Алесь Мікус: Перанесці сталіцу ў Горадню

|

Думка гэтая ў аўтара гэтых радкоў з’явілася ад рэфлексіі над самім горадам, у якім жыве, над Мінскам. Мінск — горад, пазбаўлены душы. Ніякай “Асмалоўкай” ці “Шабанамі” гэтую душу не ўдыхнеш. Ніякім “паркам Вікторыі” ці даволі грандыёзнай “плошчай дзяржаўнага сцягу”.

 

Калі, зважаючы на яго “фасадную”, падманлівую архітэктуру, Мінск колькі часу таму назвалі “горадам сонца”, дык было ў гэтым нешта ад захаплення. Нібыта каранёвая праблема была названая, але названая дзеля таго, каб адразу ж звесці выснову ўбок. А праўдзівая выснова — не такая, што трэба абжываць наяўнае. А такая, што трэба мяняць. Няхай не сёння.

 

Нельга не прыгадаць знакамітага гісторыка Мінску Захара Шыбеку. Ён развіваў “дыскурс Мінску” як мог, а тады, знясіліўшыся, з’ехаў прэч, у Ізраіль (да каханай). Зусім звесіўшы нос, ходзіць не менш зацікаўлены ў Мінску Сяргей Харэўскі. А іншых, каму рупіла б, здаецца, і няма. Хіба што “саўбелкаўскі” культжурналіст Мухін-Корбут выдаў кніжку, дзе захапляецца ўсім, што ёсць на мінскіх вуліцах, але на тое ён і “саўбелкаўскі”.

 

Дык вось, Мінск — горад бяздушны. Параўнайма хіба што з Вільняй. Няхай дзе-нідзе аблупленай, няхай не такой шумнай і рымізаванай. Але там ёсць дух. У тых вулачках, планіроўка якіх захавалася, сярод тых будынкаў Старога гораду, якія бачылі многа, а памятаюць яшчэ больш. Сярод тых фантастычных, неверагодна адухоўленых Гор у цэнтры горада. Гара, дзе Гедымін забіў тура і адкуль заснаваў Вільню, гара, дзе Гедыміна, згодна з паданнем, пахавалі.

 

Хто гудзіць “Вільня наша”, рацыю маюць і не маюць адначасова. Вільню не вернеш, дый не трэба, бо самі, з “Мінскам” унутры, з Вільняй не справімся. Няхай спраўляюцца літоўцы. Вунь, месяц таму літоўскія паганцы з “Рамувы” ўтварылі нефармальнае згуртаванне шасці “рамувоўскіх” суполак, якія дзейнічаюць у Вільні, апякуюцца кожная сваімі святымі месцамі ў Вільні і займаюцца кожная сваім кірункам паганскай дзейнасці ў Вільні. Туды, карацей, ужо не сунешся, хіба што з савецкім наскокам, які да дабра не прывядзе.

 

А што зрабілі з Мінскам — вядома. Саветы (вядома ж, не немцы) падарвалі, разбамбілі, каб на руінах пабудаваць свой “горад сонца”, вось якога наўпрост арыентаваная на Маскву, на акультны больш няма куды Маўзалей. І ўвянчалі гэта не менш загадкавым “дыяментам” Нацбібліятэкі, які — чуйныя людзі кажуць — нібыта акумулятар, які акумулюе і скіроўвае дзеля нейкіх, чыіхсьці невядомых патрэбаў. Зрэшты, гэта нядзіўна — саветы і постсавецкія расійскія ўлады ўсякім такім бавіліся і бавяцца бесперапынна — вялікая ж у іх краіна, цяжка ж так проста трымаць у адзінстве.


Мінск — не светлы горад. Фасадны, зманлівы. Горад-вампір. Горад-паверхня і горад-абгортка.

 

Горад, які па праўдзе мае доўгую і багатую гісторыю, у тым ліку й рэлігійную (адзін паганскі камень Дзед на Свіслачы чаго варты). Але ўсе дваццаць з гакам гадоў незалежнасці на ўскраінах горада, напрыклад, метадычна паўставалі праваслаўныя цэрквы — нібы акружыўшы горад колцам. І з яго не выбавішся. У такім акружэнні нічога іншага не прадугледжана, апроч таго, што транслюецца такім колцам, дый такім зместам пасярэдзіне.

 

Такім чынам, не Мінск. А што? А Горадня.

 

Горадня — каля мяжы з Польшчай і каля мяжы з Літвой. Нібыта тыя цяпер — нашыя верагодныя ваенныя “праціўнікі”. Значыць, тым больш пры цяперашніх умовах такі перанос не будзе магчымым. А будзе магчымым тады, калі, згодна з гістарычнай справядлівасцю, нашы пастаянныя гістарычныя хаўруснікі, Польшчы і Літва, будуць з намі і заадно.

 

Яшчэ абгрунтавання? Горадню называлі другой сталіцай Вялікага княства Літоўскага, пасля Вільні. Дык вось нам і вырашэнне пераемнасці з мінуўшчынай ВКЛ, не чапаючы Вільні. У Горадні праводзілі кожны трэці Сойм усёй Рэчы Паспалітай. Ёсць нават гістарычны прэцэдэнт з пераносам (!) — з Менску (і Наваградку) якраз у Горадню перанеслі паседжанні вярхоўнага суда Вялікага княства Літоўскага — Галоўнага трыбуналу. Там канчалася Рэч Паспалітая — значыць, калі думаць сімвалічна, і нейкае Вяртанне павінна пайсці адтуль, з увагай на Горадню, з яе ўдзелам. Аднавіць можна толькі там, дзе было перарвана.

 

Колькі б мы ні абжывалі Мінску, колькі б чаго не грувасцілі на постіндустрыяльнай вуліцы Кастрычніцкай — усё будзе не тое. Аўтар гэтых радкоў кажа гэта як чалавек, продкі якога па мужчынскай лініі былі менчукамі, гараджанамі, буржуазнымі месцічамі задоўга да кастрычніцкага перавароту. Таму тое-сёе маральнае права закранаць тэму — маецца.

 

Алесь Мікус. Музыка, перакладчык, публіцыст. Нарадзіўся ў 1982 годзе ў Мінску. Адукацыя: аддзяленне псіхалогіі БДУ, аспірантура АПА. Асабісты сайт: quarkmal.net.

 

Арыгінал на naviny.by