Гарадзенская “Зуброўка” загадала доўга жыць?
Таварны знак “Зуброўка”, які належыць Гродзенскаму лікёра-гарэлачнаму заводу, зарэгістраваны ў снежні 2002 года. Згодна базе Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці рэгістрацыя гродзенскага завода на “Зуброўку” дзейнічае да 2020 года. Аднак, як распавялі “Штодзённіку” на Гарадзенскім ЛГЗ, выпуск настойкі ўжо спынены і цяпер распрадаюцца яе рэшткі.
Як патлумачылі на заводзе, вядомы брэнд не трапіў у адзіны партфель алкагольных брэндаў, які фарміруецца сёння ў рамках холдынгу “Мінск Крышталь”.
Летам мінулага года пасля выхаду адпаведнага ўказа прэзідэнта пачалося стварэнне дзяржаўнага алкагольнага холдынгу на базе мінскага завода “Мінск Крышталь”. У яго ўвайшлі яшчэ 7 падкантрольных дзяржаве вытворцаў моцных напояў – брэсцкі “Белалка”, віцебскі “Прыдзвінне”, гомельскі “Радамір”, Гродзенскі ЛГЗ, Клімавіцкі ЛГЗ, Мазырскі спіртагарэлачны завод і “Харчовы камбінат “Весялова”.
Павысіць эфектыўнасць дзяржаўнага гарэлачнага бізнесу і павялічыць яго долю на ўнутраным і знешніх рынках заклікана і уніфікацыя партфеля брэндаў.
Гэты працэс не мог не выклікаць пэўнай незадаволенасці, паколькі дзяржзаводы да нядаўняга часу канкуравалі не толькі з прыватнікамі, але і самі з сабой. Паводле інфармацыі “Штодзённіка”, ахвярамі “брэндавага скарачэння” стануць некалькі дзясяткаў гандлёвых марак.
У іх ліку аказалася і гарадзенская “Зуброўка” – арыгінальны у назве i адзіны таварны знак для гэтага напою ў рэестры Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. Гарадзенская “Зуброўка” выраблялася пад заказ, але карысталася попытам. У сярэднім на працягу трох месяцаў аб’ём выпуску мог даходзіць да 1-1,5 тыс. даляраў, распавялі на прадпрыемстве.
Зуброўкі як настойку выпускаюць пад сваімі брэндамі яшчэ два беларускія дзяржзаводы: “Мінск Крышталь” (“Беларуская зуброўка”) і “Белалка” (“Брэсцкая зуброўка”). У Брэсце пацвердзілі, што мясцовая зуброўка ўвойдзе ў партфель холдынгу.