Гродзенскую “Чабурэчную” чакае перазагрузка: адкрыецца новая зала, дзе будуць выступаць музыкі

|

Паколькі гэта месца адно з самых старых у горадзе, назву мы змяняць не плануем. Чабурэкі так і застануцца самым папулярным прадуктам у нашай установе“, – распавядае новы ўладальнік Юрый.

 

Нямногія ведаюць, што поўная назва вядомага месца ў цэнтры Гродна сёння гучыць як кафэ-закусачная “Чабурэчная”. Гэта адно з нешматлікіх месцаў у Гродне, якое афіцыйна з’яўляецца закусачнай.

 

 

У планах новага ўладальніка разнастаіць кухню ўстановы, дадаць комплексныя абеды з традыцыйнымi беларускiмi стравамі. Пры гэтым цэннік абяцаюць зрабіць не вышэй чым у звычайных універсітэцкіх сталовых.

 

“Калі ў людзей застаўся стэрэатып, што чабурэкі гэта старое мяса і няправільнае цеста, то я магу любога завесці на кухню і паказаць, як там усё робіцца. Мяса там заўсёды свежае, цеста робіцца ўручную. Гэта не нізкапробная забягалаўка, а высакаякасная ўстанова”, – кажа Юрый.

 

Навінкай у “Чабурэчнай” стане адкрыццё сцэны. Нямногія ведаюць, што ў закусачнай ёсць невялікi пакой, якi раней быў прадугледжаны для VIP-кліентаў. Менавіта там будуць выступаць музыкi.

 

“У нас будзе першая ў Гродне ўстанова, дзе будуць праводзіцца кватэрнікі. У нас змогуць выступаць музыкi-пачаткоўцы. У пятніцу і суботу плануем падоўжыць працу ўстановы да 2.00, а не так як цяпер – толькі да 20.00. Таксама плануем павесіць тэлевізары, каб кожны наведвальнік мог бачыць, што адбываецца на сцэне. Пры значных спартыўных падзеях будзем ладзіць трансляцыі”.

 

У меню ў “Чабурэчнай” з’явяцца вячэрнія стравы. Юрый кажа, што яго ўстанова не можа пазіцыянаваць сябе як дарагая, бо закусачная павінна заставацца закусачнай. Таксама ён адзначыў, што ў кафэ неўзабаве закупяць нармальны посуд, якi заменіць аднаразовы.

 

Памяшканне ўстановы невялікае – да 50 чалавек. Плануецца, што першы кватэрнік пройдзе тут ужо 24-25 сакавіка. А да Фестывалю нацыянальных культур тут плануюць зрабіць самы вялікі чабурэк у гісторыі горада.