Гарадзенца прыгаварылі ў Польшчы да чатырох гадоў турмы за шпіянаж

|

Юрыю К. пагражала да 10 гадоў пазбаўлення волі. Абгрунтаванне свайго рашэння суддзя Анджэй Краснадэмбскі не агучыў публічна. Вырак яшчэ не ўступіў у сілу, адвакат беларуса, які сцвярджае, што той невінаваты, абяцае падаць апеляцыю, піша Dziennik, спасылаючыся на PAP.

 

Gazeta Wyborcza ў сваю чаргу адзначае, што суд прызнаў Юрыя вінаватым у самай проста форме шпіянажу – звычайнай перадачы інфармацыі чужой разведцы. Таксама суд прызнаў, што беларус не перадаў ніякай інфармацыі, якая магла б зашкодзіць Польшчы. Магчыма, таму Юрый К. атрымаў усяго чатыры гады. Два з іх ён ужо адседзеў у арышце, пакуль ішло следства.

 

У Варшаве пачаўся закрыты суд над гарадзенцам, якога вінавацяць у шпіянажы

 

Судовы працэс быў кароткі – усяго сем паседжанняў цягам чатырох месяцаў. Ён быў таксама часткова адкрыты, што бывае вельмі рэдка ў выпадках шпіянажу. Ёсць у справе таксама таемныя дакументы, у тым ліку паказанні ананімнага сведкі. Сярод адкрытых сведчанняў ёсць інфармацыя пра тое, што Юрый К. папрасіў аднаго польскага сябра зрабіць фота вайсковай базы ў Быдгашчы для “артыкула ў беларускай газеце”, але не быў задаволены імі, бо меў на ўвазе “іншую вайсковую частку”.

 

У Быдгашчы, якую часам называюць “польскай сталіцай NATO” (там знаходзіцца навучальны цэнтр), Юрыя і затрымалі вясной 2104 года. Ён тлумачыў, што быў на рэдакцыйным заданні “Вячэрняга Гродна”, але высветлілася, што ў той момант ён ужо там не працаваў, а раней таксама быў заняты не на журналісцкай пасадзе.

 

Польскія сведкі падкрэслівалі, што К. крытычна выказваўся пра ўлады Беларусі, добра ставіўся да палякаў і не цікавіўся вайсковымі справамі. Сведка з Познаня казаў, што ў 2011 годзе падвозіў мужчыну ў раён ваеннай авіябазы ў Кшесіне, дзе размешчаны польскія F-16. Юрый К. тлумачыў, што павінен сустрэцца там са знаёмым.

 

Юрый К. называе сябе невінаватым і кажа, што справу цалкам сфальсіфікавала польскае Агенцтва унутранай бяспекі (контрвыведка). У лістападзе 2015 года, калі пачалася закрытая частка справы ў судзе, Юрый К. казаў, што ён не шпіён, а выкладчык.

 

“Гэта была містыфікацыя і няправільная інтэрпрэтацыя маёй прафесійнай дзейнасці”, – казаў Юрый К. пра абвінавачанне. “Мой арышт стаў прычынай смерці маёй маці, я страціў працу, мая газета ад мяне адхрысцілася”, – казаў ён.