Пачаўся перыяд найбольшай актыўнасці кляшчоў: сустрэць іх можна і ў Гродне

|

Перыяд найбольшай актыўнасці кляшчоў, як правіла, доўжыцца з канца красавіка да пачатку чэрвеня, з пікам актыўнасці ў траўні. Кляшчы актыўныя цягам сутак, але ў сонечныя дні іх найбольшая агрэсіўнасць адзначаецца з 8 да 11 гадзін, у дзённы час зніжаецца і зноў узрастае з 17 да 20 гадзін вечара.

 

У Гродне ў эпідсезон вядзецца энтамалагічны маніторынг зон адпачынку і дзіцячых аздараўленчых летнікаў. Пры паступленні заяўкі на правядзенне акарыцыднай апрацоўкі тэрыторыі, спецыялісты Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі выязджаюць і апрацоўваюць небяспечныя зоны з наступным кантролем. Робіцца гэта на дагаворнай аснове (тэл. 73-44-98).

 

Колькасць людзей, што звярнуліся ў Гродне да дактароў з укусамі кляшчоў, у параўнанні з мінулым годам, не змянілася.


“За 2016 год у нас зафіксавана каля 100 выпадкаў прысмоктвання кляшчоў. Зараз пачынаецца пік актыўнасці, ім трэба напіцца крыві для размнажэння. Так што людзей з укусамі можа звярнуцца больш”, – распавядае энтамолаг Таццяна Гранкоўская.

 

Тэрыторыя Гродна не з’яўляецца прыродным месцам распаўсюджвання іксодавых кляшчоў, тут няма ўмоў для іх актыўнай жыццядзейнасці. Але іх можна сустрэць у пік актыўнасці, заходзячы ў зараснік у лясных масівах па вуліцах Томіна і Кабяка.

 

Як пазбегнуць укусу кляшча

 

Каб укусаў было менш, гараджанам варта звярнуць увагу на сродкі індывідуальнай абароны і карыстацца імі пры наведванні лясоў, незалежна ад іх тэрытарыяльнай прыналежнасці.

 

У сезон найбольшай актыўнасці кляшчоў гродзенцам прапануюць абмежаваць наведванне лесапаркавай зоны, а калі гэта немагчыма – выконваць неабходныя меры засцярогі.

 

Пры ўваходзе ў лясныя масівы трэба апранаць вопратку, якая максімальна закрывае адкрытыя ўчасткі цела; выкарыстоўваць хімічныя сродкі (рэпеленты); праз кожныя дзве гадзіны і адразу пасля выхаду з лесу праводзіць агляды адзення каб выяўляць і здымаць кляшчоў; перад прагулкай апрацаваць жывёл ахоўнымі сродкамі, пасля кожнай прагулкі старанна аглядаць хатніх жывёл.

 

Акрамя таго, неабходна змагацца з грызунамі, на якіх кормяцца кляшчы, і праводзіць добраўпарадкаванне прысядзібных участкаў, зон адпачынку, чысцячы іх ад леташняга травастою і бытавога смецця.


Што рабіць, калі вас укусіў клешч

 

Зняць кляшча можна ў бліжэйшай амбулаторна-паліклінічнай установе. Чым раней выдалены клешч, тым менш верагоднасць развіцця інфекцыі. Пасля выдалення кляшча пацярпеламу неабходна звярнуцца да ўчастковага ўрача (інфекцыяніста) у тэрытарыяльную паліклініку для правядзення прафілактычнага лячэння і ўстанаўлення медыцынскага назірання.

 

Пры самастойным выдаленні кляшча недапушчальна выкарыстоўваць тлустыя крэмы і масла. Для выдалення кляшча неабходна выкарыстоўваць нітку (яе можна звязаць у пятлю, надзець на кляшча і, разгойдваючы, акуратна выцягнуць) або распаленую іголку (кляшча паддзяваем і дастаем як стрэмку). Ранку пасля выдалення кляшча неабходна апрацаваць ёдам. Пры выпадковым раздушваннi кляшча неабходна неадкладна вымыць рукі з мылам.

 

На платнай аснове Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі праводзіць ідэнтыфікацыю знятых з людзей кляшчоў для наступнага вызначэння наяўнасці ўзбуджальнікаў лайм-барэліёзу.