цалкам, я пачакаў яшчэ дзесяць хвілін і пайшоў дадому. Дома я выйшаў на балкон пакурыць пасля вячэры. У 00.25 я заўважыў у небе на тым жа месцы яшчэ адзін аб’ект. Ён складаўся з той самай колькасці агнёў, але яны размяшчаліся па крузе і гэтак жа згасалі”.

 

Раней ён думаў, што гэта спадарожнік ці самалёт, а потым упэўніўся, што гэта НЛА.

 

***

 

Супольнасць “Уфоком” займаецца адсочваннем невытлумачальных з’яў і спрабуе іх патлумачыць навукова. Дагэтуль камунікацыя з Гродзенскай вобласцю ў ёй была развіта слаба, але нядаўна ў Гродне з’явіўся прадстаўнік “Уфокома” – ён працуе выкладчыкам у адным з вузаў і не хоча афішавацца.

 

Калі вы заўважылі недзе на Гарадзеншчыне анамальную з’яву, вы можаце напісаць на [email protected] і “Уфоком” паспрабуе яе вывучыць.

 

– Па Беларусі ўсюды прыкладна аднолькавая колькасць з’яўленняў НЛА. Праўда, у Мінскай вобласці іх можа быць зафіксавана больш за кошт большай колькасці спецыялістаў і развітым СМІ, – кажа даследчык анамальных з’яў Ілля Бутаў. Ён спадзяецца, што цяпер на Гарадзеншчыне вывучэнне пойдзе хутчэй. Ужо нават намецілася адна экспедыцыя, звязаная са з’яўленнем палтэргейста.

  

Шмат невывучаных з’яўленняў НЛА ў Гродне і ваколіцах апісвалі ў газетах 90-х гадоў. Менавіта тады паднялася хваля цікавасці да гэтай з’явы. На жаль, тады ж паўстала і шмат фальсіфікацый.

 

Спасылаючыся на расійскіх калег, Ілля кажа, што пасля з’яўлення НЛА ў тым месцы змяняецца склад глебы, электрамагнітнае поле і батанічны склад. Напрыклад, могуць расці расліны, не характэрныя для гэтай вобласці.

 

Здымкі ўзятыя з адкрытых крыніц у інтэрнэце і маюць ілюстрацыйны характар.