Двое гарадзенцаў будуць удзельнічаць у рэаліці “Горад”

|

Пра тое, па якіх крытэрах адбіраліся 20 удзельнікаў адукацыйнай праграмы, распавяла член журы, дырэктар Школы экалагічнага актывіста, таварыства «Зялёная сетка» Надзея Куляшова:

 

Усяго на конкурс паступіла больш за 100 заявак. Сярод іх было вельмі шмат добрых. Галоўным крытэрыем пры адборы была рэалістычнасць і патрэбнасць для абранага месца. У першую чаргу мы таксама глядзелі, які эфект будзе ад рэалізацыі гэтага праекта. Ёсць праекты, якія прынясуць карысць у горадзе, яны там вельмі патрэбныя, але на гэтым усё і скончыцца – іх можна рэалізаваць толькі ў гэтым месцы, і ўсё. А ёсць праекты, якія з ужо адпрацаванай тэхналогіяй можна пераносіць на іншыя гарады Беларусі. Пры вызначэнні пераможцаў перавагу ў нейкай ступені аддавалі тым праектам, чый досвед можа быць карысны каму-небудзь яшчэ.

 

50 мільёнаў чакаюць! Рэаліці-шоў “Горад” дае шанец зрабіць Гродна лепшым

 

Са словаў Надзеі, людзей вельмі цікавіць магчымасць самарэалізацыі. Менавіта на гэта і на правядзенне вольнага часу  скіравана большасць заявак. Шмат жадаючых адкрыць прастору, куды людзі змогуць прыходзіць для развіцця нейкіх навыкаў, для камунікацыі, для трэніровак, ці  пошуку аднадумцаў. Тэматыка розная – танцы, спорт і г.д. Такога тыпу праекты таксама патрапілі ў 20 адабраных.

 

 

Кожнаму ўдзельніку члены журы давалі рэкамендацыі, – адзначыла Надзея. – Калі нешта падобнае ўжо рабілася, даваліся кантакты тых людзей, якія гэтую ідэю рэалізоўвалі, каб можна было пераняць вопыт. Некаторыя заяўкі карэлююць адзін з адным, гэта значыць іх можна злучыць і рэалізаваць разам. Калі адзін чалавек хоча адкрыць школу танцаў, але ў яго няма прасторы, а ў некага ёсць прастора, якую ён хоча запоўніць, праект злучае такіх людзей.

 

 

Было некалькі заявак ад вулічных мастакоў, якія хацелі б нешта намаляваць, і ў той самы час  – ад актывістаў з ідэямі пра тое, як упрыгожыць горад і зрабіць яго больш прывабным для жыхароў і турыстаў. Такія праекты могуць выліцца ў добрае супрацоўніцтва мастакоў і кампаній па вытворчасці фарбаў. За размяшчэнне на карціне свайго лагатыпа яны могуць праспансаваць матэрыялы для малявання.

 

 

Ўдзельнічалі ў адборы і ідэі экалагічнай накіраванасці. У дваццатку адабраных ўвайшлі, напрыклад, такія праекты: стварэнне мэблі з паддонаў для гарадскога маркета, папулярызацыя «Сцежкі здароўя», стварэнне саду на дахах дамоў, ўстаноўка зарадных прылад для гаджэтаў на аснове сонечных электрастанцый, распаўсюджванне новага віду спорту Green Workout – сумяшчэнне ўборак смецця з трэніроўкамі на вуліцы, арганізацыя велогаража.

 

 

Ідэі гарадзенца Івана Петушка накіраваны на арганізацыю камунікацыі і карыснага правядзення часу для гараджан. На думку журы, яны нясуць у сабе вялікі сацыяльны эфект. Іван – кіраўнік антыкавярні і хоча арганізаваць прастору вакол сваёй установы, зрабіць антыкавярню больш утульнай для наведвальнікаў і тых, хто праходзіць міма. Ён прапануе усталяваць на двары лавачкі і столікі для настольных гульняў, экран для арганізацыі кінапраглядаў, азеляніць гэтую прастору.

 

 

Я хачу рэалізаваць свой праект па паляпшэнні горада, – растлумачыў Іван. – Сутнасць яго ў стварэнні невялікага паркавага ўчастка з пляцоўкай пад розныя гульні і мерапрыемствы ў двары па адрасе Вялікая Троіцкая, 29-31. Узяўшы ўдзел у праекце, я хачу навучыцца ствараць, прасоўваць і рэалізоўваць значныя для людзей і для горада ідэі. І вядома, пазнаёміцца ​​з новымі людзьмі.

 

 

Вольга Салавей прадставіла ідэю, накіраваную на тое, каб дзеці, моладзь і дарослыя маглі праводзіць вольны час з карысцю. Вольга хоча аднавіць старую баскетбольную пляцоўку.

 

 

Я люблю падглядаць добрыя ідэі і ў жыцці іх рэалізоўваць, – падзялілася Вольга сваімі думкамі і чаканнямі. – Сваю ідэю з пляцоўкай я не прыдумвала, проста ўбачыла – яна ў мяне ўвесь час перад вачыма, я хаджу міма яе кожны дзень. Я сама мама, у мяне двое дзяцей, і я думаю пра дзяцей – таму і прыняла ўдзел у праекце з гэтай ідэяй. Пасля рэалізацыі яна будзе працаваць сама па сабе, нават без удзелу тых, хто яе рэалізаваў. А наогул я ад праекту чакаю вельмі многага: цікавых знаёмстваў, уражанняў і, магчыма, ідэй, якія я падгледзеўшы, можа быць, дзесьці рэалізую ўжо самастойна.

 

 

Праект «Горад» аб’ядноўвае рэалізацыю праектаў па паляпшэнню горада і рэаліці на партале TUT.BY. Партнёрамі адукацыйнай праграмы выступаюць Мінская ўрбаністычная платформа, конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend, Лофт-праект «Бэлькі», краудфандынговая платформа Ulej, крэатыўнае агенцтва INQ, а таксама экалагічнае таварыства “Зялёная сетка”.