“Нёман” абыграў брэсцкае “Дынама” і ў новым сезоне разлічвае на Рамана Васілюка

|

Каманда Сяргея Саладоўнікава першай прапусціла. Але ў адказ на гол берасцейцаў гарадзенцы адказалi трыма мячамі. У першым тайме вызначыўся Пазняк, а ў другім Сасноўскі і Кавалюк.

 

У Брэсце гарадзенцы выступалі наступным складам: Курганскі, Лешка (Мацвееў, 86), Сасноўскі (к), Пазняк, Анюкевіч, Хвалько, Кавалюк (Кавалёнак, 84), Чухлей (Сарокін, 77), Лукашын (Вяргейчык, 46), Бомбель (Сянкевіч, 46), Канцавы (Забелін, 77).


Дынама (Брэст) – Нёман (Гродна) – 1:3

 

Галы: 1:0 – Цэван (16, з пенальці), 1:1 – Пазняк (18), 1:2 – Сасноўскі (62), 1:3 – Кавалюк (64)

 

 

Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў пракаментаваў перамогу над брэсцкім “Дынама”:

 

Мне матч спадабаўся. Кожная гульня выклікае ўсё больш і больш пытанняў. І гэта добра. Радуе, што забілі, і не адзін. Радуе, што перамаглі. Не буду раскрываць, што насцярожвае, але яшчэ раз кажу, што гульні – гэта ключавыя этапы падрыхтоўкі, пасля якіх ты робіш пэўныя высновы. Трэніровачны працэс – гэта адно, а гульні задаюць тыя пытанні, над якімі трэба яшчэ працаваць”.

 

За некалькі дзён да матчу стала вядома, што клуб падпісаў кантракты з паўабаронцам Андрэем Чухлеем і брамнікам Уладзімірам Журавым. На дадзены момант застаецца адкрытым пытанне кантракту з Кірылам Вяргейчыкам.

 

Таксама варта адзначыць, што клуб не здолеў дамовіцца з перспектыўным маладым паўабаронцам Маратам Бураевым. Ходзяць чуткі, што расійскiй гулец адразу ж пасля “Нёмана” адправіўся на прагляд у “Слуцк”.

 

У новым годзе “Нёман ужо  двойчы правёў вучэбна-трэніровачныя зборы, цяпер каманда рыхтуемся да трэціх. Як кажа Сяргей Саладоўнікаў, у яго камандзе  ўсё ідзе па плану. Вось толькi гульцам прыходзiцца трэнiравацца ў цяжкіх умовах. На дадзены момант шмат траўміраваных. Адзін з іх – Раман Васілюк, якога ў iнтэрнэце ўжо сватаюць назад у брэсцкае “Дынама”.

 

Сяргей Саладоўнікаў пракаментаваў чуткi аб “пераходзе” Рамана Васілюка ў “Дынама”:

 

Ведаеце, мы ж жывем не ў першабытным грамадстве – у нас прававая дзяржава. Чалавек падпісаў кантракт, які быў зарэгістраваны. Якія вяртанні? У нас жа не прыгоннае права. Чалавек да нас прыехаў. Не трэба думаць пра тое, вернецца Васілюк у брэсцкае “Дынама” ці не. Трэба было думаць, каб 20 чалавек не сышло з брэсцкага футбола. Мне здаецца, у гэтым плане ёсць пытанні. Я на Рамана ў новым сезоне разлічваю, інакш мы б яго ў “Нёман” не запрашалі“.


Фота: fcneman.by