Пяць дэндрапаркаў і ліпавы гай: пад час “Тыдня лесу” на Гарадзеншчыне высадзяць больш за мільён дрэў

|

“У асноўным гэта будуць традыцыйныя для нашай паласы пароды хвоі і елкі. Высадзяць таксама лістоўніцу, дуб, алешыну, бярозу, ясень і клён. У Лідскім раёне закладуць ліпавы гай. Агулам плашча высадкі новых лясоў  складзе больш за 250 га., – адзначылі ў Гродзенскім лесагаспадарчым аб’яднанні. З’явяцца ў Гродзенскай вобласці і пяць новых дэндрапаркаў. Іх уладкуюць непадалёк ад лясніцтваў і лясгасаў: на невялікі добраўпарадкаванай тэрыторыі будуць высаджаны рэдкія пароды кустоў і дрэў. Пра асаблівасці раслін раскажуць спецыяльныя таблічкі.

 

Таксама спецыялісты лясной гаспадаркі разам з валанцёрамі  плануюць ачысціць ад бытавога смецця больш за 150 га лясных масіваў. “Разлічваем, што да “Тыдню лесу” ў Гродзенскай вобласці далучацца не менш за 6 тыс. чалавек. Каб узяць удзел у работах, дастаткова проста звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва. Усіх жадаючых забяспечаць пасадачным матэрыялам і неабходным абсталяваннем”, – растлумачылі ў Гродзенскім лясгасе.

 

На працягу 2016 года ў Гродзенскай вобласці плануюць высадзіць 10 млн саджанцаў на плошчы больш як 2,3 тыс. га. Агульная плошча лясоў у рэгіёне перавысіць 910 тыс. га. Больш за 50% лясоў будзе высаджана з насення з палепшанымі спадчыннымі ўласцівасцямі а частка пасадак будзе ажыццяўляцца па фінскім метадзе – саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай высадзяць у зямлю ў “вазонах” з грунта, якія змяшчаюць усе неабходныя для развіцця рэчывы. Такая тэхналогія істотна павышае прыжывальнасць дрэў.