Гарадзенскія футбольныя заўзятары пачынаюць аб’ядноўвацца ў адзіную арганізацыю
Афіцыйны гарадзенскі клуб заўзятараў быў створаны год таму, зараз у ім больш за 15 чалавек. Чальцоў так мала, бо клуб не займаўся яшчэ ніякай рэкламай. У 2016 годзе чальцы клуба гатовыя актыўна працаваць па прыцягненні новых заўзятараў. У гэтым ім будзе дапамагаць і сам футбольны клуб “Нёман”.
Як і навошта ў Гродне ствараюць клуб заўзятараў футбольнага “Нёмана”
“Цяпер любыя пытанні, звязаныя з рознымі акцыямі заўзятараў, тэарэтычна, мы можам вырашаць праз наш новы клуб, – распавядае старшыня клуба Дзяніс. – Мы выступаем як адзіная арганізацыя, мы зарэгістраваныя і зараз з намі павінны лічыцца, бо клуб быў створаны па ініцыятыве АБФФ. Для нашых заўзятараў ёсць спецыяльныя карткі чальцоў клуба, але гэта не значыць, што зараз ім усё дазволена. Як і раней, усё будзе залежаць ад улад. Наша перавага ў тым, што мы выступаем ужо не як кучка людзей, а як адзіная арганізацыя“.
Клуб заўзятараў створаны таксама для таго, каб звычайны чалавек мог бесперашкодна трапіць на выезд любімай каманды, наведаць не толькі футбол, але і культурныя славутасці таго ці іншага горада.
Клуб ужо ставіць сабе канкрэтныя мэты. Першая – прыцягнуць новых членаў, другая – перагледзець дату заснавання футбольнага клуба “Нёман”.
Для ўступленне ў клуб заўзятараў трэба запоўніць анкету і выслаць яе на электронны адрас [email protected], або на адрас футбольнага клуба: 230029, г. Гродна, вул. Камунальная 3.
Кожны чалавек, які ўступіў у клуб, павінен будзе ўнесці пачатковы ўзнос у памеры 100 тысяч рублёў. Унёскі пойдуць на выраб картак заўзятараў, фотаздымкаў, друкаванай прадукцыі, развіццё клуба і г.д. 10% ад сумы пачатковага ўнёску пойдуць на дабрачыннасць.